Пано і мазаікі Менска

Лікі касманаўтаў, маці-гераінь і вобразы светлай будучыні ў смальце паціху знікаюць з вуліц Менска. Напрыканцы вясны пачалі мадэрнізаваць фасад ДК Тэкстыльшчыкаў у Лошыцы. Гэта балюча разанула па сэрцы 34mag, якое б’ецца ў такт Менску. Пакуль не позна, мы адшукалі на вуліцах і дварах сталіцы апошнія ўзоры савецкага манументальнага мастацтва.

 

 

Для таго каб зразумець кантэкст узнікнення і разбурэння сімвалаў цэлай эпохі, мы папрасілі гісторыка мастацтваў Сяргея Харэўскага адказаць на некалькі нашых пытанняў.

 

Афіцыйная ўтопія

– Пано, мазаікі і барэльефы неслі гуманістычную ідэалогію будаўніцтва светлай будучыні, справядлівага і асвечанага грамадства, – распавядае спадар Харэўскі. – У Беларусі мы перадусім гаворым пра перыяд росквіту манументальнага мастацтва ў канцы 1960-х – пачатку 1980-х. Ранейшыя, даваенныя ўзоры ацалелі ў адзінкавых выпадках, у пасляваенны перыяд люта бракавала кваліфікаваных кадраў мастакоў-манументалістаў.

У 1960-я гады разам з забаронаю архітэктурных «излишеств» рэзка выраслі аб'ёмы і маштабы будаўніцтва. Разам з тым у жыццё ўвайшла вялікая генерацыя маладых мастакоў – Міхаіл Савіцкі, Уладзімір Стальмашонак, Гаўрыла Вашчанка, Леў Гумілеўскі, Аляксандр Кішчанка, Анатоль Анікейчык, Сяргей Вакар, Мікалай Рыжанкоў. Перад творцамі стаяла задача – уславіць прагрэс і гуманізм, пафас будаўніцтва камунізму, увекавечыць вобразы народа-героя. На аб’яднаным паседжанні праўлення Саюза архітэктараў і прэзідыума Саюза мастакоў у 1973 годзе была прынятая цэлая праграма па супольнай творчасці будаўнікоў і мастакоў у Беларусі, яшчэ і з даручэннямі розным ведамствам. Сёння нам гэта падаецца фантастыкай.

Перад творцамі стаяла задача – уславіць пафас будаўніцтва камунізму, увекавечыць вобразы народа-героя.

Гэтак з’явіліся мазаічныя пано ў арыгінальных тэхніках у кінатэатрах (самыя славутыя – у «Піянеры» і «Партызане»), на фасадах Палацаў культуры, кінатэатраў, жылых дамоў. Без гэтых твораў тагачаснае савецкае будаўніцтва выглядала абсалютна лапідарна і бездапаможна ў мастацкім сэнсе ў параўнанні з дойлідствам папярэдніх эпох. Таму танней было будынкі рознага прызначэння расквечваць творамі мастацтва, чым будаваць па індывідуальных праектах і не індустрыйным спосабам.

 

Беларускі стыль

– Натуральна, беларуская школа манументальнага мастацтва ад іншых савецкіх адрознівалася моцна. Сярод іншага – страчанасцю колішніх традыцыяў. Расійскія ці, напрыклад, узбекскія калегі маглі бачыць сотні прыкладаў свайго класічнага манументальнага мастацтва, мазаікаў проста на вуліцах сваіх старых гарадоў. А ў нас стварылася наватарская школа, дзе было месца для смелых эксперыментаў і вынаходніцтва ўласных, нікім раней не бачаных формаў.

Потым – клімат. Як ні круці, нашым манументалістам даводзілася вырашаць куды больш тэхнічна складаныя праблемы, чым іх калегам з цяплейшых краёў. Да ўсяго – мастакі мусілі зважаць на светлавы рэжым нашае краіны, дзе паўгода цягнецца «шарая гадзіна». Беларускія манументалісты імкнуліся да тэматычнай разнастайнасці, пашырэння жанравых межаў, шукалі ўзаемасувязь жывапісу і скульптуры з архітэктурай. Але, як і ў любой іншай арыгінальнай нацыянальнай школе, усё перадвызначыла плеяда творцаў з адметнымі індывідуальнымі манерамі.

 

Месца ў гісторыі
 
– Я лічу, што ў Менску нельга адпраўляць «на звалку» аніводнага артэфакта, аніводнага будынка, аніводнага твора манументальнага мастацтва, – кажа Сяргей Харэўскі.
 
Насамрэч жа нешта можна перанесці, заадно адрэстаўраваўшы, напрыклад, выдатнае, унікальнае для нашай краіны пано Арцімовіча «Салідарнасць», што на Доме мод. Сёння гэта адзін з асноўных візуальных брэндаў Менска, які нязменна прыцягвае ўвагу турыстаў. Але пано стваралася ў іншай архітэктурнай і ідэйнай сітуацыі, і сёння ягоны суворы пафас і маштаб успрымаюцца амбівалентна. Таму варта прадугледзець перанос твора на іншы будынак ці ў павільён.

Без гэтых твораў тагачаснае савецкае будаўніцтва выглядала абсалютна лапідарна і бездапаможна ў мастацкім сэнсе.

Фактычна ў Беларусі ніхто не займаецца лёсам такіх будынкаў. Былі па-варварску знішчаны творы манументальнага мастацтва на Усходнім аўтавакзале, былым гатэлі «Свіслач», гатэлі «Кастрычніцкая», кінатэатры «Беларусь», у Нацыянальнай школе прыгажосці, у інтэр'еры Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (тым, што месціўся на Кастрычніцкай плошчы), зараз на ДК Тэкстыльшчыкаў. Нібыта гэтым мусіць займацца Міністэрства культуры, але аніякі закон не прадугледжвае адказнасці чыноўнікаў. Таму, хоць некаторыя з мазаік з’яўляюцца аб'ектамі культурна-гістарычнай спадчыны ў Беларусі, гэты статус не зашкодзіў ім разбурацца ды асыпацца, як пано на Юбілейнай плошчы ці на гатэлі «Турыст» (дарэчы, на яе рэстаўрацыю сродкі выдаткаваныя). Што да астатніх – то ніякай спецыяльнай праграмы няма.

 

Калекцыя ў распрацоўцы. Калі ты нешта ўспомніў – пішы ў каментах!

 

 

Ракасоўскага, 114

 

кінатэатр «Піянер» (Энгельса, 20), мазаіка «Шчаслівае дзяцінства», аўтары Яўген Зайцаў і Іван Ціханаў

 

станцыя метро «Кастрычніцкая» (пр-т Незалежнасці, 22)

 

ва ўнутраным дворыку завода ювелірных вырабаў Zorka (Старавіленская, 131)

 

кінатэатр «Салют» (Ракасоўскага, 150а)

 

пр-т Незалежнасці, 131-1, 143-1, 155-1, 82-2; мазаікі «Горад культуры», «Горад навукі», «Горад-будаўнік», «Горад-воін»; 1977-1978 гг., аўтар Аляксандр Кішчанка

 

гасцініца «Планета» (пр-т Пераможцаў, 31)

 

будынак школы №129 (Пляханава, 51)

 

Клумава 11/2

 

кінатэатр «Перамога» (Інтэрнацыянальная, 20)

 

будынак гімназіі №15 (Багдановіча, 84)

 

кінатэатр «Дом Кіно» (Талбухіна, 18)

 

Вучылішча алімпійскага рэзерву (Філімонава, 55/1)

 

Дом моды (Няміга, 8), металічны барэльеф «Салідарнасць», аўтар Анатоль Арцімовіч

 

будынак школы №127 (Берута, 12)

 

Інстытут па праектаванні прадпрыемстваў харчовай прамысловасці (Кальварыйская, 1), мазаіка «Кастрычнік», аўтар Аляксандр Кішчанка

 

пр-т Незалежнасці, 117

 

Веры Харужай, 16

 

прадпрыемства «Белэнергастрой» (Чычэрына, 19)

 

Фота by poliakowa

Дата арыгінальнай публікацыі – 14 ліпеня 2015 года

 


КАМЕНТАРЫ (1)

Андрусь
Андрусь | 5.09.2017 23:14

а як жа мазайка на ст. м. фрунзенская, а таксама панно на ст.м. Кастрычніцкая!

1 0 +1