Барная стойка, старыя канапы і тайны пакой – менская каманда bmx-эраў зрабіла «бар для сваіх» у хаце пад знос непадалёк ад Ждановічаў.
«У гэтай хаце мы доўга жылі з маёй сям’ёй, – распавядае 21-гадовы Улад, стваральнік месца. – Але пару гадоў таму ўвесь раёнчык, у тым ліку наш дом, вырашылі адправіць пад знос, каб забудаваць нейкім жылым комплексам».
Праект забудовы ўжо існуе і павінен быць здадзены недзе да 2030 года. Жыхарам далі кватэры непадалёк, але сам дом пакуль стаіць, і калі яго насамрэч разбамбяць – невядома. Таму Улад вырашыў падараваць «сямейнаму ачагу» новае жыццё. Ён з сябрамі зрабіў тут бар для сваіх з вялікай колькасцю чылаўт-зонаў і ахрысціў яго BUZZIT bar’ам (па назве сваёй каманды bmx і mtb раварыстаў).
«Атрымалася месца, куды кожны з нашых сяброў можа прыйсці і знайсці сабе справу на свой густ пасля працоўнага дня», – кажа Улад.
Улад і яго сябры прафесійна катаюцца на роварах bmx і mtb, таму на зямельным участку (зусім немаленькім, дарэчы) замест агарода першай справай выкапалі пул для трэніровак: «На тое, каб пул адпавядаў усім нашым патрабаванням, сышло два месяцы: трэба было выкапаць, утрамбаваць і раскатаць яго як мае быць. Цяпер тут прыемна ездзіць – на зямлю мякчэй падаць, чым на бетон, зразумела».
Каб усё было «на стылі», фасад дома было вырашана расфарбаваць – цяпер на ім графіці, якое пакрывае сцяну разам з вокнамі.
Сваё гняздзечка хлопцы пачалі рабіць тры месяцы таму. Наогул амаль усё тут зроблена з хламу: нешта пазнаходзілі на форумах кшталту «аддам дарам», нешта атрымалася адшукаць на гарышчы, тое-сёе з інтэр’еру прыцягнулі сябры. Такім чынам, увесь рамонт каштаваў хлопцам $ 100 – столькі яны патрацілі на тое, каб прыдбаць фарбу.
Яшчэ адзін пакой адышоў пад тое, каб зрабіць ідэальнае месца для чылу. Старыя фатэлі савецкіх часоў тут набываюць новы шарм, а памеры пакоя пры жаданні нават дазваляюць зладзіць невялічкую дыскатэку: «Гэта амаль адзінае недаробленае памяшканне. Плануем і тут прыладзіць паліцы, прынесці калонкі і наладзіць сувязь з тым, што грае ў бары».
Паміж барных памяшканняў ёсць маленькі пакой: канапа, піяніна і шафа. Здаецца, нічога цікавага, але, як у кіно, менавіта такія непрыкметныя маленькія пакоі захоўваюць вялікія таямніцы. Уладальнік бара расчыняе дзверы шафы, піхае сцяну і праз праём бачная яшчэ адна частка дома. Сапраўдныя дзверы ў Нарнію!
«Гэта дырэктарскі кабінет, – тлумачыць Улад. – Тут мы разам з маімі найлепшымі сябрамі вырашаем розныя пытанні. Ці гуляем у UNO». Сакрэтнае памяшканне нават мае камеру над уваходам і экран перад вачыма «дырэктараў», каб бачыць, што адбываецца звонку.
Фота by poliakowa
Легендарны менскі парфумер Уладзімір распавядае пра дух культавага рэчавага рынку «Дынама», вольныя 90-я і тое, як правільная парфума змяняе жыццё.
Гісторыя беларускай транссексуалкі Кіры, якая зрабіла аперацыю для змены полу.
Сямейныя каштоўнасці, адсутнасць феміністак і салдацікі на школьных дыскатэках. Рэпартаж з адзінай у краіне жаночай гімназіі (якая ўжо не існуе).
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.