Дастаем з нашай скарбонкі «залатых» матэрыялаў сапраўдны дыямент. Ныраем у 2013-ы год, калі стэйтмэнт быў такі: бездакорныя татуіроўкі – гэта ўжо ледзьве не пошласць. Чым горшая татуіроўка, тым яна круцейшая – прыкладна так сфармулявалі трэнд у індустрыі ўпрыгожвання свайго бясцэннага цела чатыры гады таму. У найлепшых традыцыях дайвінг-журналістыкі наша аўтарка завітала да менскага ugly-татуіроўшчыка Ромы Жукоўскага і набіла сабе пад грудзьмі «дыскету 34». Падчас сеансу Рома распавёў пра асаблівасці сваёй творчасці і новага моднага трэнду.
З графіці ў татуіроўку
Як такой аформленай дзвіжухі ugly tattoo або партак-культуры ў свеце няма. У традыцыйным разуменні партаком называюць бедную на сэнс або няўдала зробленую татуіроўку, ад якой носьбіт пакутуе да глыбокай старасці або стараецца хутка заліць яе марсіянскімі краявідамі. Часцяком так называюць турэмныя або армейскія наколкі. Ва ўсіх выпадках маецца на ўвазе татуіроўка, зробленая не ў салоне майстрам-прафесіяналам, а ва ўмовах наўмысна або выпадкова андэграўндных і непрадказальных. Наш герой – 23-гадовы Рома Жукоўскі – у хатніх умовах легалізуе плынь альтэрнатыўнай простай татуіроўкі пад лозунгам «ugly is new beautiful» і нават спрабуе зрабіць з яе культ.
Я сустракаюся з Ромам цёплым пасляпрацоўным вечарам ля станцыі метро «Парк Чалюскінцаў», дзе мы тарымся ігламі і гентаміцынавай маззю ў бліжэйшым тату-салоне і крочым углыб раёна да Ромавай кватэры. Па дарозе ён робіць нам невялічкую ўрбаністычную экскурсію па сценах навакольных дамоў і падваротняў – у мінулым Рома займаўся графіці.
«Разумееш, графіці пастаянна знішчае ЖЭС, а людзей з татуіроўкамі знішчаць неяк не камільфо. Атрымліваецца, што такім чынам я працягваю жыццё сваёй творчасці», – без ценю іроніі тлумачыць Рома падаплёку свайго партак-мастацтва. Мы заскокваем у краму па тварожныя эклеры і банку соку – і праз пару крокаў апынаемся ля ягонага дома.
«Я ненавіджу татуіроўкі, у якіх прамыя лініі і прамыя куты, бо гэта супярэчыць законам фізікі ў прыродзе»
Татухі па бартары
Рома жыве разам з жонкай у невялікай, але ўтульнай аднапакаёўцы. Сцены пакоя займаюць марскія карціны Ромавага дзядулі, якім ён вельмі ганарыцца, побач з олдскульнай вінілавай аўдыясістэмай туліцца таршэр у выглядзе Кузэна Іта, нагадваючы пра хвілінкі творчай ляноты. З першага позірку нішто не выдае Ромавай апантанасці роспісам па целе.
«Сваю першую татуіроўку я зрабіў прыкладна год таму, – распавядае Рома, адкрываючы сок. – Я напісаў у Твітэры: “Рабяты, каму зрабіць татуху бясплатна, ёў!” Адна знаёмая адразу папрасіла набіць ёй “кропку”, але я вырашыў, што гэта нізкі старт, і адмовіўся. Другая знаёмая напісала: “Давай!” – і прынесла пачку сіняга “Ўінстана” і пакецік кавы “тры ў адным”. Мы ёй намалявалі вішанькі на руцэ, падобныя на ровар. Затым быў вігвам з Прастаквашына. Ну і панеслася!»
За год Раман набіў каля 70 татуіровак і, па ягоных словах, памятае іх усе. Звычайна да яго звяртаюцца сябры, якія так прыкіпаюць да стылю майстра, што робяцца сталымі кліентамі. «Адзін мой знаёмы чэл пастаянна фоткае свае ногі, на якіх я рабіў яму татухі, – прыгадвае Рома. – У яго цэлы фотаальбом “УКантакце” ёсць, які называецца “Прыгоды маіх ног”, там нават ёсць чатыры фоткі, зробленыя ім у ванным пакоі».
Мы сядаем за кампутар, каб падабраць для мяне эскіз. Як і ў астатніх кліентаў Ромы, сакральнай матывацыі набіць сабе дыскету ў мяне няма. Рома – мой даўні сябар, таму хацелася што-небудзь ад яго і на тым месцы, дзе, як я лічу, у мяне сядзіць душа. Для пошуку патрэбнага малюнка мы ўбіваем словы floppy disk у адрасны радок Гугла і выбіраем прыдатны варыянт. «Гугл-пошук для мяне сапраўдная крыніца натхнення, – распавядае Рома. – Я заходжу ў ч/б-малюнкі і пачынаю ачмураваць, колькі скетчаў туды заліта. Часам гэта нават тармозіць мае маляўнічыя скілы. Так можна паўгадзіны пагартаць інтэрнэт і забіць усю скуру ўшчэнт. Мне падабаецца вось гэта», – паказвае ён на класічную выяву адваротнага боку дыскеты.
Акрамя свайго ўнікальнага стылю Рома мае таксама жылку бізнесмена. За свае працы ён бярэ значна менш, чым у салоне, станоўча ставіцца і да бартарнай сістэмы – за сўітшот, у які ён апрануты, Рома яшчэ будзе біць татуху. Асаблівай увагай карыстаюцца мацюкі, назвы груп рускага рэпа і карціны Дэвіда Шрыглі – іх ён набівае бясплатна. Рома прызнаецца, што часцяком сам дакалупваецца да сваіх знаёмых з прапановай зрабіць ім татуіроўку.
Прыклаўшы паперу да экрана лэптопа, мастак старанна выводзіць контуры дыскеты на эскізе. «Я не магу сказаць, што ў татуіроўшчыкаў ёсць нейкае кам’юніці, – разважае ён. – Чамусьці ў наш час людзі канкрэтна – прычым абсалютна – перасталі сябраваць. Людзі мераюцца ўсім, чым толькі можна. Я доўга тусаваўся з рэперамі, але ў рэпе толькі і робяць, што мераюцца: “Твой рэп – зусім не рэп” і ўсё такое. Няшмат ёсць татуіроўшчыкаў, з якімі я сябрую. Але ўсе яны ставяцца добразычліва да таго, што я раблю. Яны ведаюць, што я ў іх не адбяру хлеб, бо ў мяне зусім іншая ніша. У сваю чаргу я ад іх атрымліваю нейкія слушныя парады».
«У яго ёсць чужая татуіроўка на жываце ў выглядзе плямаў Роршаха, на якой хтосьці бачыць чувака з незвычайнымі рукамі, а хтосьці – самалёт або 11 верасня»
Тату як тэст Роршаха
Эскіз гатовы. Пры дапамозе адмысловай капіравальнай паперы Рома пераносіць яго на ўчастак майго цела акурат пад грудзьмі і пасля майго дазволу – «Хуяр!» – пераходзіць непасрэдна да набівання.
«Я ненавіджу татуіроўкі, у якіх прамыя лініі і прамыя куты, бо гэта супярэчыць законам фізікі ў прыродзе, – тлумачыць Рома, схіліўшыся нада мной – на здзіўленне мне зусім не балюча, хоць казалі, што месца балючае. – Я хачу, каб мае татуіроўкі рабілі кругагляд людзей шырэйшым, каб яны зрывалі забароны і бар’еры. Літаральна на днях я зразумеў, як можна выбіраць сабе майстра па татуіроўцы – па колеры валасоў. Цяпер усё адно: у які пайсці рамонт абутку, дзе купіць малако ці ў каго набіць татуіроўку, бо ў выніку будзе татуха, якую можа зрабіць любы майстар».
Апошнія штрыхі ўсё ж такі прыносяць мне трохі болю, але гэтага я і жадала. Застаецца набіць лічбы «34», і пасля абгаворвання формы і кегля яны з’яўляюцца ў кутку дыскеты. Праціраем спіртам – і гатова!
«Я не раблю спробы зрабіць прыгожую татуіроўку, – даносіць Рома сваю галоўную думку. – Для мяне чым горш, тым лепш. Калі гэта зроблена крута, тады гэта становіцца прывабным. Я бачу адну са ста татуіровак, якая мне падабаецца, і яна не прыгожая, а дзікая, дурная, незразумелая. Мяне натхняе магчымасць перанесці любы нескладаны графічны малюнак на скуру, паглядзець на гэта і адчуць эмоцыі, якія яна выклікае, прымушае ўсміхнуцца або пакруціць пальцам ля скроні».
Мы вяртаемся на кухню піць сок і есці эклеры. Татуіроўка трохі свярбіць, і я адчуваю сябе, нібы накаціла сотку. Рома называе такі стан «бадзёрыцца насуха». Сам сабе ён набіў толькі маленькае кольца на шчыкалатцы, кажа, гэта самае балючае месца. Таксама ў яго ёсць чужая татуіроўка на жываце ў выглядзе плямаў Роршаха, на якой хтосьці бачыць чувака з незвычайнымі рукамі, а хтосьці – самалёт або 11 верасня. Падаецца, так і з ягонымі працамі: для кагосьці паўстае пытанне сэнсу – «навошта такое?», а для кагосьці – жыццё як экспірыенс. Звычайна да Ромы звяртаюцца апошнія.
Фота by Караліна Палякова
Дата арыгінальнай публікацыі – 13 жніўня 2013 года
Легендарны менскі парфумер Уладзімір распавядае пра дух культавага рэчавага рынку «Дынама», вольныя 90-я і тое, як правільная парфума змяняе жыццё.
Лідар СБПЧ Кірыл Іваноў — пра людзей у правінцыі, канцэрты для аднаго чалавека і афрыканскі груў.
Сямейныя каштоўнасці, адсутнасць феміністак і салдацікі на школьных дыскатэках. Рэпартаж з адзінай у краіне жаночай гімназіі (якая ўжо не існуе).
Мы цэлы дзень пратусаваліся ў легендарным універсаме «Цэнтральны» з яго foursquare-мэрам Віцем Контарам.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (1)
чем бы дурачки не тешились, абы не плакали.