Падкаст дня: #KMWoice з размовай пра «новы Берлін»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 11.06.2020
- 6622
11 чэрвеня (сёння) у 15:00 на Radio Plato стартуе серыя падкастаў ад #KeepMinskWeird. Кожны другі чацвер, пачынаючы з гэтага дня, Людміла Пагодзіна будзе размаўляць з культурнымі абарыгенамі і гасцямі беларускай сталіцы пра Менск і Берлін, жыццё і смерць, мастацтва і рэальнасць.
Госць першага выпуску #KMWoice – галоўны герой фільма «B-Movie: Lust and Sound in West Berlin», музыка і заснавальнік лэйбла MFS Марк Рыдэр. У якасці тызера мы пераклалі вытрымку з размовы, прысвечанай вечнай тэме: «Менск – новы Берлін».
Пагодзіна: Я адна з тых людзей, якія транслююць гэтую ідэю, таму што я хачу, каб Менск стаў новым Берлінам, а не таму, што гэта ўжо адбылося. Гэта, хутчэй, абстрактная ідэя, якой мы спрабуем натхніцца.
Марк: Я думаю, што трэба ісці за гэтай марай і трансляваць гэтую думку – гэта ўжо частка шляху. Мне здаецца, у кожнага горада ёсць такі шанец, праўда, усё залежыць ад людзей, якія сапраўды гэтага хочуць і пачынаюць нешта рабіць. І з таго, што я ўжо бачыў за пяць хвілін тут, менчукі сапраўды не сядзяць склаўшы рукі. Гэта не будзе новы Берлін, гэта будзе новы Менск.
Пагодзіна: Магу канстатаваць толькі тое, што раз ты тут сядзіш, значыць, мае размовы пра Берлін на працягу некалькіх гадоў даюць сякія-такія вынікі.
Марк: Правёўшы ў Берліне даволі шмат часу, я бачыў, як тэндэнцыі прыходзяць і сыходзяць і як усё адбываецца. Усё, што мы рабілі ў 80-х, мы рабілі таму, што нам гэта было трэба, мы хацелі, каб штосьці адбылося. Мы не думалі пра тое, што хочам убачыць новую сцэну – сцэна ўзнікла сама сабой. І праз час ты ўсведамляеш, з чаго ўсё пачыналася і чым стала цяпер. Тыя ж тэндэнцыі заяўляюць пра сябе тут – усе відавочна хочуць аднаго і таго ж. Сам факт, што мы робім гэта (інтэрв'ю), нашы дзеянні – гэта спосаб даць людзям натхненне. Тыя ж самыя людзі, якія прыйдуць паглядзець на тое, што ў нас атрымалася на экране ў «B-movie», могуць пайсці далей, прыўнесці натхненне ў сваю штодзённасць тут.
Пагодзіна: Аднак гэта свайго роду паўтарэнне, як быццам цытата, таму што ўсё гэта ўжо было да нас – у тым жа Берліне.
Марк: Не-не, гэта не паўтор! Гэта, хутчэй, ідэі і ідэалогія таго, што ў нас было тады, увасобленыя ў сучасных рэаліях Менска. Я маю на ўвазе, што ў вас не з'явіцца проста копія групы Einstürzende Neubauten або Malaria. Вы робіце нешта сваё, са сваім крэатывам і ідэямі – вось што важна. Для мяне наогул заўсёды было праблемна параўноўваць, людзі любяць параўноўваць што-небудзь адно з адным, але я думаю, гэта няправільна. У кожнай з'явы ёсць свой выток, асаблівая гісторыя і ідэалагічная аснова, з якой усё пачыналася. Я думаю, трэба разглядаць яе менавіта ў кантэксце таго, дзе яна з'явілася і што сабой уяўляе. Гэта прасцей, чым быць вымушаным з чымсьці параўноўваць.
Пагодзіна: Я магу дакладна сказаць, што агульнае ў Менска з Берлінам 80-х. У нас ёсць гэтая нябачная сцяна, як быццам Усходні і Заходні Берлін існуе кожны дзень у нашым жыцці – ніколі не ведаеш, дзе ўтыкнешся ў сцяну. Мы стараемся жыць так, як мы хочам у «Заходнім Берліне», але кожны дзень нешта з «Усходняга Берліна» можа спыніць нас, абмежаваць нашы дзеянні.
Марк: У гэтым уся сутнасць – у пераадоленні гэтых перашкод. Жыццё ў Заходнім Берліне ў 80-х насамрэч не было такім ужо вясёлым. Яно пастаянна было азмрочанае некаторымі абставінамі, якія прыходзілася неяк абгульваць. Бывала, ацяпленне дома не працавала, бо ты папросту не паспяваў купіць вугалю. Гэта прымушала людзей ісці ў клубы і бары, тусавацца там, бо там было цёпла і там былі іншыя людзі, якія гэтак жа схібілі з купляй вугалю ў шэсць вечара. У гэтым і заключалася ўся весялосць, кожны дзень здаваўся асаблівым і напоўненым. Усё гэта рабілася ад нуды – ты проста не хацеў сумаваць і ты ішоў у клуб або бар, камунікаваў з людзьмі ці напіваўся, вы абмяркоўвалі ўсякае, ідэі прыходзілі ў галаву, і вы: «Так! Так! Давайце зробім гэта! Давайце зробім гэта!» Гэтыя ідэі проста ўзнікалі самі сабой, і дзякуючы таму, што ты хацеў гэтага і дзейнічаў, ты ўвасабляў іх у жыццё.
Пагодзіна: Мне добра знаёмае гэтае пачуццё. Ты ж бываў ва Усходнім Берліне?
Марк: Так! Шмат разоў. Ніхто з Заходняга Берліна не раіў мне з'ездзіць ва Усходні Берлін, а тыя нешматлікія, хто там быў, у асноўным прыязджалі наведаць сваякоў – не патусіць на вечарынках або пазнаёміцца з людзьмі. Яны ездзілі прывезці пральны парашок, каву або «колу», з'есці тварожнік, запіўшы кавай з Einsatz дома з цёткай. Ніхто з іх асабліва не сутыкаўся з субкультурай Усходняга Берліна і не меў такога жадання.
Тым не менш я адправіўся ва Усходні Берлін на другі або трэці дзень пасля прыезду ў горад – я падумаў, што трэба паглядзець, што тут наогул адбываецца. Я вырас у сацыялістычнай сям'і на перыферыі Манчэстэра, Ласбі, і я вырас на падобных ідэях. Я збіраў маркі ў дзяцінстве. На гэтых рэдкіх марках з Венгрыі або Чэхаславакіі ўсе дзеці расплываліся ў шчаслівай усмешцы. Мы жылі ў вельмі ўбогай шэрай частцы Манчэстэра, дзе ўсе страйкавалі, была куча беспрацоўных, і не было грошай. Мы глядзелі на гэтыя маркі і намаляваных на іх дзяцей з камуністычных краін – яны заўжды радаваліся і ўсміхаліся, як быццам ім там выдатна, і мы думалі, можа, там у іх нейкае лепшае жыццё... Гэта было праўда інтрыгавальна, я хацеў даведацца больш. Гэта я і зрабіў і ўсё ўбачыў.
Пагодзіна: І?
Марк: Я быў зачараваны гэтымі паралельнымі светамі па абодва бакі сцяны. Былі некаторыя агульныя рэчы, паветра, мова тая ж, у невялікай ступені нават вобраз мыслення. Але апраналіся яны мала падобна, і ў іх былі гэтыя дзіўныя маленькія машынкі – Trabant, алюмініевыя грошы і ежа, якая была даспадобы, як школьныя абеды – тыя, што я еў калісьці ў Англіі. Усё гэта было вельмі незвычайна, але я быў зачараваны навакольнай ідэяй жыцця і я быў упэўнены, што ўнутры гэтага схавана значна больш, чым на паверхні.
Прэм'еру поўнай версіі перадачы слухайце ў арыгінале на Radio Plato сёння ў 15:00. Пазней эпізод з’явіцца на падкаст-пляцоўках. Пераклад на рускую чытайце на Patreon.
Фота: Лена Катушка