Людміла Пагодзіна
- 29.03.2019
- 5765
Арганізатар і галоўны ідэолаг Keep Minsk Weird і фэстываля Rough Trade Day распавядае пра тое, як сваімі сіламі зрабіць Менск лепш.
Герaiня: Людміла Пагодзіна, 35 гадоў. Заснавальніца руху Keep Minsk Weird і серыі фестываляў Rough Trade Day.
Падтрымаць Keep Minsk Weird на Patreon
Сацсеткі:
Instagram Telegram Youtube FB VK
Who is Людміла Пагодзіна
Я – летуценнік і казачнік. Не магу падоўгу сядзець на адным месцы і займацца аднымі і тымі ж рэчамі. Калі не мяняецца форма і гэта вечарынка або фестываль, значыць, хочацца напаўняць яе новымі ідэямі і людзьмі. Калі гэта інтэрв'ю, мяняць суразмоўцаў. Калі гэта інтэрв'ю з адным і тым жа чалавекам, змяняць тэму і пункт погляду. Гэта жыццёва важна – не захрасаць на адным месцы.
Казачнік, бо ўсё, што я даведваюся ад іншых людзей, я пераказваю ў форме гісторый – праз тэксты, музыку, гутаркі, культурныя праекты. І чым больш дарослай я раблюся, тым больш скарачаецца мая аператыўная памяць, а значыць, здольнасць пераказваць факты замяняецца здольнасцю перадаваць інфармацыю з дапамогай эмоцый, вобразаў і метафар. Напэўна, таму апошнім часам я больш займаюся арганізацыяй мерапрыемстваў і ў меншай ступені – журналістыкай.
У камандзе я – дыпламат, працаголік і камандантэ. Такі ўмывальнікаў начальнік і мачалак камандзір. Рабяты да гэтага ставяцца з гумарам і павагай, я гэта цаню. А вось ужо ўнутры праекта #KeepMinskWeird я магу выкарыстоўваць усе свае звышздольнасці: як аўтар тэкстаў, фатограф, прамоўтар, прадзюсар, HR і гэтак далей.
«Я раблю пасільную працу – ствараю лепшы, на мой погляд, свет вакол сябе»
Keep Minsk Weird
Гэта каманда актыўных людзей 20-30+ гадоў, якім хочацца рабіць свой горад цікавым – перш за ўсё для саміх сябе і для сяброў. І галоўнае – не толькі хочацца, а ў нас усё для гэтага ёсць. Энергія, фантазія, галава на плячах. Калі галава з плеч спаўзае – побач сябры, якія могуць падтрымаць у цяжкую хвіліну.
Гэта больш, чым проста клуб па інтарэсах, мы адкрытыя для новых знаёмстваў – самі ходзім па гарадскіх тусоўках, прыглядаемся да ідэйных рабят і прапануем сумесныя праекты. З намі няцяжка пазнаёміцца – кожны можа запоўніць «анкету саюзніка» або напісаць нам у сацсетках, калі ёсць жаданне далучыцца. Валанцёраў мы прыцягваем да маштабных праектаў, у каманду трапляюць самыя актыўныя і адказныя, саюзнікам можа стаць кожны, хто ўжо нешта стварае ў гэтым горадзе.
Мастакі, дызайнеры, музыканты, прадзюсары, перакладчыкі, меламаны, візажысты, фатографы, IT-шнікі, маладыя лекары і настаўнікі. У нас няма забабонаў. Галоўны крытэрый – шчырае жаданне зрабіць гэты горад «weird», «дзіўным», што ў нашым выпадку трактуецца як «цікавым» у процівагу завучаным шэрым схемам, створаным як быццам не для людзей. Калі ў чалавека ёсць жаданне дапамагчы праекту, мы знойдзем яго моцныя бакі. Калі ёсць жаданне падтрымаць праект з іншага горада – мы завялі Patreon для мікраахвяраванняў.
Мы не дзіўныя ў сэнсе «не такія, як усе». Мы якраз «такія ж дзіўныя», як і любы чалавек. Таму што кожны чалавек – гэта цэлы набор адвёртак. Мы ў прынцыпе за права выказваць свае пачуцці – у вонкавым выглядзе, у самавызначэнні, у сваёй працы, у ідэях. За права знаходзіцца ва ўмовах узаемнай павагі з навакольнымі. І мяркуючы па тым, дзе мы знаходзімся цяпер, наперадзе яшчэ доўгі шлях.
Праца ў камандзе
Самае каштоўнае, чаму мяне навучыла мая каманда, – гэта дэлегаваць задачы і факусавацца на больш прыярытэтных рэчах, а не імкнуцца ўсачыць за кожнай дробяззю. Аказваецца, калі я міргну, свет не спляснецца ў тую ж секунду. А яшчэ ўменню спраўляцца з перагрузкай. Калі працы так шмат, што паветра наэлектрызоўваецца і вось ты ўжо набурчала на каго-небудзь праз нешта відавочна папраўнае. Дык вось здолець у такіх сітуацыях астыць, вярнуцца, папрасіць прабачэння і папляскаць адно аднаго па плячы. Бо мы ведаем, што робім адну вялікую справу, робім яе сваімі сіламі, і гэта бывае насамрэч цяжка.
У нас ёсць розныя праекты – усе яны нацэлены на пашырэнне аўдыторыі, але ў кожнага свая сфера інтарэсаў. Напрыклад, ёсць відавочна гікаўскія вечарыны для меламанаў. На Дзень нараджэння Іена Керціса мы чакаем людзей, якім цікавы менавіта панк і постпанк, гісторыя гэтай музыкі і атмасфера індустрыяльнай Англіі 70-х. Гэта 18+, і мы мяркуем, што людзі нешта ведаюць пра кантэкст.
«Мы не дзіўныя ў сэнсе "не такія, як усе". Мы якраз "такія ж дзіўныя", як і любы чалавек»
А ёсць фестываль «Раф Трэйд Дэй» (#RoughTradeDay), дзе ўзроставыя рамкі 0 + бясконцасць, вольны ўваход і жменя бясплатных майстар-класаў – лонгборды, паркур, ліндзі-хоп, самаабарона і арт-тэрапія. Не абавязкова падзяляць з намі музычныя густы, каб ва ўсім гэтым удзельнічаць. Ну і паколькі да кожнага фестывалю ў нас дадаецца ўсё больш саюзнікаў, а з імі – іх аўдыторыя, то наплыў новых людзей немінучы. І гэта выдатна! Пры гэтым з намі па-ранейшаму застаецца частка тых, хто хадзіў на нашы тусоўкі гадоў шэсць таму. Узяць тых жа Groove Dealers – хлопцы сабралі групу ў нас на вачах, а ў 2018-м выступілі на нашым фэсце. Усё вельмі па-сямейнаму атрымліваецца.
Я ведаю, што ў горадзе ўсё яшчэ ёсць субкультуры і актыўнасці, якія знаходзяцца ва ўтульнай ізаляцыі і да якіх мы яшчэ не дабраліся, але мы працуем над гэтым. Нас запрашаюць на Юнікон з чырвоным пакоем, які мы будавалі для вечарынкі па Твін Піксе? Мы ідзем! Клічуць выступіць на фестываль «Не вінаватая» ў падтрымку прытулку для жанчын, якія перажылі хатні гвалт? Абавязкова ідзем. Нам усё гэта цікава. У нас сапраўды велізарнае поле для дзейнасці.
«У горадзе ўсё яшчэ ёсць субкультуры, якія знаходзяцца ва ўтульнай ізаляцыі»
Rough Trade Day
Калі мы пачыналі рабіць Rough Trade Day, ніхто не планаваў яго як фестываль. Гэта была магчымасць спакойна пакруціць вініл пры святле дня. Пасля двух гадоў штотыднёвых начных вечарынак у стылі «After Every Party I Die», калі аднаўляеш сілы толькі праз суткі, паўстала патрэба паслухаць музыку пры натуральным асвятленні і ў расслабленай абстаноўцы. I паглядзець на людзей, якія да цябе прыходзяць, цвярозымі. Так мы сабраліся ў антыкафэ «Дом Фішара» ў першы раз. Ідэя зладзіць бясплатны абмен і барахолку з'явілася ўжо на гэтым фоне: у мяне было столькі лішніх рэчаў, што гэта здавалася лагічным.
Тады ў горадзе амаль не было барахолак: імі займаліся самыя адчайныя людзі, якім не хапала штотыднёвага россыпу антыкварыяту і цацак – такія матэрыялізуюцца ледзь не ў кожным раёне Берліна. У нас жа культура блышыных рынкаў за межамі «поля цудаў» так і не прыжылася. Нешта замаячыла на гарызонце, потым год-другі хайпу, і раптам ты даведаешся, што перад чарговай барахолкай людзі закупляюць вопратку на «сэкандах», каб перапрадаць. Вось гэта сапраўды дзіўна, але не крута.
На RTD6 у нас было адчуванне адзінства. Назбіралі яшчэ большую мазаіку з удзельнікаў, занялі тры заводскія цэхі «Ок16», бар і вуліцу і сталі нагадваць адзін вялікі мурашнік, дзе кожны быў галоўным на сваёй пляцоўцы. Ні за кім не трэба было сачыць – усе ведалі, што яны тут робяць. Я да гэтага часу ўсміхаюся, калі думаю пра гэта. А на салодкае – выступ Джыма Авіньёне (Neoangin). Такі кранальны і шчыры, што ў тых, хто не пайшоў на канцэрт Shortparis і вырашыў застацца гэтым вечарам у нас, вочы зіхацелі – Джым чароўны, вядома.
Першы раз я адчувала сябе шчаслівай ужо падчас фэсту, нягледзячы на суткі без сну, стомленасць і выгаранне. Аддача была такая, што мы яшчэ ноч усё дэмантавалі на адрэналіне і ніяк не маглі з'ехаць дадому. Ну, прынамсі трое з нас – самыя трывалыя мурашы.
Тры рэчы, якія трэба трымаць у галаве, каб арганізаваць добрае мерапрыемства ў Менску
Гледзячы што лічыць паказчыкам добрага мерапрыемствы. Напрыклад, не рабіць у мінус і заставацца задаволенай праведзенай працай. Два простыя прынцыпы. І тры простыя правілы: пераканацца ў адэкватнасці людзей, з якімі працуеш. Не ставіць перад сабой больш задач, чым можаш выканаць за адзін раз. Не ісці на кампраміс з сумленнем. Гэта агульныя словы, але гэта насамрэч важна.
Чаму падкасты – гэта будучыня
З дапамогай падкастаў мы якраз ловім тых, хто трапляе ў Менск звонку. Саджаем іх у крэсла насупраць – і давай распытваць пра жыццё і смяяцца. Так да нас ужо трапілі героі нашых меламанскі сноў – Марк Рыдэр (B-Movie: Lust & Sound of West Berlin), Ёнас Поппе (Kissogram, Oum Shatt), Марцін Уолш (Inspiral Carpets) і Суперказлы. Для мяне ў гэтай справе галоўнае – мінімум фармальнасцяў. Мы нікога сілай і хітрасцю да сабе не заваблівалі, таму давер і імправізацыя ў нас за галоўных.
Насамрэч пачалі мы гэтую гісторыю два гады таму. Апрабавалі на родных і блізкіх – Воўка Плюмбум (NABR), Янкойць, Ілля Чарапко-Самахвалаў («Кассиопея», «Петля Пристрастия»), Антон Слепакоў («…Я и Друг мой грузовик», «Вагоновожатые»). З аднаго боку, гэта мой спосаб адысці ад журналістыкі, але не расставацца з інтэрв'ю. З іншага – гэта такая скарбніца чалавечага вопыту, які сам ідзе да нас у рукі. І мы вельмі хочам дзяліцца ім з падпісантамі. Але праз тое, што адны і тыя ж людзі (гэта значыць мы) робяць фестываль, вечарынкі, падкасты, з моманту, калі мы гэта задумалі, і да моманту, калі мы вось-вось выйдзем у эфір, прайшло так шмат часу, што падкасты зноў увайшлі ў моду. Мы на гэта не спадзяваліся, але нас гэта цалкам задавальняе.
«Аддача была такая, што мы яшчэ ноч усё дэмантавалі на адрэналіне і ніяк не маглі з'ехаць дадому»
Першыя нашы выпускі захоўваюцца на Mixcloud. Новыя будуць выходзіць на YouTube (відэаверсія з субцітрамі) і асноўных стрымінг-платформах. Ужо цяпер на нашым Instagram-канале можна падглядаць у прамым эфіры, калі мы запісваем новы эпізод, і задаваць пытанні гасцям.
Менск-2019
Прыемна гэта казаць, але горад цяпер мяняецца кожны месяц. Кожны тыдзень я выяўляю ў сетцы новую гарадскую актыўнасць. Для мяне гэта сігнал таго, што людзі прынялі няпросты факт: годзе чакаць, што нехта іншы паклапоціцца пра нас, час дзейнічаць самастойна. З апошняга мяне парадавалі бясплатныя лекцыі па псіхалогіі «Горш не будзе» і ініцыятыва «Dyslexia Belarus». А з кожным днём іх становіцца ўсё больш, і ўсе яны важныя. Я не ведаю, якім менавіта горад будзе да канца 2019 года, але з задавальненнем буду назіраць за яго развіццём. Калі ласка, не спыняйцеся.
Фота: Anthony Shkraba