Біцца, каб праверыць сябе. Біцца, каб успомніць, што ты мужчына. Біцца дзеля самой бойкі. Кантрыбутар 34mag сустрэўся з беларускімі дзецьмі Тайлера Дэрдэна, каб праліць крыху маладой крыві і пагутарыць па-мужчынску.
«Сустрэча пройдзе ў нядзелю а 14:00 на станцыі метро “Магілёўская”. Пры сабе мець баксёрскія бінты, капу, ваду, зменнае адзенне і абутак», – чытаю аскетычны спіс спартовага інвентару для бойкі ад Ксандзера, галоўнага арганізатара менскага Fight Сlub.
Беларускія дзеці Тайлера Дэрдэна і да брутальных паведамленняў выклікалі ў мяне занепакоенасць. На просьбу сустрэцца для інтэрв’ю яны прапанавалі прыйсці проста на месца падзей, а потым дадалі: «Пачатковец павінен прыняць бойку». Я згадзіўся і адразу прыгадаў, што біўся апошні раз гадоў пяць таму, калі не лічыць бойкай уцёкі ад беларускіх амапаўцаў 19 снежня.
«Яны б’юцца і не адчуваюць, што ў іх нешта зламана або разбіта»
А 14:00 у нядзелю выходжу на «Магілёўскай». На платформе ўжо стаяць 12 хлопцаў са спартовымі торбамі. На першы погляд яны нагадваюць «невядомых у цывільным», якія працавалі на маўклівых рэвалюцыях улетку. 23-гадовы інжынер з МАЗа Ксандзер выкрывае мой снабізм: «Прыходзіць пераважна моладзь ад 18 да 28 гадоў. Большасць – студэнты і людзі з вышэйшай адукацыяй. Улетку б’юцца 10–20 чалавек, зімой менш. Бывае, зазірае і пралетарыят, але “белых каўнерыкаў” нашмат больш. Дзядзька Вася, які бухае з пятніцы да панядзелка, а ў астатні час працуе на заводзе, прыходзіць рэдка. Напэўна, ён на лавачцы ў двары часцей за нас арганізоўвае байцоўскія клубы».
«Пачатковец павінен прыняць бойку»
Выходзім з метро. Мінаем ідылічны восеньскі лес і закінуты завод, дзе хлопцы б’юць адзін аднаму твары зімой, даходзім да футбольнага поля, якое і будзе нашай гладыятарскай арэнай. Пакуль удзельнікі пачынаюць пераапранацца і намотваць бінты на кулакі, цікаўлюся: «А да крыві часцяком даходзіць?». «Вядома», – падбадзёрвае Ксандзер.
На маё пытанне пра траўматызм у іх незвычайным гуртку інтэлігентны Ксандзер адказвае ўнікліва: «У хлопца была шчыліна асабовай косткі, у мяне быў пералом нагі, аднойчы камусьці руку зламалі. Большасць сур’ёзных траўмаў у людзей, якія даўно займаюцца адзінаборствамі. Яны б’юцца і не адчуваюць, што ў іх нешта зламана або разбіта. Шмат адрэналіну ў крыві, дый да болю прызвычаіліся. У простых хлопцаў усё абмяжоўваецца пабітым носам або вуснамі, сінякамі. Наогул усё індывідуальна: адзін пяць хвілін махае рукамі і ніводнай драпіны, а другога варта зачапіць – адразу кроў ракой».
«Правілаў амаль няма, хіба што раяць "не вырываць вочы, не біць у кадык і пах"»
«Асноўная наша ідэя – забіць страх»
Пад размовы пра нажы і вазелін арганізатары абвяшчаюць правілы і размяркоўваюць тых, хто прыйшоў, па парах. Біцца будзем адзін на адзін, без абмежаванняў па часе, але бойку магчыма перапыніць хоць словам, хоць рухам. Высветліўшы байцоўскі досвед і вагу адзін аднаго, разбіваемся на прыкладна аднолькавыя па моцы двойкі. Правілаў амаль няма, хіба што раяць «не вырываць вочы, не біць у кадык і пах». Становімся пасярод футбольнага поля, а ў цэнтр для прамовы, нібы герой Брэда Піта, выходзіць Ксандзер. Ва ўсім адчуваецца нябачная прысутнасць Паланіка: «пачатковец павінен прыняць бой» і «ваш галоўны вораг – вашыя ўласныя страхі».
Сам Ксандзер кажа, што паглядзеў знакаміты фільм ужо пасля таго, як першы раз пабіўся ў 2008 годзе, калі беларускі файтклаб толькі ствараўся. Дый якіх-небудзь палітычных мэтаў айчынны брат спараджэння Тайлера Дэрдэна не мае. «Мы па-за палітыкай, рэлігіяй, нацыянальнымі канфліктамі. Лічым, што чалавек павінен спачатку змяніць сябе і сваё асяроддзе, а ўжо потым брацца за вялікія справы», – дзеліцца няхітрай жыццёвай мудрасцю Ксандзер.
У цэнтр кола выходзяць Ксандзер ды цыбаты пачатковец, і пад хвацкае «давай», «бі збоку» і «трымайся» праліваецца першая кроў з носу неафіта. Хлопцы махаюць рукамі і нагамі, праводзяць захопы і валяюцца ў клубах пылу, і гэта той самы выпадак, калі падзеі, што адбываюцца, не проста нагадваюць вулічную бойку, а гэтай самай бойкай і ёсць. «Хопіць!» – крыкнуў цыбаты хлопец з пабітым носам, і ўсе раптам пачалі пляскаць у далоні. Такі тут кодэкс гонару і такая філасофія: няма ніякіх пераможцаў.
«У нас тут не як у фільме, – кажа Ксандзер. – Мы самаразбурэнне не лічым мэтай. Асноўная наша ідэя – забіць страх. Чалавек ніколі не біўся, баіцца за ўсё, а ў нас тут ён можа перамагчы свае комплексы. Карацей, ты б’ешся з самім сабой».
Перамагчы свае страхі і комплексы ў «байцоўскі клуб» прыходзілі і спецназаўцы, і вэдэвэшнікі, і футбольныя фанаты. Тут радыя ўсім, каму давялося нарадзіцца мужчынам і хто мае больш за 18 гадоў. Жаночыя баі ў клубе не праводзіліся, хаця ахвотныя былі. «Дзяўчыны, прафесійныя спартсменкі, тэлефанавалі і прасілі паўдзельнічаць. Мы супраць гэтага. Дзяўчыны – далікатныя і мілыя істоты. Лепш няхай стрып-пластыкай займаюцца. Здольнасць прыгожа распранацца дасць дзяўчыне больш, чым здольнасць біць у горла», – дэманструе патрыярхальны погляд на праблему Ксандзер.
«Я ўсіх сваіх першых памятаю»
Мая бойка – трэцяя па ліку. Супернік – моцны, жылісты хлопец інтэлігентнага выгляду. Яго ўсе ведаюць, з чаго раблю выснову, што ён тут часты госць. Перад бойкай апанент дае сяброўскую параду: «Ты б размяў косці!». «Я гатовы, не турбуйся», – хлушу я.
Спачатку мне здавалася, што будзе складана ўдарыць невядомага чалавека, які ніяк мяне не пакрыўдзіў. Але калі праз дзве секунды я злавіў шчакою яго кулак, у галаве гучала ўжо толькі адна думка: «Заб'ю гадзіну!». Далейшыя падзеі прыгадваюцца як шэраг кадраў. Вось мы лупім адзін аднаго рукамі, вось ён трапляе мне ў скронь, а я яму ў вока. Вось адбываецца першае знаёмства маіх вуснаў з яго каленам. Саланаваты, як мае быць, прысмак крыві. Вось, адбіваючыся, я ірву яму майку. Вось мой нос сустракаецца з яго каленам. Яшчэ ўдар. Кроў з носа. Хопіць.
«Ты б’ешся з самім сабой»
Кроў ідзе з вуснаў і носа. Нягледзячы на гэта, дыхаецца прыемна і ўпэўнена. Эйфарыяй мой стан не назавеш, але адрэналіну дастаткова. Пакуль на арэне высвятляюць адносіны астатнія пары, іншыя ўдзельнікі «файтклабу» размаўляюць пра надвор’е і апошнія навіны. Ксандзер кажа мне пра ролю першага суперніка ў жыцці мужчыны: «Пасля першых баёў адзін на адзін паміж людзьмі ўзнікае сімпатыя, лірычная нотка. Я ўсіх сваіх першых памятаю».
…Кампаніяй пабітых, але задаволеных хлопцаў праходзім паўз нейкі загон, у якім натоўп бабулек танчыць вальс. У іх свой спосаб атрымаць адрэналін. Мой спарынг-партнёр падбадзёрвае мяне і тлумачыць, чаму ходзіць на «байцоўскі клуб» ужо год: «Чалавек у жыцці імкнецца да спакою, каб канапа і тэлевізар, а клуб дапамагае ўзварухнуцца, зразумець, што ты яшчэ жывы і яшчэ мужчына. Бо што ты можаш ведаць пра сябе, калі ніколі не біўся?»
Як наша аўтарка ў якасці перакладчыцы амаль тыдзень пратусіла з легендай – спадаром Эніё Марыконэ.
Сямейныя каштоўнасці, адсутнасць феміністак і салдацікі на школьных дыскатэках. Рэпартаж з адзінай у краіне жаночай гімназіі (якая ўжо не існуе).
Кантрыбутарку 34mag звязалі і падвесілі пад столлю ў аўтамайстэрні непадалёк ад Плошчы Перамогі.
Гісторыя беларускай транссексуалкі Кіры, якая зрабіла аперацыю для змены полу.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.