Паводле некаторых звестак, каля 1/3 насельніцтва штата Каліфорнія рэгулярна ўжывае марыхуану. Журналіст 34mag Вольга Палевікова глыбока пагрузілася ў разняволеную атмасферу Лос-Анджэлеса і ўладкавалася бартэндэрам у марыхуана-шоп. Усе асаблівасці легальнага спажывання канабісу па-каліфарнійску – у голдэн-матэрыяле 34mag 2013 года.
«Гэта outdoor ці indoor? Індыка? Бо, ведаеце, у мяне нервовасць, я не змагу заснуць ад сатывы, – кажа мне наведнік «зялёнай» аптэкі. – Шышачкі прыемна выглядаюць, так. Тады мне, калі ласка, палову унцыі Yoda’s Brain, два грамы Lost in Space на паспрабаваць, і тры грамы гашышу Jack Herer. Так, вялікі дзякуй, выдатнага дня!»
Вось ужо месяц я працую бартэндэрам ва ўзорнай аптэцы «высокай культуры абслугоўвання» ў адным з раёнаў Лос-Анджэлеса. Тут грае прыемная музыка, паўсюль стаяць камеры назірання, а траўку накладваюць у пальчатках. Праца бартэндэра заключаецца ў тым, каб яскрава давесці плюсы і мінусы кожнага гатунку, параіць неабходнае, адвесіць, запакаваць, разлічыць. Часам, як у звычайным алкабары, пагутарыць за жыццё, праявіць цікаўнасць псіхіятра і мудрасць піфіі.
За тым, што адбываецца навокал, са сцяны назірае з плакату Боб Марлі.
«Бай, маммі!» – развітваецца вялізны чорны волат з маёй паўтараметровай калегай-бландзінкай. Шопы – месцы інтымныя і невялікія, пад сотню сталых кліентаў мы ведаем пайменна.
Са мной працуюць тры рускія дзяўчынкі, дзве з іх – не спажываюць. Затое трэцяя гатуе выдатныя кексікі з анашой. У нашыя абавязкі таксама ўваходзяць уборка і разнастайныя мелкія даручэнні. «Сёння мы развешваем гаш!» – кажа мой рускі бос Іван, і я ахвотна дастаю шалі, баначкі і нажніцы. У пакоі пачынае пахнуць летнім лугам у сонечны дзень.
Але гэты хісткі вырай свабоднага доступу да марыхуаны можа ў любы момант ляснуцца. Калі звярнуцца да гісторыі, то на пачатку XX стагоддзя ў ЗША прэпараты з канопляў шырока выкарыстоўваліся для лячэння язваў і мігрэняў. Паводле легенды, з іншым якасцямі канапель амерыканцаў пазнаёмілі мексіканскія мігранты. Як бы там ні было, у 1937 годзе Сенат прымае закон, які ставіць каноплі і іх вытворныя ў адзін шэраг з цяжкімі наркотыкамі кшталту гераіну і какаіну. З тых часоў з пераменным поспехам, перамогамі і ахвярамі з абодвух бакоў цягнецца барацьба за легалізацыю канабісу.
У 18 штатах ЗША канабіс мае дэкрыміналізаваны статус. У двух штатах, Каларада і Вашынгтоне, дазволена спажываць траўку ў «рэкрэацыйных мэтах» – адпаведны закон быў прыняты 6 лістапада 2012 года. У астатніх – валоданне пэўнай колькасцю траўкі не лічыцца крымінальным злачынствам і дазволена ўжываць яе ў медыцынскіх мэтах. Пры тым на федэральным узроўні спажыванне і распаўсюд канабісу строга забароненыя. Калі DEA, агенцтва па наркотыках, захоча закрыць аптэку – шукаць прычыну доўга не спатрэбіцца.
У Каліфорніі дазволена спажываць канабіс паводле медыцынскіх паказнікаў, пры наяўнасці адпаведных дакументаў. Кропкай біфуркацыі быў 1996 год, калі прынялі Proposition 215.
Згодна з ёй, чалавек можа валодаць траўкай і набываць яе пры наяўнасці даведкі ад доктара.
Наступная важная падзея – прыняцце Senate Bill 420 у 2003 годзе, які вызначае сістэму выдачы медыцынскіх пасведчанняў і акрэслівае нормы працы адмысловых аптэк.
Цяпер у Каліфорніі можна мець не больш за 8 унцый (224 грамы) траўкі за раз ды валодаць шасцю спелымі кустамі і шасцю няспелымі. Калі ты caregiver, то бок забяспечваеш кагосьці траўкай, то норма – пяць кустоў на чалавека. «Але калі ў цябе менш за 100 кустоў, то не мае сэнсу лезці ў гэты бізнес», – аўтарытэтна заяўляе мой бос.
...Пад пякучым сонцам, +35 у цені, я брыду па вуліцы аднапавярховай эмігранцкай Амерыкі. Вось і патрэбны будынак. Высвятляецца, што «доктарская» – гэта маленькі пакойчык з кічавымі канапамі, тэлікам ды кандзёрам. У мяне просяць пашпарт і каліфарнійскае ID. Пабачыўшы дакументы, пераходзяць на рускую: «А! Як такую прыгажуню Лукашэнка адпусціў?»
Марк і Наташа пераехалі ў Штаты 20 гадоў таму і рады ўспомніць, як ім жылося пры Саветах. Я запаўняю невялікую анкетку, у тым ліку графу «Медыцынскія паказанні» – стаўлю крыжык насупраць поля «Гінекалагічныя расстройствы: цяжкі ПМС і колікі».
Іншыя папулярныя дыягназы – бессань, трывожнасць, мігрэнь, болі. Ветлівая доктарка на абцасах у цывільным хуценька праглядае анкету, я здаю грошы ($ 31) – і вось на руках пасведчанне, якому пазайздросцілі б многія мае знаёмыя. Цяпер я магу ўжываць цалкам легальна. «Не, цяпер няшмат народу прыходзіць, – тлумачыць доктар Марк, – недзе 20–30 чалавек на дзень. Зразумела, месца новае». Адразу на выхадзе – смоўк-шоп і аптэка, гэткі 3-у-1. Усё належыць рускім.
Дарэчы, вялікая, калі не большая частка аптэк належыць рускім. Далей ідуць габрэі, армяне, амерыканцы. «Гэта бізнес высокай рызыкі, – тлумачыць мне Іван, уладальнік «зялёнай» аптэкі. – Юрыдычны статус прадпрыемства быў і ёсць хісткі, а эканамічныя перспектывы – невыразныя. Першымі ў гэтую галіну рушылі рускія ды габрэі, бо яны стагоддзямі загартаваныя непрыдатнымі ўмовамі».
«Залатая эра» аптэк пачалася ў 2007 годзе. Калі да 2007-га іх налічвалася 135, то цяпер – больш за тысячу. Прыбыткі тых першых аптэк былі касмічных памераў, старажылы сцвярджаюць, што ўладальнікі мелі па $ 100 тыс. «чыстымі» на месяц. Аднак з развіццём рынку і канкурэнцыі кошты і прыбыткі супакоіліся, і цяпер тэаратычнаму рабаўніку больш выгадна зазірнуць на суседнюю запраўку.
Іншая асаблівасць бізнесу – непрадказальнасць цыклаў паступлення тавару. «Пастаўшчык прыносіць табе тое, што мае, твая справа – браць або не браць, – тлумачыць Іван. – І ўсё па знаёмстве, па знаёмстве. Калі ты ніколі не варыўся ў гэтай справе і вырашыў проста так сунуцца – хер у цябе што атрымаецца». Сам Іван некалькі гадоў працаваў у іншай рускай аптэцы, паступова абрастаючы ведамі і сувязямі.
Як і ва ўсякай іншай нармальнай справе, інфраструктура спажывання таксама развіваецца. З’явіліся спецыяльныя сайты, кшталту Weedmaps, дзе можна пакінуць водгук на працу аптэк, знайсці бліжэйшы шоп, доктара або адмысловы гатунак. Існуюць дадаткі для Apple і Android. Гэта не кажучы пра сотні сайтаў аб тым, як вырошчваць, гатаваць і спажываць марыхуану. Існуе нават Інстытут канабісу, дзе рыхтуюць марыхуаназнаўцаў.
Праца ў «зялёнай» аптэцы замяняе любыя кніжкі, фільмы і нават некалькі курсаў псіхфаку. Публіка даволі стракатая. 60 % мужчын, 40 % жанчын. Трапляюцца мантажоры і рэжысёры буйных студый, сацыяльныя супрацоўнікі, памочнікі адвакатаў і адвакаты, дактары, настаўнікі малодшых класаў, танцоры, ахоўнікі супермаркетаў RadioShack, студэнты, беспрацоўныя, бізнесмены і бізнесвумены, хворыя і проста стомленыя людзі. «Першы раз мяне пачаставаў кексікамі з траўкай мой дзядуля на маё 11-годдзе, – распавядае адданы кліент Шон. – Рэч у тым, што ў мяне эпілепсія. І з дапамогай траўкі колькасць прыступаў удалося знізіць са 100 да 10 на год».
Шмат хто здымае хранічныя болі пасля аўтаздарэнняў. Хтосьці есць цукеркі з канабісам, каб змагацца з бессанню. Хтосьці – каб змагацца з невыноснай цяжкасцю быцця.
Сярод наведнікаў часам трапляюцца і мудакі, адмыслова для якіх вісіць таблічка: «We reserve the right to refuse service to anyone». Аднак Джа ім суддзя.
Ці доўга яшчэ будзе гэтая вольніца, не зусім зразумела. Канабісаабарот рэгулюецца вялікай колькасцю актаў, прапановаў, прадпісанняў, паперак і паперачак. Зусім нядаўна, 31 мая 2013 года, падчас чарговага галасавання ў мясцовым парламенце была прынятая прапанова аб скарачэнні колькасці аптэк у Лос-Анджэлесе да лічбы 135 – тых самых першых, што існавалі да 2007 года.
P.S. Усім зацікаўленным раім паглядзець дакументальную стужку Business behind getting high
Траўка бывае трох відаў: індыка, сатыва і гібрыдная. Індыка супакойвае; сатыва, наадварот, бадзёрыць і патрабуе дзвіжу; гібрыды маюць уласцівасці абедзвюх разнавіднасцяў.
Самая моцная трава пазначаецца OG (original gangster або ocean growth), звычайна гэта індыка. Траўка бывае outdoor – калі насенне проста кінулі на градкі, indoor – вырашчаная ў памяшканні, больш якасная і дарагая, або greenhouse – вырашчаная ў цяпліцы.
Разлік тавару ідзе па унцыях. Адна унцыя – 28 грамаў. Бяруць звычайна адну восьмую (1/8, eighth), адну чацвёртую (1/4, quarter), палову унцыі (1/2, half). Канцэнтраты ідуць па грамах, снэкі – паштучна. Кошты розныя, можна знайсці 1/8 за $ 15 або $ 75, унцыю ад $ 100 да $ 400. З’есці можна што заўгодна: бываюць кексы, браўні, снікерсы, поп-корн, содавая, ледзяшы і г.д.
Дата арыгінальнай публікацыі – 17 лiпня 2013 года
Тэхніка, алкаголь, лекі, прадукты – высвятляем, якія рэчы і як часта можна вазіць праз мяжу Беларусі.
34mag спусціўся ў падземны пераход на Якуба Коласа, каб пагандляваць сваім мерчам ды пазбіраць гісторыі людзей, якія зарабляюць там на жыццё.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.