Makeout шукае крэатыўных лідараў сярод ЛГБТ+ людзей
- Рубрыка: УЛОЎ
- 06.08.2018
- 9706
Беларускі праект пра гендар і сэксуальнасць Makeout прымае заяўкі на праграму крэатыўнага лідарства Outloud для людзей ЛГБТ+.
Outloud пазіцыянуецца як пляцоўка для сумеснай працы над стварэннем актыўнай грамадзянскай супольнасці. Крэатыўнае лідарства разумеецца тут як магчымасць «заставацца сабой у любых сітуацыях, мяняць сваё жыццё і ствараць новыя інструменты для пазітыўных сацыяльных змен».
Каманда Makeout спадзяецца, што праграма дасць удзельнікам(-цам) не толькі новыя веды і навыкі, але і прастору для сумеснай творчасці, пошуку і развіцця. Таксама Outloud прэтэндуе на тое, каб стаць месцам, дзе можна знайсці аднадумцаў(-ак).
Як тут разумеецца ЛГБТ+? «Мы вызначаем сваю ідэнтычнасць па-рознаму і выкарыстоўваем для сябе розныя словы. Гэта можа тычыцца нашага полу, гендару, сэксуальнасці. Гэта таксама можа тычыцца ўсякага вопыту, у якім мы адчуваем складанасць вызначаць сябе, сваю любоў і жыццё, – тлумачаць на сайце праекта. – Калі справа тычыцца гендарнай ідэнтычнасці і сэксуальнай арыентацыі, мы ўпэўненыя, што людзі самі ведаюць, хто яны. Мы не “гендарная паліцыя”, каб пытацца пра тваю ідэнтычнасць».
Сустрэчы наваспечаных актывістаў(-ак) будуць праходзіць у Менску раз на месяц, у суботу-нядзелю з верасня 2018 года па травень 2019-га. На ўсіх сустрэчах будуць нечым карміць і паіць гарбаткай.
Удзел у праграме бясплатны. Паўдзельнічаць змогуць 30 чалавек максімум. Заяўкі прымаюць да 20 жніўня 2018 года ўключна. Outloud адкрыты для людзей з усіх рэгіёнаў Беларусі. Тым, хто не з Менску, дапамогуць з транспартам і начлегам. Падавацца трэба тут.