У Берліне ладзіцца фотавыстава са здымкамі дзядулі і ўнучкі – Яўгена і Яны Казюляў

З 14 па 20 сакавіка ў Берліне пройдзе выстава «ORIGINS», на якой будуць прадстаўленыя здымкі дзядулі і ўнучкі – Яўгена і Яны Казюляў.

«Гэтая выстава дэманструе глыбокую сувязь паміж пакаленнямі, прыналежнасць да месца, дзе мы нарадзіліся, настальгію, любоў, якая не мае межаў, і надзею», – паведамляе арт-пляцоўка ў інстаграме.

Яўген Казюля (1936–2014) – класік беларускай фатаграфіі, якога вельмі цікавіла жыццё беларускай вёскі і характары «людзей зямлі». Яўген здымаў пейзажы, вясковы побыт рамеснікаў, майстроў, вясковых рабочых, і  яго героі ды гераіні адказвалі на яго павагу гасціннасцю і добразычлівасцю. Фатограф быў упэўнены, што не мае значэння, у якім пакаленні, але ўсе мы родам ад зямлі, гэта закладзена ў нашых генах.

Яна Казюля нарадзілася ў 1990 годзе. Яна жыла ў атачэнні фатаграфіі і вельмі любіла, калі дзядуля дазваляў ёй завітваць у сакрэтны пакой з чырвоным святлом, дзе адбывалася магія з’яўлення здымкаў, але сама ўзяла камеру ў рукі ўжо пасля смерці дзядулі, пераехаўшы ў Берлін.

 

 

Калі Яўген здымаў сваю радзіму і яе насельнікаў, то яго ўнучка вандруе па свеце, фатаграфуючы акіяны, пустыні, джунглі і сляды старажытных цывілізацый. Сумуючы па Беларусі, Яна знаходзіць у іншых частках планеты матывы, якія нагадваюць пра родную краіну і цесна пераклікаюцца з матывамі фатаграфій яе дзядулі. Такія вось пранікнёныя пакаленніцкія перазовы.

 Дзе:  Supalife Kiosk, Raumerstraße 40.

 Калі:  з 14 па 20 сакавіка, урачыстае адкрыццё – 15 сакавіка ў 18:00.

 Колькі:  уваход вольны.