У Беларусі запускаецца адукацыйны курс для прадпрымальніц Out Loud
- Рубрыка: УЛОЎ
- 22.05.2019
- 6077
Праект ProWomen.by запускае бясплатны адукацыйны курс для прадпрымальніц Out Loud. Першы варкшоп адбудзецца ўжо вось-вось – 23 чэрвеня.
Out Loud – гэта бясплатны адукацыйны курс для жанчын, якія як мінімум два гады муцяць свой бізнэс і жадаюць памножыць свае поспехі з дапамогай экспертных артыкулаў, інтэрв’ю і публічных выступаў.
Курс складаецца з 5 аднадзённых модуляў, у рамках якіх адбудзецца 10 варкшопаў. Спікеркі будуць вучыцца ўпэўнена трымацца на публіцы, эфектыўна камунікаваць са СМІ, асэнсавана фармаваць асабісты брэнд і пісаць нармалёвыя тэксты. Сярод іншага распавядуць пра анцідот да сіндрома самазванкі і пра тое, як стаць каралевай сацыяльных сетак і зоркай на ТБ. Падрабязную праграму знойдзеш тут.
За кантэнт сярод іншых адказваюць заснавальніцы PR-IT-агенцтва «Огромный Потанцевал» Яна Гурская і Каця Шкор, кансультантка па прафарыентацыі Таццяна Пуцяціна, выкладчыца курса «Медыядызайн» Акадэміі крэатыўных тэхналогій Ганна Ядлоўская, дырэктарка па вучэбнай рабоце IT Princess Акадэміі Валянціна Чакан.
Курс пасуе тым, хто:
Вядзе ўласны бізнэс >2 гады.
Займаецца кансалтынгам і працуе на сябе.
Гатовая дзяліцца вопытам запуску і вядзення бізнэсу.
Жадае прасоўваць сябе і сваю справу з дапамогай сваёй экспертызы.
Адчувае, што ёй не хапае бачнасці ў СМІ.
Плануе і мае магчымасць (!) рэальна наведаць усе модулі курса.
Місію курса яго стваральніцы сфармулявалі так: «Мы хочам, каб жаночыя галасы гучалі гучней. Важна, каб жаночы вопыт, ідэі і экспертыза часцей з'яўляліся ў публічнай прасторы, бо гэта ключ да разнастайнасці, цікавых дыскусій і новага погляду. Але для гэтага трэба навучыцца гучней заяўляць пра сябе».
Удзел у праграме бясплатны. Для ўдзельніц з рэгіёнаў прадугледжаная кампенсацыя выдаткаў на дарогу ў Менск і назад.
каардынатарка праекта Out Loud
«Я крыху сама сабе зайздрошчу, якім класным атрымаўся курс. Абавязкова падавайцеся, калі ў вас ёсць бізнэс. Расказвайце тым, каму можа быць цікава, запрашайце жанчын з рэгіёнаў далучыцца да нас».
Заяўкі прымаюць да 7 чэрвеня. Вынікі адбору агучаць 15 чэрвеня.