Як уладкаваны Open Muzej – грамадскі музей сучаснага мастацтва?

На стрымінгах запусціўся падкаст Open Muzej, але гэта не асобнае культурніцкае аўдыяшоу, а частка аднайменнай ініцыятывы па стварэнні адкрытага грамадскага музея сучаснага мастацтва Беларусі. 34mag распытаў датычных, што тут да чаго.

У першым выпуску падкасту Open Muzej культурніцкі актывіст Багдан Хмяльніцкі якраз гутарыць з тымі, хто ініцыявалі стварэнне грамадскага музея сучаснага мастацтва Беларусі. Сваім бачаннем філасофіі і канцэпцыі Open Muzej дзеляцца сузаснавальніцы Ambasada Kultury Валянціна Кісялёва і Ганна Чыстасердава, мастацтвазнаўца і куратарка Ірына Кон, cузаснавальнiк i галоўны рэдактар партала Kalektar Сяргей Шабохін. Суразмоўцы абмяркоўваюць, навошта Беларусі патрэбнае стварэнне музея сучаснага мастацтва сіламі арт-супольнасці і якім ён зараз уяўляецца камандзе.

 


Багдан Хмяльніцкі
культурніцкі менеджар, актывіст, перформер, аўтар падкасту ОМ 


– Гэты эпізод з’яўляецца ўводным да ўсяго сезона, на працягу якога разам з творцамі – мастакамі і мастачкамі, куратарамі і куратаркамі, супрацоўнікамі і супрацоўніцамі музеяў – мы будзем паслядоўна даследаваць ролю музеяў у падтрымцы інфраструктуры супольнасці і салідарнасці падчас вайны і міграцыі, а таксама ў рэчышчы дэкаланіяльных працэсаў. Асобна закранём праблемы стварэння матэрыяльных і нематэрыяльных калекцый, іх захавання ды архівацыі, даследаванняў у мастацтве. Пагутарым і пра поспехі ды выклікі сучасных музеяў у забеспячэнні ўдзелу кожнага і кожнай ва ўласнай дзейнасці. 

Агулам у першым сезоне плануем выхад васьмі эпізодаў падкасту ОМ з перыядычнасцю раз на два тыдні. У дадатак да гутарак з гасцямі слухачы і слухачкі таксама пачуюць даведкі пра знакавыя творы, асоб і падзеі з сусвету беларускай культуры. Да кожнага эпізоду будзем далучаць і спіс згаданых матэрыялаў, з якімі можна будзе азнаёміцца самастойна і даследаваць праблематыку падрабязней.

 

 

  Падкаст Open Muzej даступны на платформах Spotify, Yandex Music, Apple Podcasts, Google Podcasts и Castbox. Новыя эпізоды падкасту будуць выходзіць кожныя два тыдні. 

 У праекта ёсць інстаграм, дзе публікуюць тэзісы з размоў і карысныя спасылкі на дадатковыя матэрыялы.

 

 

У якіх напрамках развіваецца Open Muzej?

 


Ганна Чыстасердава
арт-менеджарка, сузаснавальніца Ambasada Kultury


– Першым крокам публічнага запуску OM стала апытанне прадстаўніц і прадстаўнікоў беларускай прафесійнай супольнасці: мы паспрабавалі вызначыць запыт у стварэнні такой інстытуцыі, найбольш актуальныя на сённяшні дзень напрамкі яе дзейнасці, патрэбы ў прафесійным развіцці, падтрымцы беларускіх актарак і актараў мастацтва ды культуры. Адно з пытанняў было: музею трэба факусавацца толькі на беларускім мастацтве або варта прэзентаваць беларускае мастацтва як частку глабальнай сістэмы? Большасць рэспандэнтаў лічаць, што беларускае мастацтва ўпісана ў глабальныя працэсы.

Другі крок – арганізацыя і правядзенне ў чэрвені 2023 года ў Інстытуце Пілецкага ў Берліне міжнароднай канферэнцыі Imagining OpenMuzej Belarus. Як узаемападтрымка фармуе супольнасці і спрыяе прафесійнай рэалізацыі і развіццю ў сферы сучаснага мастацтва? Ці магчымая ўстойлівая праца супольнасці ва ўмовах геаграфічнай размытасці? Вось толькі некаторыя пытанні, якія абмяркоўваліся падчас публічных дыскусій.

Трэці крок – запуск падкасту. Цяпер мы працуем над планам правядзення пілотнай даследчай рэзідэнцыі. 

Мы бачым развіццё ОМ як сукупнасць пералічаных вышэй працэсаў і запрашаем уключыцца ў сумесную працу ўсіх датычных.

Мяркуецца, што фінансаванне можа ўключаць розныя крыніцы: міжнародныя праграмы падтрымкі даследчых, выставачных, адукацыйных праектаў; уцягванне беларускага бізнэсу, дыяспары. Узаемадзеянне з бізнэсам можа адбывацца праз спецыяльныя праграмы і праекты, а таксама супрацоўніцтва з існымі музеямі ды інстытуцыямі. Прыватныя калекцыянеры таксама могуць зрабіць унёсак у фармаванне архіва і калекцыі музея. Вельмі важным для нас з'яўляецца ўключэнне беларускай дыяспары. Адна з ідэй – «адзін еўра ў месяц у падтрымку ОМ» – можа стаць магутным матыватарам адчуць сябе часткай працэсу, бо Open Muzej – гэта грамадскі музей.

Але падтрымка не абмяжоўваецца фінансавым удзелам. Гэта можа быць праца з дыгітальнымі прадуктамі / сайтам або анлайн-архівам, прававая падтрымка і кансультаванне, дапамога з маркетынгам і піярам, прадастаўленне прастор для працы каманды, правядзення публічных дыскусій і выстаў.

 

 

Якія задачы здольны рашыць музей без фізічнага адраса?
 


Сяргей Шабохін
мастак, сузаснавальнік і галоўны рэдактар партала Kalektar


– Прадстаўнікі і прадстаўніцы беларускай культуры цяпер рассеяныя па свеце. Гэта кардынальна іншая сістэма культуры, пры якой сеткі салідарнасці і ўзаемадзеянне ды падтрымка адно аднаго адбываюцца ў розных краінах адначасова. Сеткі ўмацоўваюцца. Ствараюцца новыя інстытуцыі, праекты і выказванні. Усе напрацоўваюць новыя прафесійныя базы кантактаў і навыкаў. Адвучваюцца ад благога, убіраюць новыя дэмакратычныя стратэгіі і падыходы. Адны яшчэ не бачныя для лакальнай супольнасці, у якую пераехалі; іншыя ўжо гучна заявілі аб сабе. Ініцыятывы накшталт OM дапамогуць узмацніць галасы нашых дыяспар і тых, хто ўнутры Беларусі, зрабіць бачнымі тэмы і тэндэнцыі, упісаць нас у іншыя кантэксты, падключыўшы такім чынам наш дыскурс да сусветнага. Цікавасць да Беларусі ўзрасла, і ў краінах, дзе асабліва моцныя дыяспары, увага да беларусаў і беларусак узмацняецца. Ніколі за мяжой не было такой колькасці беларускай культуры, як за апошнія некалькі гадоў. Усё гэта прагрэсіўныя тэндэнцыі, якія важна вылучыць і ўзмацніць.

 


Валянціна Кісялёва
дырэктарка, сузаснавальніца Аmbasada Kultury


– Сёння беларускае грамадства знаходзіцца ў рассеяным, стрэсавым стане, і нам усім, працаўнікам і працаўніцам мастацтва ды культуры, людзям са сферы бізнэсу, навукі, працоўным людзям, усім, усім неабходны пункт зборкі. Open Muzej можа стаць такім пунктам захавання, вывучэння, разумення плыняў і працэсаў у сучасным культурным полі, спрыяць выбудоўванню сувязей паміж людзьмі.

Даследаванне і збор фізічнай калекцыі зараз з'яўляецца задачай дастаткова складанай. І не ўяўляецца магчымым яе захоўванне ў якім-небудзь адным месцы. Аднак можна ўявіць захоўванне ў розных невялікіх месцах, стварэнне ОМ-пунктаў у розных краінах. Прасторавы музей з мноства частак па ўсім свеце – адлюстраванне нашай цяперашняй сітуацыі.

Канцэпцыя музея прапануецца прафесійнай супольнасці і шырокай грамадскасці для далейшага сумеснага развіцця і фармавання. Нам не патрэбны класічны музей, мы шукаем фарматы і формы сугучныя, актуальныя сённяшняму часу і нашаму ў ім быццю.

Як могуць ідэі развівацца і рэалізоўвацца калектыўна – пытанне, з якім цікава жыць, свядома ўплятаючы індывідуальны досвед і погляды ў палатно агульнага калектыўнага досведу. Наша манеўранасць – як свежае паветра ў мысленні і жыцці, натхняльны перыяд, рух ад іерархічнасці да гарызантальнасці – наша новая форма ўстойлівасці. Разам мы зможам стварыць трывалыя асновы для даследавання, асэнсавання і развіцця беларускага сучаснага мастацтва і культуры, спрыяючы ўнутранаму росту і кожнага з нас як індывіда, і грамадства ў цэлым.