10374 3

Салігорск

Калі ты яшчэ ні разу не ездзіў у Салігорск і думаць пра гэта не думаў, то пасля нашага гайду ўсё зменіцца. Дзе ты яшчэ запіліш фотасэт на фоне марсіянскіх пейзажаў, наведаеш клуб «Шансон» і пакатаешся на начным аўтобусе да руднікоў?

 

Салігорск – малады горад, які ўзнік пасля таго, як у гэтых мясцінах знайшлі калійную руду. Заклалі камень і пачалі будаваць – горад і горадаўтваральнае прадпрыемства. Адбылося гэта ў 1958-ым годзе. З таго часу няшмат змянілася: угнаенні здабываюцца, горад, як і горадаўтваральнае прадпрыемства, будуецца.

І будуецца да такой ступені, што шчыльнасць насельніцтва ў Салігорску ў два разы вышэйшая за сталіцу (і нават за Нью-Ёрк ці Баготу), а «Беларуськалій», прадпрыемства, з якога ўсё і пачалося, паводле плошчы большы за сам горад у некалькі разоў.

 

 

Салігорск – гэта Менская вобласць, да сталіцы – 136 км. Прамога цягніка няма, ёсць з дзвюма перасадкамі: гэта хоць і танна, але займае нерэальныя 8 гадзінаў. Але з Масквы, Піцеру і Віцебску даехаць можна прамым цягніком.

З Менску амаль адзіны, але надзейны варыянт – прыватныя маршруткі. Адпраўляюцца яны з некалькіх кропак гораду і ад чыгуначнага вакзалу. Ходзяць амаль кожныя паўгадзіны, кошт аднолькавы ўва ўсіх перавозчыкаў – € 4 . Паводле часу гэта не больш за 2 гадзіны. Прасі ўключыць вайфай – яго даюць пасажырам ужо некалькі гадоў, – і час пройдзе незаўважна.

Паспрабаваць можна і дзяржаўныя аўтобусы (з аўтавакзалу). Яны крыху таннейшыя, але і едуць на паўгадзіны даўжэй. Ёсць варыянты і на Blablacar, а на выездзе з Менску ў кірунку Слуцку можна стопіць. Кіроўцаў спыняецца шмат, і разлічваюць яны на суму ў два разы меншую за кошт маршруткі. Такая негалосная дамова, якою карыстаюцца сотні салігорскіх студэнтаў. Дарэчы, яны і будуць замінаць табе займацца класічным хітчхайкінгам.

Транспарт у горадзе

Паводле памеру горад як сярэдні менскі мікрараён. Выцягнуты ён уздоўж вадасховішча. Дык вось уздоўж – гэта гадзіна пешкам, а наскрозь – 25 хвілінаў.

Таму або хадзі пешкам, або (калі дазваляе надвор’е) скарыстайся пракатам ровара. У горадзе няма адмысловай роварнай сцежкі, але пракаціць можна па «сцежцы здароўя», а так роварны досвед тут найлепшы за Менск:  бардзюры ніжэйшыя, людская плыня меншая.

Яшчэ адная цікавостка – Салігорск той рэдкі горад, у якім ёсць начныя аўтобусы. Іх маршруты пралягаюць да руднікоў, таму ў цёмны час трэба пільнаваць, каб не выехаць за межы і не апынуцца за 20 км ад гораду.

Таксоўкі ў горадзе маюць фіксаваны кошт на паездку на любую адлегласць – € 2,5.

 

 

У Салігорску дзве гасцініцы і абедзве – танны варыянт начлегу: кошты на нумары пачынаюцца ад € 13. Размяшчаюцца яны ў самым цэнтры.

З «Алесі» (вул. Леніна 38) відаць цэнтральную плошчу, «Новае Палессе» (вул. Казлова 33) – адразу за ёй, у абедзвюх кошты пачынаюца ад € 13 за аднамесны нумар. Ніякіх зорак гасцініцы не маюць, але ёсць люксавыя нумары, рэстаран, вай-фай і тэлевізар. Забукаць іх праз сустветнавядомыя сэрвісы нельга, але там можна знайсці апартаменты ў арэнду. Кошты на іх пачынаюцца ад € 25, можна зняць і аграсядзібы пад горадам.

Крыху больш прапановаў мае Airbnb, сярэдні кошт кватэры на суткі – € 20–30.

Самы танны варыянт у пошуках жытла – званіць па абвестках на прыпынках або набыць газету з рэкламай.


 

 

Фаст-фуду ў Салігорску няма, а самая хуткая ежа ў «Теремъ» (вул. Казлова 43). Ён у цэнтры, ёсць гатовыя стравы і алкаголь. Вайфаю няма, плаціць карткай можна. Удзень гэта сталоўка для працаўнікоў, увечары тут у асноўным выпіваюць. Якасць ежы саступае сталічнаму «Лідо», але гэта кампенсуецца коштамі. Выпіўка каштуе крыху даражэй чымся ў крамах, а часамі той жа каньяк можна набыць нават танней праз зніжкі. Месца, паводле мясцовых мерак, прасторнае, а ўлетку столікі выстаўляюць яшчэ і на двор. Але будзь пільны – танны алкаголь цудаў з людзьмі не робіць. Працуе да 12 ночы.

«5-е Авеню» (вул. Леніна 45) – гэта вялікая піца за € 3 каля цэнтральнай плошчы. Ёсць бліны, салаты, дэсерты і алкаголь. Кошты звышбюджэтныя, аўдыторыя ўдзень сямейная, увечары – падлеткі ды моладзь. Піца лічыцца не самаю якаснай, але смачнай. Да таго ж гэта адная з самых старых прыватных установаў гораду. Ёсць вайфай, можна плаціць карткай. Працуе да 23:00, у выходныя на гадзіну пазней.

«Хет-трык» (пр. Міра 32а) – спартовы бар за 10 хвілінак пешкам ад цэнтральнага парку. Адзінае месца, дзе можна выпіць і паесці ў межах гораду да 2-ой гадзіны ночы штодня. Тут даволі разнастайнае меню, ад сушы да стэйкаў. Вячэра на 2 асобы абыдзецца € 13–15. Па буднях ёсць абедзеннае меню за € 2. Вайфай, аплата карткай і нават дастаўка ежы дадому.

Спорт-кавярня ў забаўляльным цэнтры «Павуціна» (вул. Горкага 2Б) па выходных працуе да раніцы. У нашым гайдзе яна яшчэ і таму, што, апроч ежы і выпіўкі, тут ладзяцца Quiz-спаборніцтвы.

Хочаш сталоўку? Накіроўвайся ў выканкам (вул. Казлова 35) і паабедай з салігорскімі чыноўнікамі. Такіх суадносінаў якасці/коштаў у іншых сталовых не знойдзеш. Карткай плаціць можна, з вайфаем усё зразумела, напэўна.

У Салігорску ёсць «Карона» і, адпаведна, «Амстэрдам» (вул. Заслонава 29) – адзіная сеткавая ўстанова, якую можна спаткаць і ў іншых гарадах. Калі цябе задавальняюць кошты і ежа ў Менску ці Берасці, гані сюды. Тут ты знойдзеш тое ж самае, плюс гэта адзіная кавярня, дзе дазволена паліць.

«Кофе-поинт» (вул. Леніна 35) – гарбатка і кава ў самым цэнтры Салігорску, іх лагатып амаль капіюе «Старбакс». Тут збіраюцца раварысты, ладзяцца прагляды фільмаў. Яшчэ адная іхная кавярня ёсць у гіпермаркеце «Віталюр» (вул. Кастрычніцкая 38). Смачная язмінавая гарбата каштуе € 0,5 за кубак, але яе можна набыць на вагу і з сабой – 25 г абыдуцца € 2,3.

У гандлёвым цэнтры «Радуга» (пр-т. Міра 34) ёсць адразу тры месцы – кавярня, рэстаран «Долс» і сушы-бар. Кошты ў трох установах прыкладна аднолькавыя: за вячэру з дзвюх страваў і дэсерт выкінеш каля € 15–20.

 

 

Дзень

Ужо колькі гадоў грамадскія актывісты змагаюцца з уладамі супраць знішчэння дрэваў у горадзе. Пакуль нехта канчаткова не перамог, наведвай салігорскія паркі. Перадусім «Парк чатырох стыхіяў» − рэальна крутая рэкрэацыйная зона ў самым цэнтры. На выходных тут больш людзей, чымся ў менскім парку Горкага, ёсць забавы для дзяцей, працуе фантан і часам прывозяць просценькія атракцыёны. З аднаго боку − лес, а з іншага – помнік Леніну і цэнтральная плошча. Гэты помнік – адзіная ў Салігорску гістарычна-культурная каштоўнасць. Стаў ён такім адразу пасля таго, як яго калегі ва Украіне пачалі падаць.

Ад плошчы да берагу вадасховішча 5 хвілінаў. Купацца ў ім нельга, але краявіды прыемныя. Ёсць станцыя чаўноў: € 1,5 за гадзіну каштуе арэнда катамарана ці чоўна на 2 асобы. Крыху далей ёсць адмысловы пляж, ён адасоблены і ачышчаны. І там, алілуя, можна купацца.

У горадзе ёсць кінатэатр з прыемнаю назвай «Зорка Венера» (вул. Леніна 45), кошт квітка € 2,5, краязнаўчы музей (вул. Леніна 5а) (індывідуальныя і групавыя экскурсіі) і два Палацы культуры. Сачы за афішамі – у Салігорск можна прыехаць нават на канцэрт, сюды завітваюць зоркі рэгіянальнай велічыні, ад Кіркорава да Саладухі, а 30–31 жніўня спевакі такога ж маштабу выступаюць бясплатна, бо шахцёрская сталіца святкуе Дзень гораду і Дзень шахцёра.

Раней, калі Саладуха быў нецікавы, можна было патусавацца на івэнтах суполкі «Новы час». Яны рабілі альтэрнатыўныя канцэрты, велатусоўкі, добраахвотныя суботнікі ды воркшопы. А пазамінулым летам усталявалі на беразе вадасховішча «сферычныя пакоі» для адпачынку – для людзей і ў якасці эксперыменту, ці не скрадуць. Скралі.

У звышурбанізаваным Салігорску цікава паглядзець на спалучэнне гораду і вёскі: на выходных у цэнтры ладзяцца кірмашы, па святах – народныя гулянні з шашлыкамі ды спевамі.

Прыехаць можна і на спартовыя відовішчы. Тут выступае футбольная каманда «Шахцёр» і хакейная. З назваю… «Шахцёр». У горадзе пабудаваны Лядовы палац (вул. Заслонава 25), дзе, апроч канькоў, саўны, кавярні ды спортзалу, ёсць аглядальная пляцоўка. Праўда, з яе ніхера не бачна: гандлёвы цэнтр, гіпермаркет і кавалак вакзалу. Але потым у каментах напішуць, што мы пра яе не сказалі, таму давялося згадаць.

Апроч пляцоўкі, ёсць яшчэ шанец агледзець горад з вышыні – аэрашут. 10-хвілінавы палёт абыдзецца € 20. Максімальна правесці ў паветры можна гадзіну.


Ноч

Ёсць 4 начныя клубы, адзін з іх мы раім пазбягаць – «Фэст» (пр-т. Міра 32а). Гэта месца знакамітае тым, што яшчэ 7–8 гадоў таму перад уваходам там дзяжурыў АМАП, які прывозілі з іншых гарадоў. Стала лепш, але беларускае грамадства – інертнае.

У забаўляльным цэнтры «Павуціна» (вул. Горкага 2Б), апроч музыкі, ёсць боўлінг і кавярня, а ў клубе SkyyBar (вул. Казлова 41) можна паспяваць караоке ці наведаць дыскатэку ў стылі 90-ых, якая проста паверхам ніжэй. Называецца вельмі нечакана – «Рэтра».

Уладальнікі трэцяга клубу адхрышчваюцца ад сувязяў з зонаўскаю лірыкай, але  месца мае назву «Шансон» (вул. Ленінскага камсамолу 38), і французскай музыкі там не пачуць. Размяшчаецца ён проста ў будынку вакзалу.

Кошты на алкаголь паўсюль прыкладна аднолькавыя – піва € 2 , кактэйлі ад € 3 да € 10. Уваход, як правіла, платны: € 2–3. Дысклеймер – у кожнай установе можна трапіць у бойку: еўрапейскія кошты і напоі не знішчылі правінцыйных эпасаў.

Высокія заробкі зрабілі Салігорск горадам ігравых аўтаматаў, такіх установаў тут каля пяці на 100 тыс. жыхароў. Раней было яшчэ больш. Апроч азартных гульняў, там кругласуткава прадаюць самы танны алкаголь (€ 0,7 за піва).

  Парадаксальна, але пабаў і бараў, якія б працавалі пасля 24-ай, у цэнтры няма. Іх у прынцыпе ў горадзе не больш за пяць. Гэта адная з асаблівасцяў Салігорску – маладыя людзі часта наведваюць прыдарожныя ўстановы за межамі гораду, на прылеглых да іх стаянках цэлыя тусоўкі. Бо даехаць туды можна толькі на аўтамабілі, і гэта асаблівы знак адрознення. Хочаш пранікнуцца атмасферай – едзь у «7 вятроў» (гэта выезд з гораду ў кірунку Слуцку). Плаціць карткаю можна, і вайфай ёсць. А яшчэ хот-догі ды ўсе атрыбуты прыдарожных кавярняў.

 

 

Галоўныя славутасці Салігорску – антрапагенныя ландшафты. У першую чаргу, вядома, гэта тэрыконы, тыя самыя «салігорскія горы» − адкіды ад здабычы калійных угнаенняў, іх вышыня дасягае 120 м. Яны за горадам, бліжэйшыя – за 7 км ад цэнтру. Фармальна гэта тэрыторыя «Беларуськалію», таму, каб патрапіць туды, дзе самыя лепшыя пейзажы (тыя, якія марсіянскія), − трэба парушыць закон. Хоць, як правіла, аховы там не бывае.

Кліпы, фільмы і фотасэсіі здымаюць там з афіцыйнага дазволу, які просты турыст наўрад атрымае. Гэта магла б быць самая вялікая атракцыя для гасцей Салігорску, але пакуль мясцовыя ўлады такімі катэгорыямі не думаюць, а самастойнае наведванне можа быць небяспечнае. Азёры вакол гораў насамрэч – адстойнік, набліжацца да іх нельга: вада атручаная. Ды і забірацца на горы самастойна – рызыка.

За 25 км ад Салігорску – крэйдавыя кар’еры. Гэта там робяць фотаздымкі а-ля Мальдывы. Улетку на выходных кар’еры збіраюць сотні чалавек, гэта адзін з прыкладаў канцэнтраванага беларускага «мультыкультурызму»: на адлегласці паўметра адпачываюць кампаніі з абсалютна рознымі музычнымі густамі, узростам і жыццёваю пазіцыяй, і ў розным стане алкагольнага ап’янення. Інфраструктура для адпачынку адсутнічае. Рэйсавы транспарт туды не ходзіць, кошт таксоўкі ў адзін бок – € 10–15.

У Старобіне, гэта суседні населенны пункт, працуе конная школа. Паўгадзіны вярхом абыдзецца € 5. Даехаць туды можна аўтобусам з Салігорску.

Хоць гэта і ў самім горадзе, але трапіць туды складаней, чым у Старобін ці крэйдавыя кар’еры, – гаворка пра спелеалячэбніцу. Тут дапамагаюць з хваробамі, звязанымі з лёгкімі, а мноства лячэбных палатаў змяшчаецца на глыбіні сотні метраў пад зямлёй. Кошты і чэргі вялізарныя, кажуць, толькі Мікалаю Лукашэнку атрымалася пазбегнуць і таго, і іншага.

 

Тэкст і фота by Іван і Па


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ (3)
ava

Raman Petrovich 27-05-2016, 17:04

«Рэтра» находится в центре города, там же есть и SKYY-бар (о нём не было сказано).
Ещё за городом (около 25км) есть отличная страусиная ферма (адрес вк https://vk.com/club80492915), там можно увидеть не только страусов, но и разные виды свиней, кур, кроликов, павлинов, есть даже енот, ещё там продают вещи из страусиной кожи и жира. Страусов там всего больше 100.
Ещё можно рассказать про "Тихую заводь", площадка среди леса, где можно культурно отдохнуть и пожарить шашлыки + сразу там, через забор, есть пейнтбол.
Не указан Гудзон, единственный фаст-фуд в городе. Ещё огромная строящаяся церковь, возле здания суда, как минимум выглядит она впечатляюще.

Думаю, с этими уточнениями репортаж был бы полнее.

Адказаць
ava

Ivan Romanenko 30-05-2016, 17:22

"Салігорск – малады горад, які ўзнік пасля таго, як у гэтых мясцінах знайшлі калійныя ўгнаенні. "

нашли калийную руду, а не удобрения. калийные удобрения получают из переработанной калийной руды.

Адказаць
ava

Olga Polevikova 01-06-2016, 15:58

слушна, дзякуй. выправілі.

Адказаць

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.