Афлайн-паказы «Паўночнага ззяння» адбудуцца ў Вільні, Таліне і Варшаве
- Рубрыка: УЛОЎ
- 24.10.2024
- 1142
Сёлета афлайн-паказы кінафестывалю «Паўночнае ззянне» ладзяцца не толькі ў Вільні і Таліне, але і ў Варшаве. Пляцоўкай польскага дэбюту стане культавая для кінагурманаў «Kinoteka» ў інстаграмным гмаху Палаца культуры і навукі.
Сузаснавальніца кінафестывалю Воля Чайкоўская тлумачыць пашырэнне геаграфіі наяўнасці вялікай удзячнай аўдыторыі, якую фестываль патэнцыйна можа зацікавіць. «Толькі ў Варшаве 25 тысяч беларусаў! – адзначыла Вольга. – Ну і канешне, мы разлічваем на цікаўнасць і з боку польскай і міжнароднай аўдыторыі».
Варшаўская «Kinoteka» – месца знакавае. Яна паўстала на базе трох кінатэатраў: «Młoda Gwardia» і «Przyjaźń», адкрытых у 1955 годзе, і «Wiedza», што з’явіўся на пяць гадоў пазней, але хутка заваяваў сэрцы мясцовых кінагурманаў, якія хадзілі сюды, каб паглядзець шэдэўры Федэрыка Феліні ці Карласа Сауры і паслухаць лекцыі пра кінамастацтва. Цяпер «Kinoteka» хосціць буйныя фестывалі: Millenium Docs Against Gravity, Młode Horyzonty, фестываль азіяцкага кіно Pięć Smaków, Watch Docs ды іншых. Сёлета да іх далучыцца і «Паўночнае ззянне».
У Вільні кінафэст прымае «Skalvija», у Таліне – «Apollo Kino».
Першы афлайн-паказ пройдзе ў Вільні 4 лістапада. Тут запрашаюць паглядзець медытатыўны нарвежскі док «Песні зямлі» Маргрэт Олін. Фільм дакладна ўразіць усіх, хто любіць пазаліпаць на National Geographic. Але гэты захапляльны гімн прыродзе пакажуць на вялікім экране. Да таго ж спрадусавалі яго людзі, чые імёны ўпісаныя ў гісторыю кіно залатымі літарамі: Вім Вэндэрс і Ліў Ульман.
З усёй афлайн-праграмай у Вільні можна азнаёміцца на сайце кінафестывалю.
У Таліне пакажуць фільмы з сёлетняга беларускага конкурсу. Расклад і трэйлеры – тут.
Нізку варшаўскіх кінапаказаў адкрые «Прамень» – дацкі дакументальны фільм Аляксандра Лінда пра гучны арт-скандал вакол адной інсталяцыі. У 1995 годзе мастачка Эле-Мі Эйдруп Хансэн стварыла «Скульптуру міру» ў гонар 50-й гадавіны вызвалення краіны ад нямецкай акупацыі, але на яе праект абрынуліся хвалі гневу, самой мастачцы пагражалі фізічнай расправай, а яе кар’ера пайшла пад адхон. Рэч у тым, што яе інсталяцыя ўяўляла сабой лазерны прамень даўжынёй 532 кіламетры, які злучаў 6000 існых ваенных бункераў часоў Другой сусветнай вайны: іх пабудавалі для нацыстаў дацкія рабочыя, што ёсць матэрыяльным сведчаннем супрацоўніцтва з акупантамі. Такое падсвятленне падзей не спадабалася ветэранам супраціву, СМІ і ўладам, якія падтрымлівалі імідж Даніі як нейтральнай краіны.
Афлайн-праграма ў Варшаве цалкам – па спасылцы.
Што яшчэ новага на сёлетнім фестывалі?
Да юбілейнага, дзясятага сезона фэст «Паўночнае ззянне» зрабіў рэбрэндынг: новенькае лога не толькі сімвалізуе прыгожу прыродную з’яву на небе, але і ёсць метафарай кіно як святла і надзеі ў жыцці кожнай і кожнага. У новым візуале каманда фестывалю адлюстроўвае эстэтыку скандынаўскага кіно з уласцівымі яму мінімалізмам, цеснай сувяззю з прыродай, важнымі сацыяльнымі сэнсамі, а таксама рэальнасцю, падобнай да фантазіі.
Тэмай фестывалю сёлета заяўленая «Back to the roots» – «Назад да каранёў». «Дзесяць год існавання фестывалю натхняюць азірнуцца і адрэфлексаваць, што адбылося з намі за гэты час. Без асэнсавання мінулага мы не зможам рухацца наперад. Без вяртання да каранёў – прыйсці да ідэнтычнасці, – упэўненая каманда фэсту. – Як захаваць карані, перавынайсці ідэнтычнасць і не згубіцца ў настальгіі? У нас няма дакладнага адказу. Мы прапануем кожнаму зазірнуць углыб сябе і знайсці ўласны. Пагартаць галерэю тэлефона, знайсці альбом са старымі фотаздымкамі на лецішчы, прыгадаць дзіўны бабулін выраз».
Намацаць свае карані і паразважаць над уласнай ідэнтычнасцю можна будзе з 4 па 21 лістапада падчас афлайн- і айнлайн-паказаў фестывалю кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне». Усе падрабязнасці – на сайце кінафэсту.