7 фільмаў «Паўночнага ззяння», якія не варта прапускаць

  • 09.11.2023
  • Аўтар: 34mag
  • 3336

Праграму беларускага кіно на фестывалі «Паўночнае ззянне» ты і без нашых парадаў паглядзіш, таму засяродзімся на замежных стужках, якія дакладна будуць вартыя выдаткаванага на іх часу. Хто ведае, калі атрымаецца ўбачыць іх у кінатэатры свайго горада? А тут бясплатна круцяць, да таго ж некаторыя падмацоўваюцца анлайн-сустрэчамі з тымі, хто іх стваралі.

 

«Хворая дзяўчына» | 17.11

  Падрабязнасці

 

 

Актуальнае кіно пра тое, куды ў інстаграм-эпоху заводзіць фанабэрыя, выкручаная да ўзроўню «зусім ніякіх стопаў». Сацыяльная сатыра з элементамі бодзі-хорару распавядае пра маладую барыста Сігнэ. Яна апантаная «сіндромам галоўнага героя» – лічыць сябе круцейшай за ўсіх сваіх знаёмых, а поспехі іншых выклікаюць у Сігнэ раздражненне. Каб стаць безумоўнай «галоўнай гераіняй», Сігнэ пачынае глытаць сумнеўныя пігулкі, якія паступова разбураюць яе цела. І вось так, у ролі ахвяры таямнічай хваробы, яна намагаецца адваяваць свой пышны кавалак папулярнасці.

Пра тое, як у грымёра «Хворай дзяўчыны» атрымалася зрабіць такія натуралістычныя і жудасныя язвы, ён распавядзе адмыслова для гледачоў «Паўночнага ззяння» ў дзень паказу анлайн.

 

 

***

«Апалонія, Апалонія» | 20.11

  Падрабязнасці 

 

 

Рэжысёрка Леа Глоб цягам 13 гадоў здымала мастачку Апалонію Сокал (дарэчы, паходжанне дзяўчыны – беларуска-польскае). Матэрыялу атрымалася на тысячы гадзін, і вось нарэшце Леа сабрала 116 хвілін дакументальнага партрэта дзяўчыны, якая рашуча адстойвае сваю творчую індывідуальнасць, сутыкаючыся з перадузятасцю арт-крытыкаў, але не здраджваючы сабе. Фільм з трыумфам паказалі на галоўных фэстах дакументальнага кіно – IDFA і CPH:DOX. Надышоў час і беларускім гледачам пабачыць гэты шчыры і кранальны док. Заадно можна будзе падлучыцца да гутаркі са стваральніцай фільма і яго гераіняй пра пошукі свайго «я» ў мастацтве.

 

 

***

«Двойчы каланізаваная» | 20.11

  Падрабязнасці

 

 

Тэма каланізацыі цяпер кранае беларускіх аматараў кіно ўжо не на ўзроўні «важна, але мяне не датычыцца». Таму беларусам і беларускам дакладна цікава будзе паглядзець стужку пра адвакатку і дызайнерку Айю Пітэр, якая шмат гадоў змагаецца за правы карэнных народаў Арктыкі. Сама Айю – грэнландская інуітка. Яшчэ малой яна была вымушаная з’ехаць у Данію, дзе перастала размаўляць на роднай мове і паступова губляла карані. Потым яна перабралася ў арктычную частку Канады, але і там сутыкнулася з наступствамі каланізацыі: яе сын скончыў жыццё самагубствам – як шмат хто з тамтэйшых прадстаўнікоў карэнных народаў. Гэта не зламала Айю, і яна працягвае сваю барацьбу. Гісторыя, якая і раніць, і натхняе.

 

 

***

«Апошняя вясна» | 21.11

  Падрабязнасці

 

 

Ігравы фільм, па сюжэце якога адна з гераінь пачынае ўпотай чытаць дзённік сястры – і трапляе ў прыдуманы ёй сусвет, які аказваецца куды больш прывабным, чым той, у якім мы ўсе вымушаныя бадзяцца. Экзістэнцыйная экафемінісцкая фантазія Францішкі Эліасен паўстала з яе асабістых перажыванняў: сястра рэжысёркі, як і гераіня стужкі, мае праблемы з ментальным здароўем – і тут Эліасен намагаецца пашырыць дыскурс «нармальнасці».

 

 

***

«Пасля працы» | 23.11

  Падрабязнасці

 

 

У эпоху татальнага выгарання варта прыпыніцца хоць на 82 хвіліны, каб паглядзець фільм-эксперымент пра пошук балансу паміж працай і жыццём. Рэжысёр Эрык Гандзіні падарожнічае па свеце і размаўляе з экспертамі, каб зразумець: што ўяўляе сёння канцэпцыя працы і ці вартая яна хоць нечага? У Кувейце на адну пасаду могуць прызначыць 20 чалавек; у Паўднёвай Карэі адключаюць камп’ютары а 18-й, каб супрацьстаяць перапрацоўкам; у ЗША людзі штогод адмаўляюцца ад 500 мільёнаў гадзін адпачынкаў. А тут яшчэ і штучны інтэлект дадае пытаннечкаў.

 

 

***

«Бэнд» | 24.11

  Падрабязнасці 

 

 

Стужка адгукнецца творчым людзям, якія часам адчуваюць, што іх цягнік быццам ужо адышоў, але без іх. Таксама гэта вельмі кранальная гісторыя пра сястрынства і вялікую мару. Аўльфрун, Сага і Хрэфна – 40-гадовыя сяброўкі з Рэйк'явіка, якія выступаюць у невялікіх барах як авангарднае электрапанк-трыа Post Performance Blues Band. На іх перформансы прыходзіць чалавек пятнаццаць, і творчая кар’ера нешта ніяк не страляе, а зумеры наступаюць на пяткі. Што рабіць? Замуціць сабе чэлендж «год на тое, каб стаць зоркамі, або кідаем гэта назаўжды». 

На фестывалі запланаваная анлайн-сустрэча з рэжысёркай фільма, удзельніцай гурта – Аўльфрун Ёрнаўльфсдоцір. Яна пагутарыць з беларускай арт-менеджаркай Людмілай Пагодзінай пра тое, як не здавацца, калі пачуваешся аўтсайдаркай.

 

 

***

«Сястрынства лазні па-чорнаму» | 25.11

  Падрабязнасці

 

 

Калі, як не зараз, глядзець кіно пра традыцыйную эстонскую саўну? Рэжысёрка Ганна Хінтс зрабіла імерсіўны фільм-маніфест, які праслаўляе жаночую салідарнасць і культуру саўны ў Паўночнай Еўропе. Лазенныя рытуалы жанчын з народа выру ўнесеныя ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, а кіно дазваляе гледачам зазірнуць у гэты адначасова далікатны і вельмі моцны свет. Гераіні кіно ачышчаюць цела і душу: пусціўшы пот, дзеляцца гісторыямі пра перажыты гвалт і страты блізкіх, а потым перасыпаюць жудаснае смешнай балбатнёй пра спатканні, каханне і надзею.

 

Фота на галоўнай: Apolonia, Apolonia