Call для НДА: маладыя прафесіяналы дапамогуць ведамі і імпэтам
- 01.11.2023
- 2953
1 лістапада ЕГУ запускае кол для арганізацый па супрацоўніцтве з OSUN Science Shop. Гэтая праграма дазваляе ўключыць выкладчыкаў і студэнтаў у праекты некамерцыйных арганізацый і даць ім магчымасць правесці даследаванні па сацыяльна значных пытаннях. Распавядаем, што гэта за праграма, з якім фарматам можна да яе падключыцца і як гэта зрабіць.
У чым сутнасць?
OSUN Science Shop – партнёрская праграма ЕГУ, якая працуе як фасілітатар магчымасцяў. Яна злучае студэнтаў і выкладчыкаў з арганізацыямі і актывістамі, што маюць патрэбу ў даследаванні па сваёй тэме. Так студэнты пачынаюць працаваць над практычнымі задачамі і супрацоўнічаць з сацыяльнымі партнёрамі ўніверсітэта ўжо ў час навучальнага працэсу.
Ёсць некалькі варыянтаў узаемадзеяння: праект у рамках навучальнага курса, практыка ад універсітэта, стажыроўка ў арганізацыі, а з гэтага года яшчэ і стварэнне сваёй дыпломнай работы як праекта. Для кожнага з іх абавязковым кампанентам з'яўляецца запыт арганізацыі на тэму даследавання.
Як гэта можа выглядаць на практыцы?
Ксенія Шталянкова,
менеджар праграмы OSUN Science Shop:
– Мы ствараем праектныя каманды з трох напрамкаў: з аднаго боку, гэта студэнты, з другога – выкладчыкі або навуковыя кіраўнікі, а з трэцяга – прадстаўнікі НДА. Звычайна мы адштурхоўваемся ад задач, якія ставяць перад намі грамадскія і культурныя арганізацыі, і даём выкладчыкам уключыць іх у навучальныя курсы. Атрымліваецца, студэнты, калі прыходзяць на курс, працуюць над задачай з рэальнага свету, гэта задача рэальнай арганізацыі.
Напрыклад, летась студэнты праграмы «Міжнароднае права і права ЕС» зрабілі даследаванне пра культурную спадчыну і NFT. Праект стварылі па запыце Цэнтра беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны, і спецыяльна для яго студэнты вывучалі, як можна манетызаваць культурную спадчыну ў віртуальных музеях.
Калі ж такі кампанент укараніць у курс не атрымліваецца, арганізатары праграмы ладзяць апытанне сярод студэнтаў, адкрываюць набор і звяртаюцца да сеткі кантактаў дзеячаў і партнёраў. Часам ідэі рэалізуюць як практыку ці стажыроўку. Тады студэнты прыходзяць з канкрэтнымі навыкамі і запытамі, а OSUN Science Shop звязваецца з партнёрамі ці выходзіць на новыя арганізацыі, якім гэта можа быць карысна.
Варыянт з практыкай рэалізавалі, напрыклад, сумесна з фестывалем стрыт-арту Vulica Brasil. Для праекта бакалаўры праграм «Візуальны дызайн» і «Медыя і камунікацыя» працавалі з сацсеткамі Vulica Brasil, стваралі для іх серыю публікацый пра вулічнае мастацтва і ўстойлівае развіццё.
У OSUN Science Shop уключаюцца не толькі бакалаўры, але і магістранты з розных спецыяльнасцяў. Студэнты з «Развіцця культурнай спадчыны», напрыклад, рабілі даследаванне па самым творчым раёне Вільні – Ужупісе. У выніку атрымаўся праект пра тое, як штучны інтэлект успрымае знакамітую канстытуцыю Ужупіса (гэта тая самая, дзе ёсць пункт «Чалавек мае права быць адзіным і непаўторным»).
– Студэнты гатовыя ўзаемадзейнічаць незалежна ад сваёй спецыяльнасці або ўзросту. Акрамя таго, яны гатовыя далучацца не толькі з нейкіх асабістых прычын, але і таму, што гэтыя праекты дапамагаюць ім развівацца ў полі актывізму. Я сапраўды магу гарантаваць, што студэнты – гэта ўжо маладыя прафесіяналы, якія валодаюць ведамі і кампетэнцыямі. Яны гатовыя ўключацца на валанцёрскіх асновах і, з аднаго боку, рабіць нешта карыснае для грамадзянскай супольнасці, а з другога – пачынаць уласны кар'ерны шлях.
Хто можа звярнуцца ў OSUN Science Shop?
Любая арганізацыя, якая займаецца грамадскай дзейнасцю. За рэдкім выключэннем: праграма не арыентаваная на бізнэс-кампаніі і арганізацыі, якія займаюцца лабіраваннем інтарэсаў або з'яўляюцца ўстойлівымі дзяржаўнымі структурамі. Але і тут ёсць свае нюансы.
– Летась у нас было супрацоўніцтва з прыватнай школай «Стэмбрыдж» у Вільні. Там бацькі плацяць за навучанне сваіх дзяцей, але ў школы прапісана сацыяльная місія, а ўсё, што да некамерцыйнага поля, пакідае нам прастору для супрацоўніцтва. Ці, напрыклад, мы супрацоўнічалі з Office of the Equal Opportunities Ombudsperson – літоўскай праваабарончай арганізацыяй. Яны з'яўляюцца такой, скажам, больш інспекцыйнай службай, таму падпадаюць пад крытэры праграмы. Калі б гэта быў нейкі дзяржаўны фонд, то магло б прысутнічаць лабіраванне інтарэсаў, і тады супрацоўнічаць мы не можам.
Фарматы працы – розныя: ад праектаў са штучным інтэлектам да тэатральных пастановак. Па кожнай ідэі ва ўніверсітэце індывідуальна камунікуюць з усімі яе бакамі, каб прагаварыць, чым яны могуць быць адно аднаму карысныя, і ўлічыць усе рызыкі і складанасці. Першапачаткова толькі мяркуецца, што ўсе праекты – даследвальніцкія. Аднак яны могуць уключаць у сябе даследаванне ў самым шырокім сэнсе.
– У нас студэнты тэатральнага кірунку рабілі дакументальны спектакль пра атамную электрастанцыю ў Вісагінасе. Атрымалася вельмі нечакана, бо здаецца: як гэта – тэатральная праграма і даследчы праект? Але насамрэч, каб зрабіць дакументальны спектакль, трэба правесці маштабнае даследаванне.
Гэта не адзіны прыклад: студэнты «дызайну» праводзяць даследаванне, каб разумець, які візуальны прадукт яны могуць распрацаваць, студэнты «права» праводзяць даследаванне, каб разумець, як запоўніць лакуны, што існуюць у галіне права, а студэнты «спадчыны» займаюцца не толькі праблемамі спадчыны напрамую, але, напрыклад, прасоўваннем яе ў сацыяльных сетках.
Увогуле варыянтаў процьма. Але здараецца і так, што заяўка цікавая, аднак у мадэль узаемадзеяння з сацыяльнымі партнёрамі яна не ўкладваецца. Напрыклад, летась студэнты прапаноўвалі заяўку з канферэнцыяй па правах меншасцяў, але ўстойлівых сацыяльных партнёраў у іх не было і паказаць, што канферэнцыя зроблена для дапамогі нейкай супольнасці, не атрымлівалася. У выніку задуманае рэалізавана не было. Але, магчыма, іншым разам, у новых абставінах гэтая гісторыя яшчэ адбудзецца.
Як стаць часткай праграмы?
Кожны год ЕГУ анансуе збор заявак. Звычайна ён публікуецца на сайце і ў сацыяльных сетках універсітэта. Бліжэйшы запускаецца ўжо 1 лістапада, знайсці яго можна па спасылцы. Арганізацыі і актывісты могуць звяртацца да менеджаркі OSUN Science Shop Ксеніі Шталянковай або да каардынатаркі OSUN Science Shop Наталлі Міхайлавай.