Якое кіно пакажуць на адкрыцці і закрыцці «Паўночнага ззяння»?
- Рубрыка: УЛОЎ
- 20.10.2023
- 2767
9-ы фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» адкрыецца прыгожым баёпікам пра мастачку з Фарэрскіх астравоў. Фільмам закрыцця стане дасціпнае кінаэсэ пра тое, як стваральнікі «карцінкі» кіруюць нашым успрыманнем рэальнасці.
13 лістапада пакажуць «Сэрца творцы» Марыяны Мёркёр і Байнты а Торкілсхэйдж. Гэта дакументальны партрэт любімай мастачкі Фарэрскіх астравоў – Сігрун Гунарсдоцір. Сігрун натхняецца ўсім, што яе атачае: людзьмі, птушкамі, гарамі, – а персанажы яе карцін ажываюць на экране.
26 лістапада ў анлайны дадуць фільм «І сказаў кароль: што за цуд-машына!» Акселя Даніэлсана і Максімільена Ван Эртрыка. Гэтая работа – пра два стагоддзі стасункаў чалавека і камеры, рэжысёры сабралі яе з сотняў знойдзеных у інтэрнэце матэрыялаў. Там і першая рухомая карцінка, дзе конь ляціць галопам, і гістарычныя кадры, і прапагандысцкія трукі, і хоўм-відэа, і кліпы з экшан-камер аматараў экстрэмальных забаў.
«Паўночнае ззянне» пройдзе з 13 па 26 лістапада. Глядзець кіно прапануюць бясплатна – трэба толькі зарэгістравацца. Беларускую праграму «Паўночнага ззяння» часткова можна будзе пабачыць у кінатэатрах у Таліне і Вільні.
Сёлета фэст праходзіць пад актуальным для беларусак і беларусаў слоганам «Увага адлегласць». Заснавальніца і дырэктарка «Паўночнага ззяння» Воля Чайкоўская напісала паэтычны маніфест пра тое, што «на адлегласці мы можам паспачуваць, але не можам вылечваць самыя балючыя раны».
Фота на галоўнай: Heartiat