Выйшла настолка пра беларускі Рэнесанс – «Шляхта»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 02.10.2023
- 3263
На палічцы беларускіх настолак – высакароднае папаўненне: у свет выйшла стратэгія «Шляхта» з вайбамі легендарнай даўніны і простай, але займальнай механікай.
У «Шляхту» можна гуляць як удвох, так і шчыльным колам блізкіх людзей ці новых знаёмцаў(-ак). Дзеці сярэдняга школьнага ўзросту таксама лёгка ўцягнуцца ў перыпетыі гэтага чэленджу і атрымаюць не менш (а мо і больш) за дарослых задаволення ад прапампоўвання ўласнай «шляхетнасці».
Сэнс гульні ў тым, каб развіць свайго персанажа, слушна прадумваючы кожны выбар і кожнае дзеянне. Можна прыбаўляць у розных напрамках: у вайсковым майстэрстве, дыпламатычнасці, заможнасці, рэлігійнасці, алхімічных умельствах. І разлічваць, што за стараннасць і кемлівасць твайго персанажа наведае не абы хто, VIP-персона сваіх часоў: магнат, друкар, вынаходнік, а можа, нават сама каралева.
Каб гуляць у «Шляхту», не абавязкова ведаць завароты і віражы, якія выдавала беларуская гісторыя. Але праз гульню можна крыху больш даведацца пра знакавых для Беларусі асоб. Гэтая настолка не экзамен на эрудыцыю, а магчымасць пабавіць час у своеасаблівай атмасферы беларускага «залатога веку» і адчуць, што за імёнамі Леў Сапега ці Соф’я Гальшанская – жывыя людзі са сваімі ўнікальнымі характарамі ды імкненнямі. Гэтыя імкненні маглі быць нам рэлевантныя або не, але галоўнае, што ў іх дакладна была прага да жыцця па сваіх правілах.
Правілы «Шляхты» – якія, дарэчы, прадубляваны па-ангельску –даволі простыя. Калі хто гуляў раней толькі ў «Манаполію» – і тыя дакладна зразумеюць фабулу, а праз пару кругоў распрацуюць сваю ўласную стратэгію прасоўвання на вяршыню шляхецкай піраміды.
***
Дзе шукаць «Шляхту»:
На маркетплэйсе allegro.pl
У афлайн-крамах ў Польшы (Варшава, Кракаў, Гданьск), Літве або ЗША
***
Дарэчы, у выдавецтва Gutenberg Publisher ёсць і гістарычная настолка «Бітва пад Воршай 1514», і беларуская версія гульні «Я ніколі не…» з карткамі тыпу «Я ніколі не фатаграфаваўся(-лася) у рапсе». Таксама можна закупіцца кніжкамі на беларускай мове для дзяцей і дарослых.