«Ноч музеяў» у Беларусі пройдзе анлайн
- Рубрыка: УЛОЎ
- 08.05.2020
- 6555
Упершыню ў Беларусі штогадовая міжнародная акцыя «Ноч музеяў» пройдзе 16 траўня ў анлайн-фармаце. Нацыянальны гістарычны музей, відэасэрвіс VOKA і каманда рок-фолк-оперы «Чарадзей» адаптавалі музычны спектакль для паказу ў прамым эфіры. Бясплатная трансляцыя пачнецца а 21-й гадзіне і будзе даступная для ўсіх ахвотных у любой кропцы свету.
Рок-фолк-оперу «Чарадзей» напісаў беларускі кампазітар, сцэнарыст і прадзюсар Раман Арлоў па матывах летапісных крыніц, дзе згадваецца легендарны полацкі князь Усяслаў Чарадзей. На «Ночы музеяў» нумары з яе прагучаць у акустычным выкананні. Пасля анлайн-паказу оперы трансляцыя працягнецца ўжо з дворыка Нацыянальнага гістарычнага музея, дзе адбудзецца начны канцэрт.
Прамы эфір са шматкамернай здымкай у высокай якасці будзе даступны 16 траўня ў мабільнай аплікацыі VOKA ці на сайце voka.tv з любой прылады і ў сетцы любога аператара Беларусі ды іншых краін свету без аўтарызацыі.