Куды пайсці на «Ноч музеяў» у Менску?
- 20.05.2021
- 19702
Міжнародны дзень музеяў сёлета трапіў на аўторак, таму некаторыя музеі ўжо адстраляліся на мінулых выходных. А што прапануюць менчукам і гасцям сталіцы ў суботу 22 траўня? Ёсць варыянт, дзе будзе шмат на што паглядзець, ёсць варыянт для аматараў гісторыі, а ёсць варыянт апынуцца ў новай арт-прасторы за Чырвоным касцёлам.
«Што адбылося гэтай ноччу». Палац мастацтва
Дзе: Казлова, 3
Калі: з 20:00 да 2:00
Колькі: 5 рублёў
У Палацы мастацтва скампнавалі шчыльную праграму з трох выстаў мастацтва, арт-маркета, выставы дызайнерскай мэблі, графіці-перформансу і музычнай імправізацыі. У «Арт-Беларусь» Канстанцін Селіханаў прадставіць персанальны праект «Унутраны назапашвальнік», у ZAL #2 выставяцца маладыя мастачкі і мастакі Надзея Хмыль, Лізавета Хіхлушка, Лора Паўлава, Савіч Сярожа і не толькі. У кавярні Da.Coffee Анастасія Рыдлеўская ўпершыню пакажа працы 2020-2021 гадоў.
«Ноч на фабрыцы». «Арт-Фабрыка»
Дзе: Свярдлова, 2
Калі: з 18:00 да 23:00
Колькі: free
Ад Палаца мастацтва варта дабрацца да будынка менскай Фабрыкі-кухні – тут адкрываецца новая шматфункцыянальная прастора з канферэнц-цэнтрам і арт-галерэяй. Можна прыйсці і бясплатна агледзецца. Будуць выставы і музыка, але асабліва рэкамендуем лекцыі – уласна пра Фабрыку-кухню і пра канструктывізм як стыль архітэктуры і стыль мыслення.
«Гістарычны калапс». Літаратурны музей Петруся Броўкі
Дзе: Карла Маркса, 30
Калі: з 18:00 да 23:00
Колькі: 7 рублёў ці 5 для школьнікаў і студэнтаў
Тут можа быць цікава аматарам гістарычных адкрыццяў. Гэтым разам музейшчыкі вырашылі прысвяціць «ноч» вядомаму суседу Петруся Броўкі – акадэміку Мікалаю Нікольскаму. Што даюць: лекцыі пра містэрыі ў Рымскай імперыі і беларускім фальклоры, дыскусію пра гісторыю старажытнаўсходніх грамадстваў. Таксама будуць чэлендж, гульні, квэсты. Ну і від з вокнаў гэтага музея заўсёды каштуе больш за 7 рублёў, вядома.
«МАС-КУ!». Літаратурны музей Янкі Купалы
Дзе: Янкі Купалы, 4
Калі: з 00:00 да 05:00
Колькі: 5 рублёў
Галоўная цукерка праграмы Купалаўскага музея – у тым, што ноч будзе рэальна ноччу: варушняк расцягнецца аж да пяці раніцы. Тут будуць працаваць інтэрактыўныя пляцоўкі: можна будзе зрабіць фота ў знакамітым Віленскім атэлье, праверыць свае паэтычныя здольнасці, пазнаёміцца з космасам Язэпа Драздовіча. Апоўначы стартуе квэст «МАСтацтва і КУпала». У гэтым музеі, дарэчы, актыўна нагадваюць аб неабходнасці выконваць масачны рэжым: у назве праграмы, на афішы і нават дарыць маскі абяцаюць.
Агучванне камедыі Бастара Кітана. Музей гісторыі беларускага кіно
Дзе: Свярдлова, 4
Калі: у 20:30
Колькі: 5 рублёў
Варыянт для тых, хто хоча хоць бы на гадзіну пагрузіцца ў музыку і зусім бяскрыўдны візуал. Камерны аркестр агучыць класічную нямую камедыю Бастара Кітана «Шэрлак малодшы» (1924). Ноты для гэтай гісторыі напісаў амерыканскі кампазітар, піяніст і дырыжор Стывен Прутсман.
Выстава работ Файбіша-Шрагі Царфіна. Галерэя мастацваў «Предместье»
Дзе: Інтэрнацыянальная, 25а
Калі: да 18:00
Колькі: 5 рублёў
Выстава мастака Парыжскай школы адкрыецца акурат пад «Ноч музеяў». Канешне, можна зазірнуць сюды і ў іншы дзень (яна будзе доўжыцца да 13 чэрвеня), але чаму б не прабегчыся па тусовачным зыбіцкім квартале не дзеля кактэйля, а дзеля таго, каб натхніцца колерамі Царфіна? Яны ў яго фантастычныя.
Поўная праграма «Ночы музеяў» ва ўсіх гарадах Беларусі
Фота: palasatka