«Мастацтва – гэта псіхатэрапія». Мастачка Анастасія Рыдлеўская – пра свае трывогі і сваіх Еў
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 29.01.2021
- 9707
Анастасія Рыдлеўская стварае вельмі эмацыйныя работы з сюжэтамі, якія так знаёмыя нам усім. Завіталі да Насці ў госці, каб пабалбатаць пра тое, як мастацтва дапамагае перажываць траўму, як змагацца з унутраным крытыкам і чаму мастак павінен быць шчаслівым.
Амерыка і Беларусь 2000-х
– Дзяцінства ў мяне было афігеннае. Бацькі мяне песцілі, я рабіла ўсё, што хацела. З маіх пяці да васьмі гадоў мы жылі ў Амерыцы, гэты час выпаў якраз на ўзрост, калі ты ўсё паглынаеш. Мне здавалася, што там усё каляровае і радаснае. А потым мы прыехалі сюды, і цяпер мне здаецца, што ў восем гадоў у мяне была дэпрэсія, праўда, ніхто гэтага дакладна не высветліў. Да таго часу я ніколі не бачыла панэлек, а тут убачыла – і не зразумела, чаму яны такія шэрыя.
Аднойчы мама хацела купіць мне жэлейных чарвячкоў, каб развесяліць. У Амерыцы іх прадавалі пачкамі, а тут яна папрасіла 200 грам, а жанчына на касе кажа: «А яны паштучна», – мяне гэта так ўразіла. Пасля пераезду ў мяне была нейкая дысацыяцыя рэальнасці – Амерыка і Беларусь 2000-х. Але ўсё роўна дзяцінства было вельмі шчаслівае.
Бацькі падтрымлівалі маё імкненне да мастацтва. Калі мне было гадоў 5-7, тата ладзіў мне персанальныя выставы. Ён казаў: «Я прыйду да цябе на выставу, падрыхтуй яе, калі ласка». І я ўсе малюнкі, якія за тыдзень паспявала зрабіць, развешвала па пакоі, ён прыходзіў, з вельмі сур'ёзным выглядам усё разглядаў, кожную працу хваліў, а потым казаў: «Ну, цяпер я ўсё купляю». Даваў мне троху грошай, а я думала «У мяне купляюць працы – значыць я мастак». Цяпер я так, вядома, не думаю, гэта ў дзяцінстве жыла стэрэатыпамі. Хоць калі купляюць карціны – гэта прыемны бонус.
«Нягледзячы на тое, што ў мяне вельмі змрочныя працы, мне становіцца лягчэй»
«Мастак павінен быць шчаслівым»
– У мяне надта моцная эмацыйная сувязь з працамі, асабліва ў першы час, калі я іх толькі скончыла. Хочацца, каб карціны проста стаялі дома, хоць і месца ўжо няма. Потым, вядома, я іх прадаю, асабліва калі працы людзям вельмі падабаюцца. Прыемна, калі карціна знаходзіць дом, у якім яе цэняць і ставяцца да яе па-добраму.
Мастак не павінен быць галодным. Мне наогул не падабаецца гэты рамантызаваны вобраз пакутніка. Нядаўна натыкнулася на кнігу Лінча і згодная з яго падыходам: ён лічыць, што мастак павінен быць шчаслівым. І ўсе людзі, якія ствараюць, павінны быць шчаслівымі і атрымліваць ад працэсу задавальненне, інакш для чаго гэта ўсё? Ёсць міф, што Ван Гог толькі праз пакуты стварыў свае працы. А Лінч кажа, што Ван Гог мог бы стварыць значна больш, калі б быў шчаслівы.
Я адчуваю абсалютнае шчасце, калі малюю. Проста не магу не маляваць – гэта як не паесці: можна стаць злым і сумным. Нават нягледзячы на тое, што ў мяне вельмі змрочныя працы, мне становіцца лягчэй, усе негатыўныя эмоцыі перапрацоўваюцца. Па сутнасці, гэта ўсё, што мне ад жыцця трэба: мець магчымасць маляваць, купляць фарбы, якія хачу, працаваць на палотнах, на якіх хачу.
Мастацтва як псіхатэрапія
– Калі пратэснае мастацтва – гэта нейкае ангажаванае мастацтва, то можна сказаць, што мае працы – гэта таксама пратэснае мастацтва. Я выказваю гэтым сваю пазіцыю, хоць і не стаўлю гэта першапачатковай мэтай. Проста малюю, бо ў мяне цяпер не атрымліваецца нічога іншага. Мне дрэнна, а гэта адзіны спосаб, які рэальна дапамагае мне спраўляцца з цяжкімі эмоцыямі. Тое, што я перажываю, перадаю праз малюнкі і спрабую сама ўсвядоміць і перажыць гэтую траўму. І працы становяцца як быццам артэфактамі часу, якія захоўваюць тое, што існуе ў дадзены момант, а значыць гэта не забудзецца. Мы іх захаваем, і гэта будзе спосабам усвядоміць, што адбылося, і пражыць усё на больш глыбокім узроўні. Мастацтва ў гэтым вельмі дапамагае.
Ну і, вядома, мне, як і шматлікім мастакам, маляванне дае голас: так я магу сказаць, што я ёсць, я жыву і мне балюча. Мастацтва – гэта псіхатэрапія: я вельмі трывожны чалавек, а вобразы дапамагаюць мне трансфармаваць перажыванні. Гэта ўсё пра наша жыццё, цяпер яно такое. Праца, якая называлася «Мне патрэбныя грошы на псіхатэрапеўта», – гэта быў не жарт, гэта быў крык аб дапамозе!
Евы таксама сталі спосабам тэрапіі: я вырашыла маляваць Еў у розных тэхніках, каб супакоіцца, пакуль не стамлюся. Іх з'явілася вельмі шмат, але Еў нельга прадаваць – толькі дарыць. А мая сяброўка мастачка Ліза Бузаноўская прапанавала раздаваць іх за данэйшан у фонды салідарнасці, каб людзі маглі дапамагчы, каму захочуць. Я здзівілася, што літаральна за тры гадзіны ўсіх Еў разабралі. І мне самой стала лягчэй, і атрымалася зрабіць людзям прыемныя падарункі, ды яшчэ і дапамагчы камусьці – win-win-win з усіх бакоў.
«Мастацтва – асабліва пратэснае – павінна выходзіць за рамкі месца, дзе ты жывеш»
Выставы ў Еўропе
– Выставы беларускага пратэснага мастацтва – гэта вельмі крута. Мастацтва – асабліва пратэснае – павінна выходзіць за рамкі месца, дзе ты жывеш. Вельмі важна, каб людзі, якія не знаходзяцца ў нашай павестцы, на ўсіх узроўнях змаглі адчуць, як адчуваем сябе мы. Сухія навіновыя зводкі могуць не выклікаць такой эмпатыі: я па сабе мяркую, сусветныя навіны ўспрымаю як нейкія аддаленыя рэчы. А калі тыя ж эмоцыі, пачуцці і боль перапрацоўваюцца праз мастацкі вобраз, нашмат прасцей і ясней можна данесці, у чым ты жывеш. Мне здаецца, праз мастацтва людзі праяўляюць больш эмпатыі.
Мастацкая адукацыя – трэба ці не?
– Адукацыя – гэта базавая рэч, якая дае разуменне, што ты наогул робіш. Але як ты яе атрымліваеш – залежыць ад тваіх магчымасцей. У мяне не было магчымасці паступіць у Акадэмію мастацтваў і таму я атрымлівала базавую адукацыю – акадэмічны малюнак, жывапіс, кампазіцыя, колеразнаўства – праз прыватныя заняткі ў мастакоў, у студыях і на курсах. Гэта больш доўгі шлях і вельмі стомная праца. Калі ты трапляеш у спецыялізаваную ўстанову, то як мінімум знаходзіш там паплечнікаў. А так ты сам спрабуеш прывесці бессістэмнасць у сістэму, але побач няма нікога, хто мог бы цябе падтрымаць.
Мастаком, вядома, можна быць і без адукацыі, але сістэматычныя веды дадуць больш спосабаў выказвання. Напрыклад, каб быць пісьменнікам, не трэба спецыяльнай адукацыі, але патрэбная тона прачытаных кніг, каб мець магчымасць абаперціся на нейкі падмурак. Трэба ведаць правілы, каб іх парушаць.
З адукацыі я філолаг, магістр філалагічных навук. Я працую па спецыяльнасці, і гэта так крута! Выкладаю замежную літаратуру і проста кайфую: люблю сваю працу, сваіх студэнтаў і свой прадмет. Большая частка часу ўсё роўна сыходзіць на жывапіс, але дзякуючы працы атрымліваецца адцягнуцца ад мастацтва, перазагрузіцца і акунуцца зусім у іншую сферу. Праз сваю афіцыйную працу і праз літаратуру я падсілкоўваюся ідэямі.
Унутраны крытык і працоўны працэс
– У мяне ёсць сталая сістэма: ужо пяць гадоў малюю кожны дзень. Ёсць у мяне час ці не, усё роўна ведаю, што па-любому сёння штосьці ствару. Пасплю менш, не пайду тусавацца, але абавязкова буду маляваць.
Цяпер у мяне ёсць два спосабы працы: для графікі і жывапісу. Да графічных работ я падыходжу з пазіцыі экспрэсіі, вельмі хуткага выражэння эмоцый. У мяне ёсць дзённік, і я магу натхніцца ад фраз, якія туды запісваю, ці проста нейкія радкі ў галаве пачынаюць гучаць. Вядома, яны будуць звязаныя з жыццём, а я буду спрабаваць іх перадаваць праз нейкі вобраз. А часам медытую або апускаюся ў нейкі паток, напрыклад праз музыку. Адтуль вылоўліваю імгненныя вобразы – яны ў тумане, ты бачыш толькі абрысы і хутка іх перадаеш. Так у асноўным атрымліваюцца карціны алеем. Са слоў – графічныя работы, а з глыбінных вобразаў – карціны алеем. Але часам я не прытрымліваюся свайго правіла і раблю ўсё наадварот.
«Работы становяцца артэфактамі часу, якія захоўваюць тое, што існуе ў дадзены момант, а значыць гэта не забудзецца»
Яшчэ для мяне вельмі важныя назвы, не люблю пакідаць працы без іх. Стараюся пачуць, як праца хоча, каб я яе назвала. Гляджу на карціну, магу доўга не паказваць яе, бо не ведаю, як яна называецца, – маўчыць. І потым – раз, выстрэльвае назва, а для мяне выбудоўваецца ланцужок тлумачэнняў самой карціны, што там насамрэч намаляванае. Гэта значыць эмоцыя можа быць адна, а потым яна трансфармуецца – і атрымліваецца нешта іншае.
Я вельмі доўга змагалася з унутраным крытыкам. 2019 год наогул памятаю як пакуты: тады гэты крытык развіўся да ўзроўню «усё, проста кідай, ты не можаш, табе нельга маляваць». Потым трапіла на курс Лены Гіль у «6В Мастацкая Майстэрня». Лена чароўная, проста незямная – і група мастачак, якія сабраліся разам, таксама. Пасля курсу ўся саманянавісць прайшла, цяпер я малюю лёгка, свабодна і шчасліва. Калі дазваляеш сабе штосьці, так добра жывецца.
Працы Насці можна будзе паглядзець на калектыўнай выставе «Мы, вядома, адразу ў рай» з 11 лютага па 21 сакавіка ў НЦСМ (вул. Някрасава, 3).
«Ангелы хранят слезы невинных для часа расплаты»
«Убитый»
«Все будет хорошо»
«Я боюсь незнакомых номеров, боюсь стука в дверь»
«Как спасти всех избитых как вернуть всех убитых как защитить любимых как защитить всех»
«Жаркая июньская ночь»
«Однажды во сне я каталась на большом синем тигре. Он нес меня вперед и я ничего не могла с этим поделать»
«Вместе»
«Слезы шумят»
«И эта боль пройдет»
Фота: murmurash