Якіх інсайтаў чакаць ад выставы «Неафіт»?
- Рубрыка: ВІЗУАЛ
- 20.11.2019
- 10505
Хтосьці шукае ў лесе папараць-кветку, іншыя шукаюць закладкі, але ўсё гэта нейкая пагоня за міфічным шчасцем і радасцю. Такую паралель беларускі мастак Юра Шуст праводзіць у сваім відэа, якое першым кідаецца ў вочы на яго персанальнай выставе «Неафіт». Наведаць выставу і заадно пашукаць адказы на свае экзістэнцыяльныя пытанні можна да 27 лістапада ўключна ў галерэі «Ў».
Інсталяцыя «Неафіт» уяўляе сабой сукупнасць элементаў, у кожным з якіх так ці інакш прасочваецца адна важная тэма: ці сапраўды належыць нам нашае цела ды воля? Гатовага адказу, як заўсёды ў вартым мастацтве, ты не знойдзеш, але ж нагоду падумаць – так.
Увогуле праект прысвечаны значэнню таямніцы ў жыцці маладых беларусаў: блукаюць яны па лесе ў пошуках міфічнага шчасця, а ўсюдыісны і ўсёабдымны кантроль імкнецца задушыць жыватворную прагу дэцэнтралізацыі.
Адзін з арт-аб’ектаў «Неафіта» – візуалізацыя таго, як па-рознаму людзі звяртаюць увагу на адно і тое ж. З дапамогай ІТ-кампаніі Юра Шуст паказаў свае малюнкі 21 чалавеку, даў ім па 30 секундаў на кожны, а ў выніку атрымаў карту ўвагі, дзе бачна, на якія ўчасткі карціны людзі глядзелі больш ці менш. Кожны з 21 варыянтаў атрымаўся непаўторным.
Яшчэ адзін арт-аб’ект – раскатаны ровар. Мастак рэальна проста прыйшоў на будпляцоўку і раскатаў ровар. Атрымаўся сапраўдны перформанс, бо ўсе будаўнікі сабраліся паглядзець на такое руйнаванне. (Дарэчы, арэнда будаўнічага катка на гадзіну каштуе 50 рублёў.)
На выставе ровар – не адзінае, што прыходзіць у заняпад. Так, на відэа можна пабачыць, як гараць прасы. Мастак нібы спрабуе парушыць усталяваны парадак рэчаў: прас жа павінен грэць, а не гарэць.
Увогуле вобраз праса выкарыстаны ў некалькіх аб’ектах выставы: 19 удзельнікаў і ўдзельніц фільма з адбіткамі прасаў на спінах; 19 матэрыялізаваных, павялічаных асноў вісяць, нібы лісты, і агрэсіўна мігацяць. Прас увасабляе вобраз кантролю, які разгладжвае ўсе складкі матэрыі.
Самы жывы аб’ект на выставе – цыбуля ў келіхах. Яна сапраўды расце – гэта бачна па пёрах і каранях. Юра Шуст даволі часта выкарыстоўвае келіхі ў сваіх працах. Яшчэ на сваёй першай выставе ў галерэі «Ў» ён абыграў традыцыю прапаноўваць шампанскае на свецкіх мерапрыемствах. Мастак накрыў гранітнай плітою каля сотні келіхаў шампанскага, і людзі, якія прыйшлі на выставу, іх бачылі, але выцягнуць не маглі. Тым не менш самыя моцныя і мэтанакіраваныя такі забралі каля сямі штук.
Гэтым разам больш увагі надаецца цыбулі. Гэта адсылка да браўзера Tor, які мае адпаведны лагатып: распрацоўшчыкі заасацыявалі яго з цыбуляй, таму што праграма выкарыстоўвае шматслойную – як структура цыбулі – сістэму шыфравання. Быццам праз мноства слаёў гародніны, сігнал праходзіць праз вялікую колькасць камп’ютараў, яго нельга адсачыць, таму звычайна Tor выкарыстоўваць для пошуку нечага нелегальнага ў ценявым інтэрнэце.
Нягледзячы на тое што аўтар мае сваю дакладную структуру арганізацыі ўсіх частак інсталяцыі, ён жадае, каб на яго выставе гледачы самі шукалі адказы на свае пытанні. Без дакладнага тлумачэння. «У гэтым асноўная праблема ўвогуле развіцця нашага грамадства: нежаданне ўяўляць, канструяваць свае ўласныя светы, мадулявалі новыя незалежныя сэнсы, альтэрнатыўныя пункты погляду і рашэння», – кажа Юра Шуст.
Пра мастака:
Юра Шуст нарадзіўся ў 1983 годзе ў Маладзечна. Падлеткам арганізаваў эксперыментальную музычную групу Usplеsk, якая потым трансфармавалася ў аўдыёвізуальны праект IOD. Быў сурэдактарам падпольнага арт-часопіу «Дом быту». Вывучаў медыякамунікацыі ў EHU. У 2014 годзе атрымаў ступень магістра ў Каралеўскай акадэміі мастацтваў Бельгіі КАЅК у Генце. У 2016 годзе скончыў Вышэйшы інстытут мастацтва HISK. Намінант прэміі Coming People – 2015 музея сучаснага мастацтва S.M. A. K. (Гент) – зараз у калекцыі музея захоўваюцца некаторыя Юравы працы.
Калі: да 27 лістапада, кожны дзень з 12:00 да 21:00
Дзе: галерэя сучаснага мастацтва «Ў»
Кошт: 5 BYN; студэнтам – 3 BYN; для школьнікаў, пенсіянераў, людзей з інваліднасцю – free.
Усе правы на фота, апублікаваныя ў матэрыяле, эксклюзіўна належаць мастаку.