Ліна Дрэйк: «Мае фатаграфіі паказваюць, што ёсць жыццё і па-за цэнтрам Менска»
- Рубрыка: ВІЗУАЛ
- 27.10.2023
- 3903
Кантрасныя партрэты раскошна ўбраных маладых людзей на тле менскіх будняў складана прагартаць у інстаграм-стужцы і не спыніцца, каб не разглядзець пільней. Аўтарка гэтых здымкаў – менская фатографка Ліна Дрэйк. Мы папрасілі Ліну распавесці, як у яе атрымліваецца мэтчыць яскравыя вобразы і шэрую архітэктуру, што прыгожага яна бачыць у менскіх панэльках і злачняках, дзе адчувае ў Менску жыццё і як рэагуюць мінакі на тое, што раптоўна становяцца персанажамі яе фота.
Пра стыль фота і падыход да здымак
– У мяне былі здымкі дзяўчат у яркіх вобразах, і проста выходзілі выпадковыя кадры на фоне досыць старой, «пажыўшай» архітэктуры. Умоўна, серыя на дзесяць здымкаў у інстаграме, і адзін з іх быў такім. Гэты кадр прыкольна граў на кантрасце, і я пачала дадаваць у серыю такія ж. Туды-сюды – і яно развілася да таго, што ёсць цяпер.
На мадэлях – тое, што знаходзіцца ў іх у гардэробе. Вельмі рэдка ў мяне бываюць здымкі, дзе нехта, так бы мовіць, папрацаваў з вобразам: макіяж пэўны зрабіў ці рэчы мы ў кагосьці бралі. Такая здымка будзе адна з пяцідзесяці.
Бывае, літаральна за пару гадзін да здымкі я прыдумляю, куды паедзем, а бывае, што еду – і не ведаю куды. У мяне ёсць, мусіць, самая заходная здымка, дзе дзяўчына на Трактарным. Як там было: яна садзіцца ў машыну, а я ёй шчыра кажу: «Слухай, нешта я ўвогуле не прыдумала, куды мы паедзем. Ну, ёсць парачка варыянтаў...» Яна кажа: «Куды скажаш, туды і паедзем, мне ўсё роўна». Так і паехалі на Трактарны.
«Трэба працягваць рабіць нешта ў тых умовах, у якіх знаходзішся»
Аднойчы мы хацелі здымаць на даху, а ён аказаўся зачынены. У выніку засталіся на тым самым месцы, але ў дварах. Абсалютна ўсё просценька. Але здымка атрымала вялікі водгук. Гэта я да таго, што ўсё само ідзе як трэба. Значыць, павінна было стацца так, што мы не патрапім на гэты дах, і трэба працягваць рабіць нешта ў тых умовах, у якіх знаходзішся.
Я добра ведаю Менск і магу ўявіць шмат якія лакацыі ў галаве. Калі нешта не магу, то адкрываю панарамы ў картах і пачынаю «хадзіць» па вуліцах у інтэрнэце. Бывае, катаюся на машыне, бачу прыгожае месца – і тады правяраю кропку на карце, каб некалі да яе вярнуцца.
Пра панэлькі
– Маё ўлюбёнае месца ў Менску – Сухарава. Таму што гэта мой раён – я тут жыву, тут вырасла. Я магла б у кожным раёне назваць нейкае месца, якое мне найбольш даспадобы. Але гэта дасць разуменне пра мяне як пра фатографа, а не з пункту гледжання душэўнай прывязкі да гэтых месцаў. Калі душэўна – Сухарава.
«Чужое і нежывое для мяне – “Мінск-Мір”. Усе гэтыя навабуды»
Мне падабаюцца старыя панэльныя дзевяціпавярховікі. Я не магу гэта растлумачыць. Асабліва зараз, у восеньскае надвор'е, калі яны такія старыя, «заплыўшыя» ў дажджы, разводах і падцёках. Шмат у каго гэта выклікае не вельмі прыемныя асацыяцыі – нешта прыгнятальнае, шэрае. Але мне так падабаецца! Я адчуваю сябе ў гэтым як быццам добра. Для мяне гэта самае лепшае.
Чужое і нежывое для мяне – «Мінск-Мір». Усе гэтыя навабуды. З аднаго боку, тамака можна таксама злавіць нейкае натхненне. Знаёмы нядаўна фатаграфаваў там – і выйшла вельмі крута, але мне хутчэй спадабалася апрацоўка. Калі я кудысьці еду, то часта па маім маршруце выпадае «Мінск-Мір», – вока не радуе. Магчыма, праз час я з ім пасябрую, але пакуль ён для мяне астравок чагосьці лішняга ў горадзе. Не ведаю, можа, там класнае жыллё і, калі б я знаходзілася ўсярэдзіне, мне б вельмі падабалася. Але пакуль я назіраю збоку, зусім не вабіць.
Пра нязвыклы погляд на звыклае
– Калі ты жывеш у адным месцы, яно дакучае – усё быццам адно і тое ж. Але калі пачынаеш удавацца ў дэталі, усё грае крыху па-іншаму. Звыклыя віды, якія назіраеш кожны дзень, глядзяцца інакш. Таму я і пішу ў інстаграм, як важна заўважаць гэтыя дробязі. У кожнага гэта можа быць сваё: нешта звязанае з прыродай, з людзьмі ці проста нейкія змены навокал: напрыклад, у двары сёння па-іншаму машыны прыпаркаваныя. Калі ты пачынаеш на ўсё глядзець трошачкі па-іншаму, для цябе не адкрываецца новы свет, але жыць ужо цікавей.
«Калі пачынаеш на ўсё глядзець трошачкі па-іншаму, для цябе не адкрываецца новы свет, але жыць ужо цікавей»
Людзі нават фатаграфуюць нешта, што я не фатаграфавала, і адзначаюць мяне. Я не заўсёды пошчу да сябе, але ў любым выпадку адказваю – для мяне гэта як бальзам на душу, вельмі прыемна. Не ў плане, што людзі ўбачылі і пра мяне ўспомнілі, якая я малайчына, – не. Гэта пра тое, што людзі заўважылі нешта добрае і іх гэта ўсцешыла, зрабіла крыху лепшым іх дзень.
Пра незнаёмцаў на вуліцах і ў злачняках
– Была здымка ў бары на Трактарным, куды завадчане прыходзяць пасля змены, і гадзінкі з 15–16-й яны ўжо ў добрай кандыцыі. Мне па-добраму цікава за імі назіраць і прыкольна там фатаграфаваць. Людзі падпітыя, лезуць у кадр і расказваюць усё пра сябе – узаемадзеянне прыкольнае. Ты бачыш, наколькі ўсе розныя і наколькі людзі адрозніваюцца нават у раёнах Менска.
Неяк у раёне станцыі метро «Магілёўская» здымалі ў 15–16 гадзін – і не сустрэлі ніводнага цвярозага чалавека. Да гэтага часу там усе ўжо добра сябе адчувалі. У мяне ў Сухараве такое будзе недзе ў 19–20, а то і пазней. А тут во як!
«Людзі падпітыя, лезуць у кадр і расказваюць усё пра сябе – узаемадзеянне прыкольнае»
Стаўлю ў кадр раскошную дзяўчынку – а на фоне нехта бухае. Гэта не з мэтай высмеяць людзей ці кпіць з іх ладу жыцця. Проста паказваю, што людзі так жывуць, а дзяўчынка – прыгожая. Бываюць такія дзяўчынкі ў буднях. Для людзей, якія трапляюць да мяне ў кадр, гэта ж сапраўды будні, а не сёння нейкі дзень асаблівы. Было такое, што я здымала ў адным раёне з прамежкам у два тыдні і сустракала адных і тых жа п'яных людзей. Цікава за імі назіраць, людзі класныя.
Мне заўсёды шанцавала на людзей. Не было непрыемных момантаў, каб мне нехта сказаў што дрэннае. Наадварот, людзі рэагуюць дастаткова спакойна і прыязна. Яны могуць пажартаваць, пасмяяцца і нават самі напрасіцца ў кадр. Бывае і так, што ім увогуле ўсё адно.
Я не здымала ў іншых гарадах Беларусі, але па досведзе знаёмых ведаю, што ўзнікаюць пытанні. І разумею, што ў іншых краінах з публікай можа быць складаней, але ў Менску спакайней ставяцца. Напэўна, людзі больш прыязныя, ці што.
Пра сэнсы за карцінкамі
– Мае фатаграфіі паказваюць, што ёсць жыццё і па-за цэнтрам Менска. Яно не заўсёды здаецца прыгожым нават мне, а людзям, якія прывыклі да нечага больш прыемнага, – тым больш. Але гэта ўсё роўна тое, што трэба захаваць, у гэтым, напэўна, сутнасць. Не паказаць, што Менск – гэта рыгалаўка – крый божа! – а паказаць, як па-рознаму яно бывае.
«Менск класны праз тое, наколькі ён розны»
Мне падабаецца, калі ты можаш знаёміць і знаёміцца з людзьмі. І мне вельмі падабаецца ахінаць тое, што людзі звычайна не фатаграфуюць. Менск бывае розным: ёсць прыгажэйшае жыццё ў цэнтры – калі глядзіш на людзей і вока не адарваць, а крышку ад'язджаеш – інакш, яшчэ далей ад'ехаў – наогул усё іншае. Менск класны праз тое, наколькі ён розны.
Фота: Ліна Дрэйк