Напярэдадні выступу Ishome на Mirum Music Festival мы звязаліся з расійскай электроншчыцай і пагутарылі пра тое, як музыка дапамагае сустрэць сябе. Нават калі нам гэта не падабаецца.
Ishome – электронны праект Мірабэлы Кар’янавай з Краснадара. Шырока вядомы стаў пасля выхаду дэбютнага альбома Confessions у 2013 годзе, які ўсхваляваў усе буйныя медыявыданні Расіі. Сумяшчае ў сваёй музыцы цягучы эмбіент з пераліўным айдзіэмам і ламаным трып-хопавым бітам. Упершыню ў Беларусі яе можна было пачуць гэтай вясной, і вось зноў яна прыязджае да нас – ужо ў фестывальным фармаце.
Пра музыку
Музыка – надзвычай хвалюючае мастацтва, выверне вонкі ўсё патаемнае, ды нават і тое, пра што сам не падазраеш. Яна не тлумачыцца, ды і не павінна, мабыць, быць растлумачанай. Яна ніколі не супярэчыць таму, кім ты з’яўляешся. Таму пакуль ты яе робіш, то хоцьма-няхоцьма сутыкнешся з самім сабой. Прытым сутыкнешся канкрэтна, лоб у лоб. І гэта, здараецца, даволі моцна пужае. Там жа ўнутры невядома што адбываецца: працэс стварэння дае табе магчымасць з гэтым пазнаёміцца на ўзроўні пачуццяў. І няма аніякіх гарантый, што знаёмства будзе прыемным.
Пра творчасць
Прынцыпаў у творчасці не маю. Кранае / не кранае – гэта ўсё, што мае значэнне. Але гэта тое, што я магу абазначыць свядома. Несвядома я, магчыма, і прытрымліваюся нейкіх правілаў. Напрыклад, першапачаткова большасць маіх праектаў у камп’ютары з'яўляюцца ціхім, манатонным эмбіентам, а потым – незразумела навошта, як па макеце, – я пачынаю яго маскіраваць, хаваць, размазваць. Быццам бы баюся паказаць свой твар, шэры і несамавіты, які даводзіцца ўпрыгожваць і тынкаваць нейкімі рытмамі і лішнімі элементамі. Пацеркі там, вусны падмаляваць. І так кожны раз. Адна і тая ж схема. Прытым я зусім не разумею, ад каго ж я так старанна хаваю свой твар. Але гэты працэс я ўжо прымаю як неад'емную частку свайго характару.
«Першапачаткова большасць маіх праектаў у камп’ютары з'яўляюцца ціхім, манатонным эмбіентам»
Апісаць працэс не магу, бо сама не вельмі ўсведамляю, як ён уладкаваны. Вось я ўключыла камп’ютар, а вось ужо знайшла сябе ляжачай задуменна на дыване. Што адбылося паміж, я і прыгадаць не магу. А што здарылася са мной – тым больш. Ідэі ўсе маюць форму, якая чымсьці нагадвае візуальную. Ці каляровую. Але ніколі – музычную, чамусьці. Мне даводзіцца як бы агучваць гэтыя недазрокавыя вобразы ў сваёй галаве. І ва ўсім гэтым ніколі няма сэнсу. Прынамсі ўсвядомленага з дапамогай вербалізацыі. Я ніколі не ведаю, калі трэба спыніцца, калі кампазіцыя скончана. Таму ёсць цяжкасці з дэманстрацыяй музыкі камусьці і яе выпускам.
Усю музыку, якую раблю, я раблю для сябе. У чужой душы не пакалупаешся, ідзі адгадай, што ёй трэба. Бяда, калі вобразы іншых людзей узнікаюць у маёй галаве ў працэсе творчасці, і я як бы спрабую заслужыць іх увагу і спагаду. Гэтае пачуццё даводзіцца сілком з сябе вынішчаць.
Пра Ishome і Shadowax (другi праект Міры)
Сутыкненні паміж праектамі, вядома, ёсць, у мяне ж не падваенне асобы. Мяркую, што Ishome – гэта мая сувязь з дзяцінствам. Ён прыносіць мне адназначна простыя, ясныя і ў цэлым добрыя пачуцці і асацыяцыі. Shadowax я магу апісаць як музыку, якая, наадварот, адрывае мяне ад дзяцінства. Гэтыя пачуцці грубейшыя, яны не такія ясныя. Я сама пакуль не разумею іх. Адчуваю, што проста інакш. Аднак да гэтай музыкі я стаўлюся значна прасцей.
Пра непрыняцце
Ёсць рэчы, якія я ў сабе глыбока не прымаю і ў звычайным жыцці пра якія нават не ўсведамляю, але, сутыкаючыся з імі ў працэсе творчасці, адчуваю да іх глыбокую нянавісць і страх. Раней мяне гэта трывожыла і магло прыводзіць да панічных нападаў і змушала спыняць працу. Альбо наадварот – прымушала перарабляць усё нанава. Зараз я ўспрымаю такое непрыняцце значна прасцей, як натуральную частку сябе, якая, напэўна, выконвае нейкую патрэбную функцыю.
«Пакуль ты робіш музыку, то хоцьма-няхоцьма сутыкнешся з самім сабой. І няма аніякіх гарантый, што знаёмства будзе прыемным»
Пра танец
Я вельмі люблю танчыць, люблю адчуваць, як музыка, выкарыстоўваючы маё цела ў якасці правадніка, здольная сябе выказваць. Як праз танец яна здабывае сапраўдную цялеснасць і плоць.
Пра музычных фаварытаў
З рускіх я вельмі люблю Al 90! Гэта нешта неверагоднае, такія далёкія забытыя асацыяцыі ажыўляе. Яшчэ з рускіх Lapti падабаецца і PTU. А так у цэлым я эмбіент слухаю – усё як і 5 гадоў таму. Засела. Ambient Noise Level, Marsen Jules, Biosphere – у маім топе па колькасці рэпітаў. Яшчэ саўндтрэк з GTA Vice City гэтым летам добра заходзіць!
«Да прыхільнікаў сваёй творчасці стаўленне змянілася, бо змянілася стаўленне да ўласнай музыкі»
Пра ўспрыманне
Да прыхільнікаў сваёй творчасці стаўленне змянілася, бо змянілася стаўленне да ўласнай музыкі. Я стала больш у ёй сумнявацца, і добрыя словы, сказаныя мне выпадкова чалавекам, якога я не ведаю, дзесьці на вуліцы ці ў метро, сапраўды дапамагаюць.
Маё ўспрыманне ўласнай музыкі ад успрымання іншага чалавека, відавочна, адрозніваецца ўсім. Музыка – гэта пустая вакуумная прастора. І кожны слухач змяшчае самога сябе ўнутр гэтай прасторы. Са сваімі пачуццямі, жыццёвым вопытам і характарам. Такім чынам атрымліваецца цэлае мноства інтэрпрэтацый і сэнсаў у адной і той жа музыцы. І гэта дзіўная яе ўласцівасць!
Чужую музыку я слухаю ўважліва і падрабязна. Ці, наадварот, цалкам адключаюся – залежыць ад музыкі. Сваю зусім не слухаю пасля таго, як яна выпушчаная. Губляецца інтымнасць нашых з ёй адносін. Яна перастае быць толькі маёй.
Лаві Ishome у гэтую суботу, 19 жніўня, на Mirum Music Festival.
Квіткі і інфармацыю пра фестываль шукай у сацсетках:
Фота з суполкi Ishome VK
Невідавочныя бары, кавярні і маршруты – зведай Вільнюс з новага боку.
Учора ты адна з самых запатрабаваных дызайнерак адзення ў краіне, а сёння – у полі зроку МУС.
Пра ўдзел у Vulica Brasil, фотапраекты, старыя і не вельмі, і пра тое, як кожны дзень знаходзіць новую pussy.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.