18 must-have прылад для здароўя, бюджэта і жыцця
- 30.03.2018
- 10197
У першым тэксце мы паглыбіліся ў гісторыю лайфлогінгу, але гэта была толькі тэорыя. Нарэшце пераходзім да практыкі: прэзентуем вялікі каталог прылад, з дапамогай якіх можна сачыць амаль за ўсім: ад узроўню глюкозы і штодзённасці трэніровак да патрэбнасці ў сэлф-харме і кожнага рубеля ў тваёй кішэні. Да таго ж зазірнулі ў смартфоны сяброў і сябровак ды атрымалі ад іх каментары.
ЗМЕСТ:
Здароўе Ежа і напоі Фітнэс Ментальнае здароўе Бюджэт-трэкеры Тайм-менеджмент
«Упражнения для глаз PRO»
Прапануе зарадку для любых вачэй: маеш блізарукасць, дальназоркасць ці здаровыя вочы – дадатак знойдзе праграму заняткаў. Прылада даволі разумная: прапануе табе ставіць гадзіннік, але і сама можа «прымусіць» займацца па ранішнім, дзённым або вячэрнім спісе. Мінус: зразумела, не гарантуе ніякіх палепшанняў і не замяняе сустрэч з доктарам(-кай).
Diabetes:M
Прэтэндуе на амаль што сяброўства з карыстальнікам(-цай): будзе весці з табой дзённік, нагадваць пра прыём лекаў, збіраць статыстыку тваіх аналізаў, дынаміку павышэння або паніжэння ўзроўню глюкозы. Нарэшце, можа нават даслаць мэйл твайму ўрачу, калі ён ці яна запатрабуе. Вішанька на торце: аналізуе дадзеныя з інсулінавых помпаў. Мы не ведаем навошта, але спадзяемся, што гэта карысна.
FLO
Янка Пажарыцкая:
акаунт-менеджэрка
«У апісанні прылады сказана, што яна падлічвае ўведзеныя сімптомы і дае адпаведныя парады. Але адзначу, што карыстацца ёй трэба мінімум 4 месяцы, каб яна сабрала дадзеныя. Акрамя таго, распрацоўшчыкі(-цы) імкнуцца стварыць жаночае кам’юніці: карыстальніцы могуць абмяркоўваць табуяваныя тэмы, публікаваць артыкулы і тэсты на тэмы здароўя. Яшчэ яно можа “сачыць” за авуляцыяй, верагоднасцю зачацця і працяканнем цяжарнасці.
Я не баюся за бяспеку сваіх персанальных дадзеных, бо працую ў мабільным маркетынгу і разумею, хто і навошта можа гэта збіраць і ў якім выглядзе перадаваць. Але калі б і не ведала, калі кагосьці цікавіць мая лютэінавая фаза – гэта хутчэй яго ці яе праблемы, чым мае».
«Дневник питания»
З назвы ясна: будзе кантраляваць, колькі і што ты еш, падлічваць калорыі ды падказваць найбольш карыснае. Бонусы прыемныя: поўная база ёсць у афлайне, таму жэрці трафік не будзе. Таксама просты і прадуманы дызайн, няма неабходнасці дзесьці рэгістравацца, пакідаць сваё імя, рост і вагу. Ніхто не будзе мець доступ да тваіх дадзеных, акрамя цябе.
FatSecret
Назва сумнеўная, але штука даволі цікавая. Заточана пад падлік калорый, а яшчэ раіць ежу, вітаміны, рэцэпты. Можа сінхранізавацца з прогамі Google Fit, Samsung Health, Fitbit. Скануе прадукты ў крамах, дае магчымасць весці дзённік, ставіць адэкватныя мэты.
Lifesum
Наталля Ражкова:
спецыялістка па рэкламнай камунікацыі
«Звычайна я пампую канкрэтны дадатак, калі мне яго раіць хто-небудзь са знаёмых. Добра памятаю, як на маім смартфоне з'явілася прылада Lifesum. Аднойчы пабачыла, як сябра сканаваў штрых-коды на прадуктах, каб дадаць іх у дзённы рацыён. Мне гэта здалося прыкольным, там яшчэ гук быў, як у супермаркеце. І я таксама вырашыла адсочваць харчаванне, калі пачала трэніравацца. Яшчэ я прыслухоўваюся да розных аглядаў тыпу “10 прылад для здаровага ладу жыцця”.
Выкарыстанне прылад надало мне больш усвядомленасці. Напрыклад, я магу адрозніць смагу ад голаду пасля выкарыстання прылады, якая кантралюе водны баланс. Звычайна ў такіх дадатках распрацавана сістэма “ўзнагарод”, якія прывязваюць карыстальнікаў(-ц). Часам яны прапануюць паспаборнічаць з іншымі, часам – пабіць уласныя рэкорды. Часам карыстальнікаў(-ц) чапляюць усякімі мілымі штукамі. Мне, напрыклад, надоўга запомніўся танец брокалі: калі ты з'еў(-ла) дастаткова гародніны, яна радуецца разам з арганізмам»
«7 Минут»
Простая прылада для тых, хто лянуецца аддаваць больш за 40 хвілін на фізру. Прапануе невялічкія практыкаванні з перапынкамі ў 10 секунд. Штодзённа нагадвае пра сябе, можа кіравацца голасам. Увага: мае рэкламу, якая можа надакучыць.
Fitness Fantasy
Незвычайны погляд на фітнэс: гэта RPG для кантролю тваёй фітнэс-праграмы. Адзначай мэты, падлічвай крокі і канвертуй іх у энергію свайго героя, спаборнічай з іншымі гульцамі, збірай і вядзі да перамогі ўласную каманду. Мінус: пры карыстанні больш спатрэбіцца для рэлаксацыі, чым для здаровай матывацыі займацца спортам.
Nike Training Club
Вольга Дзіско:
студэнтка мехмата БДУ
«Гэтая прылада зручная тым, што забыцца пра яе дзякуючы штодзённым напамінам ты не зможаш, нават калі захочаш. У цэлым у Nike TC падбіраюць трэніроўку па тваіх паказчыках, і пакуль мяне ўсё задавальняе. Да кожнага практыкавання ёсць відэа, у якім табе паказваюць, як гэта дакладна рабіць, а падчас трэніроўкі маеш магчымасць выкарыстаць аўдыяпадказку для паляпшэння вынікаў. Сама прылада прыгожая, а відэа лаканічныя і досыць добрыя.
Калі ты, як я, той/тая яшчэ спартсмен(-ка), адзначу: выкананне не вельмі лёгка даецца, некаторыя практыкаванні занадта цяжкія, але “Найк” просіць кожны раз ацаніць трэніроўку па складанасці, а пасля выбірае практыкаванні лягчэй. Таму гэтая праблема сыходзіць хутка. Адзіная аб’ектыўная складанасць – у трэніроўках дома: ты не можаш паўнавартасна пракантраляваць, ці правільна ты ўсё выконваеш. Калі ў цябе стаіць выразная мэта, для якой табе варта палепшыць форму, то Nike TC – цудоўная штука: яна нескладаная ў выкарыстанні, стыльная і змяшчае вельмі шмат трэніровак. Адзінае, што можа перашкодзіць у выкарыстанні гэтага дадатку, – уласная лянота».
«АнтиПаника»
Разумная, але не ўсёмагутная прылада: падкажа, што рабіць у піку панічнай атакі, збярэ для цябе плэйліст медытатыўнай музыкі, будзе карыснай і для тваіх блізкіх. «АнтиПаника» мае блок «дапамажы панікёру» з базавымі сведкамі аб тым, як весці сябе побач з панікёрам і як адрозніць паніку ад трывогі. Не замяняе псіхатэрапію і не дыягнастуе разлады.
Тоні Лашдэн:
актывіст, журналіст
«Некалькі месяцаў таму ў мяне з’явілася неабходнасць фіксаваць змены эмацыянальных настрояў, але мне цяжка даюцца такія практыкі па ўласным жаданні. Таму я першапачаткова шукаў прылады, якія былі б: абсурдна простыя, патрабавалі ад мяне мінімальных фізічных затрат і мелі прыгожы інтэрфейс, бо душа просіць эстэтыкі.
Pacifiсa – гэта прылада, якая кожны дзень у пэўны час пытаецца ў мяне: “Як мы адчуваем сябе сёння?” Яшчэ яна мае планэр медытацый, кантролер кагнітыўных скажэнняў (то-бок апісанне тваіх думак, каб потым знайсці ў іх “кропкі”, якія і прымушаюць табе хвалявацца). І самая важная для мяне функцыя – кантролер настрою. Адзначаеш “сёння я адчуваю сябе дрэнна”, ставіш прычыну – Pacifiсa прапаноўвае табе занятак, каб палепшыць яго.
Calm Harm – брыльянт, якія я знайшоў на Tumblr. Гэта прылада для адзнак патрэбы ў сэлф-харме, якая прапануе спіс з 150-ці прасцейшых практыкаванняў, каб аблегчыць гэтую патрэбу. Яна геніяльная ў сваёй прастаце: вядзе лог тваіх станаў і практыкаванняў, якія дапамагаюць. Да таго ж дае адэкватныя парады: што рабіць, калі злуешся, сумуеш, адчуваеш сябе пакінутым(-ай). Але ёсць і некамфортная частка: пасля паўгода выкарыстання Calm Harm мне стала сарамліва яго адкрываць, бо зноў жа яна будзе весці лог дадзеных. Для мяне гэта напамін аб тым, што псіхічнае здароўе – вельмі ўмоўная рэч, і я адчуваю патрэбу ў сэлф-харме часцей, чым адзначаю за сабой. Таму час ад часу прыходзіць думка выдаліць яго».
Spendee
Кантралюе твае выдаткі і даходы, робіць з іх прыгожую інфаграфіку, можа сінхранізавацца с тваім банкаўскім рахункам. Да таго ж адаптуецца пад «асабістыя выпадкі»: выдаткі на вяселле, дні нараджэння, пахаванне. Перасцярога: калі стварыў(-ла) агульны акаўнт для сям’і – будзь падрыхтаваны(-ая) да таго, што паміж іх дадзенымі і тваімі не будзе ніякай прыватнасці.
Money Manager Expense & Budget
Пра такія прылады кажуць «мудрагелістая», бо дазваляе сачыць за выдаткамі і даходамі, а яшчэ за рахункамі ды актывамі. Вядзе адлік дзён да фінансавай справаздачы, ставіць пароль на карыстанне карткай. Асноўны мінус якраз у тым, што з такой прыладай можна звар’яцець ад суму. Але для фінансістаў і контрал-фрыкаў яна – у самы раз.
«Личный финансовый менеджер»
Антон Клімовіч:
перакладчык і эка-актывіст
«Я вырашыў спампаваць прыладу для кантролю даходаў і выдаткаў, бо стаў працаваць і планаваць з'язджаць ад бацькоў. Я жадаў рэалістычнага ўяўлення пра тое, якую долю свайго жыцця магу забяспечыць самастойна ды наколькі больш мне трэба працаваць, каб забяспечваць сябе цалкам.
Я ўпісваю дадзеныя ў праграму ў 98% выпадкаў. Калі заўважаю, што розніца паміж тым, што ў кішэні, і тым, што ў праграме, – карэкцірую інфу ў праграме. Адзінае адмоўнае – гэта тое, што я часам выглядаю жміндам у вачах сваёй дзяўчыны, таму што пасля любога грашовага перамяшчэння – нават калі гэта сумы менш за рубель – я ўпісваю вынікі ў гэтую праграму.
Калі не казаць пра аб'ектыўна класныя штукі, якія дадае жыццю гэтая праграма (дакладна ведаеш пра свае і чужыя пазыкі; разумееш, выгадныя табе праязныя або лепш купляць талоны і г.д.), то я больш за ўсё радуюся кругавым дыяграмам і графікам. Як быццам я фінансіст кампаніі імя мяне і спрабую аптымізаваць грашовыя перамяшчэнні».
Focus To-Do
Чымсьці падобнае да класічнага Trello (звярні ўвагу: «Трэла» – для арганізацыі каманднай работы, дадатак не прызначаны для кантролю тваёй прадуктыўнасці). Але «Фокус» не толькі запісвае твае задачы і размяркоўвае іх: ён таксама спалучаецца з Apple Watch. Выдае статыстыку тваёй плённай працы, мае мелодыі для засяроджвання і разлічвае гадзіны адпачынку ад пракрастынацыі.
Save My Time
Сапраўды самы просты таймер у гісторыі, як напісана ў каталогу. Жыве сваім жыццём, а потым раптоўна ўключаецца, паказвае час і запытваецца: «А чым ты займаў(ла)ся ў апошнія гадзіны?» Як усе, прагназуе прагрэс, дазваляе самому(-ой) ствараць віды спраў, захоўвае ў архіў. Мае толькі таймер «адпачынку». Найбольшы мінус: працягвае працаваць, нават калі ты стаміў(ла)ся і не жадаеш кантраляваць дзейнасць.
Forest
Наталля Ражкова:
спецыялістка па рэкламнай камунікацыі
«У гэтым дадатку факусоўка на задачы канвертуецца ў дрэва або куст. Лічу, што “Форэст” – класная штука для канцэнтрацыі ўвагі. Яна дапамагае давесці ўсе афлайнавыя справы да канца і не адцягвацца на сацсеткі і мэсэнджары. У канцэнтрацыі з'яўляецца прыкметны вынік – дрэва або куст. А калі ты абстрагуешся, то замест дрэва ў цябе застаецца панылы абрубак. Думаю, менавіта гэты жаль да віртуальных дрэваў мне моцна дапамог у напісанні дыплома.
Дарэчы, увечары можна зірнуць на запоўненую віртуальную паляну і парадавацца прадуктыўнасці дня. Дадатак файна працуе ў звязцы з сэрвісамі, якія блакуюць у браўзеры доступ да пэўных сайтаў на час працы. Думаю, што дакладна яшчэ буду выкарыстоўваць Forest. Але з такімі праграмамі важна не ператварыцца ў контрал-фрыка, усё ж такі гэта яны для нашай выгады, а не наадварот».
Вiзуал: minimal-plan.com, inkygoodness.com, becomingminimalist.com