Лайфлогінг: навошта мы дакументуем жыццё?
- 05.02.2018
- 8035
Пачынаем серыю матэрыялаў пра тое, як і навошта збіраць падрабязную інфу пра сябе – ад таго, што ты ясі на сняданак, да таго, колькі грошаў марнуеш штодзень. Разбіраемся, чаму мы імкнемся зафіксаваць кожны наш крок з дапамогай мабільных прылад, наколькі гэта бяспечна і якія для гэтага існуюць інструменты.
З чаго ўсё пачалося?
Хайп пачаўся ў 2007 годзе. Рэдактары часопіса Wired, Гары Вульф і Кевін Келі, сур’ёзна зацікавіліся тым, як чалавецтва імкнецца апісаць сябе. Яшчэ да таго, як узніклі мабільныя прылады і інтэрнэт, мы з дзяцінства вялі дзённікі, запаўнялі анкеты для сяброў і пакідалі засечкі на дзвярах, на колькі сантыметраў выраслі за месяц.
Тады Вульф і Келі стварылі блог Quantified self, дзе апісвалі, навошта чалавек дакументуе ўласнае жыццё. Ідэя стала надзвычай папулярнай – ужо праз некалькі год Вульф выступіў на TED з міні-лекцыяй пра тое, як працуе гэтая сістэма. Тым часам блог вырас у паўнавартасны сайт арганізацыі Quantified Self Labs і з’явіўся першы і пакуль адзіны Інстытут самаквантызацыі.
Прыблізна ў гэты час нас накрывае хваля мабільных прыладаў. Чалавецтва набывае першыя смартфоны. З’яўляецца асобны рынак праграм, якія запамінаюць, падлічваюць, паказваюць ды раяць, як жыць больш якасна. Тэму падхопліваюць буйныя кампаніі накшталт Nike. Так у крамах прадаюцца ўсялякія гаджэты, якія сочаць за фазамі сну, тэмпам бегу і частатой рытму.
«Да таго, як узніклі мабільныя прылады і інтэрнэт, мы з дзяцінства вялі дзённікі, запаўнялі анкеты для сяброў і пакідалі засечкі на дзвярах, на колькі сантыметраў выраслі за месяц»
Дзеля чаго, уласна кажучы, працуюць Вульф і Келі? Варта зразумець, што абсалютна нармальна імкнуцца ведаць, як жыве тваё цела і чаго яно хоча. З гэтай нагоды і ўзнікае лайфлогінг – «рэгістрацыя жыцця».
Розныя статыстычныя дадзеныя дапамагаюць агледзець уласнае жыццё, узгадаць, што ты рабіў(-ла) у мінулы аўторак. Хтосьці чакае ад прылад рэальных рэформ сябе і атрымлівае іх: дазнаецца, колькі есць, спіць, бегае і колькі з гэтага – лішняе. І пасля вырашае: змяніць рацыён ці рэжым дня. Дарэчы, бізнэсмены таксама прызвычаіліся да падобнай сістэмы, бо замест нататнікаў прасцей запланаваць сустрэчы ў тэлефоне і адсачыць усе свае выдаткі.
Якія бываюць прылады?
Сёння сродкамі самаквантызацыі з’яўляецца амаль усё – ад сайта MyShows да твайго асабістага дзённіка. Усё, што можа збіраць статыстычныя дадзеныя пра цябе і так ці інакш робіць гэта. Пытанне толькі ў тым, карыстаешся ты вынікамі ці не. Ёсць і безліч спецыяльна задуманых прыладаў.
Прылады «пры захворваннях»: кантралююць прыём лекаў, паведамляюць пра ўзровень цукру ў крыві, даследуюць патэнцыяльна небяспечныя месцы для астматыкаў.
Прылады для падтрымкі здароўя: нагадваюць пра ўзровень вады ў арганізме, падахвочваюць бегаць і выконваць зарадку, падлічваюць калорыі ў тваім абедзе.
Хобі-праграмы: раяць фільмы, серыялы або кнігі, сочаць за тым, колькі часу ты сядзіш у інтэрнэце, задаюць інтэлектуальныя пытанні.
Бытавыя праграмы: адсочваюць стан банкаўскага рахунку, нагадваюць заплаціць за камуналку, перадаюць звесткі пра надвор’е ў тваім раёне.
Велічэзны гайд па прыладах ты знойдзеш на сайце Quintified self. Але вядома, аналагі можна спампаваць у App Store, Google Play ці краме Windows на смартфоне.
А што кепскага?
Самаквантызацыя мае і мінусы. Яны не абсалютныя, бо дакладных даследаванняў на гэты конт пакуль не існуе. Аднак паводле гісторый карыстальнікаў (-ніц) распавядаем пра рызыкі.
Па-першае, лайфлогінг можа справакаваць думку аб тым, што неабходна маніякальна сачыць за сабой. Калі ласка, не блытай гэта з перфекцыянізмам. У пагоні за канвенцыянальна «ідэальным» і здаровым целам ты рызыкуеш зацыкліцца, а твой «самакантроль» можа перарасці ў ментальны разлад: анарэксію, булімію і іншыя разлады прыёму ежы.
Механізм амаль любой такой праграмы дзейнічае надта проста: стварае комплекс мер для паляпшэння стану да агульных медыцынскіх нормаў і нагадвае пра гэта гукавым сігналам. Так ствараецца ўмоўны рэфлекс прытрымлівацца прылады, не пакідаць яе дома і не адключаць у самалёце. Калі ты прапускаеш дзеянне ці гаджэта няма пад рукой, гэта выклікае трывогу і сумненні, наколькі ты набліжаешся да сваёй «меры» ці «мары». У некаторых выпадках гэта прыводзіць да дэпрэсіі, бо дасягнуць пэўнай «ідэальнай» вышыні – немагчыма.
Па-другое, ты можаш змарнаваць увесь свой вольны час на «гульню» з прогай. Калі ты праводзіш і без таго гадзін восем на дзень у офіс, то яшчэ 40 хвілін «справаздачы» перад тэхнікай літаральна жаруць твой час замест таго, каб выдаткаваць яго на адпачынак.
Па-трэцяе, узнікае рэзоннае пытанне публічнасці і прайвасі. Не кожны(-ая) з нас хоча зліваць у сеціва інфу пра тое, колькі аргазмаў у цябе было за дзень. Тым не менш пытанне спрэчнае. З іншага боку, ты можаш сам (-а) кантраляваць, што «распавесці сябрам», а пра што не казаць. Пагроза – толькі ў сістэме бяспекі прылады і імкненнях кампаніі: дапамагаць табе або збіраць статыстыку пра цябе для ўласных даследаванняў.
Нарэшце, гаджэт, нават сучасны, – гэта не доктар і не панацэя. У тэхнікі адсутнічае экспертная ацэнка як фізічнага здароўя, так і ментальнага. На падставе статыстычных дадзеных яна камбінуе «норму» для кожнага(-ай) карыстальніка(-цы). Цікава сачыць за тым, колькі вады ты п’еш у дзень, але сапраўдную колькасць усё ж такі лепш вызначыць з рэальным лекарам.
Што пачытаць і паслухаць?
Літаратуры на беларускай і рускай мовах па тэме – з жабіны прыгаршчы. Таму час падцягнуць свой english!
Мішэль Фуко – «Дысцыплінаваць і наказваць». Пра тое, як развіваліся інстытуты ўлады, схільныя «прыглядваць» за супольнасцю.
Кевін Келі – «Бескантрольны» (Out of Control). Кніга часткова прысвечаная таму, як самаарганізуецца супольнасць і якім чынам яна кантралюецца.
Дасцін Драйвер – Designing With Data: Nicholas Felton. Артыкул пра тое, як можна прапускаць квантызацыю праз мастацтва інфаграфікі. Дарэчы, Нікалас Фэлтан – чалавек у тэме. Дзякуючы яму, шматлікія спосабы прэзентацыі самаапісанняў сталі папулярнымі ва ўсім свеце.
New Scientist – The quantified self. Відэа проста і даступна распавядае пра тое, як эвалюцыянавала сістэма «апісання сябе».
Гары Вульф – «Квантызацыя сябе» (The quantified self), TED-talk ад журналіста – сузаснавальніка напрамку. Усё строга па тэме: як працуе механізм квантызацыі і якія існуюць прылады для гэтага.
Вiзуал Oliver Burston, UI Kits