Беларускія музычныя вынікі 2024 года
Пакуль новы год рыхтуе меламанам новыя адкрыцці, музыкальная аглядальніца Алёна Варанец разам з калегамі згадвае, што адбывалася з беларускай музыкай на працягу 2024-га. Нашы музыкі калабіліся лакальна і праз межы, траплялі ў сусветныя чарты, збіралі вялікія пляцоўкі на розных кантынентах. На музычным небасхіле ўзыходзілі новыя яскравыя зоркі, а старыя героі вярталіся з доўгачаканымі рэлізамі і не баяліся ісці на эксперыменты.
Міжнародныя калабы
Увесь год беларускія артысты не спалі ў шапку і знаходзілі магчымасці ствараць музыку па-над межамі. Шмат на гэтым полі шчыраваў музыка Віктар Сямашка. Сёлета ён паставіў за мэту выдаваць па два рэлізы ў месяц і даў рады! Частка з іх была запісаная з авант-джазавым гуртом Fantastic Swimmers. Склад праекта пераважна польска-беларускі і мяняецца ад запісу да запісу. Пачаць знаёмства можна з дыптыху «Epistaxis», у якім гучыць дуда Яўгена Барышнікава і ліра Сержука Доўгушава. Імя Віктара Сямашкі трапіла на вокладку кастрычніцкага нумара аднаго з галоўных музычных часопісаў свету – TheWire.
«СОЮЗ» запісаў сінгл «Spring Has Sprung» са шведскім музыкам Свэнам Уандэрам і спявачкай Ашай Путлі з Індыі.
На альбоме «#INDAWOODS» падляшскага дуэта Sw@da і Niczos знайшлося месца і ангольскай спявачцы Lua Preta, і беларусцы Анастасіі Рыдлеўскай. З камерцыйных калабаў адзначым Palina і яе музыку для французка-мараканскага брэнда адзення Casablanca.
Беларускі постпанк і вялікія туры
Постпанк даўно стаў візітоўкай беларускай музыкі, год за годам ён пашырае кола прыхільнікаў па ўсім свеце і тэмп збаўляць, відавочна, не збіраецца. Гурт Molchat Doma выпусціў альбом «Белая полоса», пра які напісалі і Associated Press, Pitchfork, Financial Times і іншыя аўтарытэтныя медыя. Цяпер праслухоўванні «дамоў» толькі на Spotify сягаюць трох мільёнаў у месяц, што параўнальна, напрыклад, з папулярнасцю гуртоў Foals і The Chemical Brothers.
Свой лонгплэй «Adkaz» выйшаў і ў беларускамоўных постпанкаў Nürnberg (а мы падрабязна распавядалі пра шлях гурта тут).
Абедзве каманды за гэты год праехаліся з турам па еўрапейскіх гарадах і зайгралі колькі канцэртаў у Кітаі, а Nürnberg да таго ж даехаў да Лацінскай Амерыкі.
Не адстае ў канцэртнай актыўнасці калектыў Dlina Volny. Іх тур, апроч сольнікаў, уключаў яшчэ і галоўны еўрапейскі шоўкейс-фестываль Eurosonic. Дарэчы, два сінглы, што неўзабаве ўвойдуць у новы альбом Dlina Volny, можна паслухаць ужо цяпер.
Хто яшчэ ў сусветных топах
У чарт billboard сёлета трапіў трэк «Гламур» беларусаў uniqe, nkeeei и ARTEM SHILOVETS. Сакрэт поспеху просты – папулярнасць у TikTok. З кавалачкам «Гламура» ў сацсетцы выкладалі процьму відэа з розных кутоў свету: звычайна ў роліках фігураваў леапардавы прынт, а часам – сапраўдныя леапарды. Як вынік – на сёння ў «Гламура» 49 мільёнаў праслухоўванняў на Spotify.
Цікавы трэнд: у топах лічбаў на стрымінгах усё часцей з’яўляецца фонк – стыль, які падзаглух у канцы 2000-х, але перажывае зумерскае адраджэнне. Yatashigang, Romantica, SMITHMANE, OBLXKQ – музыка, якая амаль ніколі не выходзіць на канцэртныя пляцоўкі, але збірае праслухоўванні, параўнальныя з усім вядомымі Molchat Doma.
Новыя імёны
Год спрыяў стварэнню новых музычных праектаў. На пачатку 2024-га дэбютны альбом прэзентаваў VVaxplay – гурт, які стварылі Аня Жданава і Стас Мурашка. Атрымаўся плаўны і таямнічы вінтэдж-поп, варты ўвагі.
Света Бень і Сяргей Навіцкі паядналіся ў новым праекце WTBSK. Тэксты Бенькі, якія па настроі не ўкладаліся ў дуэт з Галяй Чыкіс, знайшлі музычнае ўвасабленне тут, у міксе трып-хопу і псіхадэлікі. Іх першы рэліз «Тут нікому не месца» – змрочная песня пра буслоў, што выносяць сваіх птушанят падалей ад небяспечных месцаў, – знайшла працяг у далейшай працы. У лістападзе музыкі далі канцэрт у Варшаве.
Дуэт Ralla, які адразу трапіў у сэрцайкі аматараў этна-вайбаў, за гэты год выдаў тры сінглы і заняў заўважнае месца ў фолк-прасторы. Дзяўчаты базуюць сваю творчасць на традыцыйных спевах, дадаюць аўтарскае прачытанне мелодый і суправаджаюць усё скрыпкай і басэтляй. Яны скалыхнулі менскую публіку сваімі выступамі і падчапілі на кручок фолку нават тых, хто ставіўся да яго абыякава.
Яшчэ адно адкрыццё года – этна-эмбіент праект Parus. Іх дэбютнік «Zara» спалучае жывы вакал, сэмплаваныя беларускія інструменты, сінтэзатары і запісы, зробленыя ў экспедыцыях.
Дэбюты па-беларуску
Вялікай падзеяй года стаў новы альбом «Петли Пристрастия». Усе восем трэкаў іх «Суперпазіцыі» беларускамоўныя – так гурт вырашыў выказаць сваю павагу да мовы і рассмакаваць яе музычны патэнцыял. У лірыцы міксуюцца размытая будучыня і жаданне выстаяць ці, як кажа Ілля Чарапко, «нерв, боль, стомленасць і ў той жа час непахісная ўпэўненасць у тым, што трэба рухацца далей, каб не даць сябе з'есці». У музыцы намяшана шмат чаго, ёсць нават акустычная гітара.
Беларускамоўны дэбют адбыўся ў гурта «СОЮЗ». Музыкі прэзентавалі летуценную песню «Калі ты запытаеш» з фірмовай лёгкасцю каманды і эстэтыкай «Песняроў».
Камбэкі
З новымі рэлізамі вярнуўся рэпер Angst (ён жа Віталь Рыжкоў). Артыст выпусціў фіт з лайтовым і сольны трэк з мелодыяй з «Прагнозу надвор’я» на беларускім тэлебачанні. Пад канец года сінгл выйшаў і ў праекта Belaroots – тут разам чытаюць Angst і Zeman.
Праз чатыры гады саспеў рэліз у Intelligency, прычым шчодры і актуальны: у «The Ideals» увайшлі 16 трэкаў, вельмі зразумелыя беларусам па настроі. З невясёлымі гітарнымі трэкамі вярнуліся «Мутнаевока» – іх «Антыдэпрэсанты» не лечаць, затое нагадваюць, што ты не адзін(-на) перажываеш не найлепшыя часы.
Што апроч рэлізаў? Некалькі адноўленых месцаў на мапе Менска. У сакавіку пераадкрыўся клуб «Бруге» – на іх першы канцэрт стаяла такая доўгая чарга, што не ўсе жадаючыя здолелі патрапіць унутр! Летам перазапусціўся «Рэактар» – легендарны клуб, які спыніў дзейнасць у 2011 годзе. Падзею адзначылі трохдзённай праграмай у розных жанрах. Як праходзіла адкрыццё – можаш пабачыць у фотарэпартажы.
Заўважныя кліпы
2024-ы песціў нас у сферы кліпаў, і цяпер можна выбіраць з цэлага россыпу відэа. Applepicker танчыў пад «кукурузінамі», саліст гурта «Сны Синей Собаки» выступаў у ролі мерцвяка, а Анастасія Рыдлеўская білася за ўнутраную свабоду ў гатычнай сядзібе.
Рэкордная колькасць дабрыні змясцілася ў кліпе «Петли Пристрастия» (ці ўжо «Пятлі Прыхільнасці»?), максімум стылю і энэргіі – у відэа Koob & Sw@da, якія да таго ж запісалі сумесны міні-альбом.
А Molchat Doma вырашылі паказаць, чым ёсць сапраўдная прадуктыўнасць, і прэзентавалі адразу тры кінематаграфічныя кліпы.
Фестывальны сезон
У Беларусі сёлета пераважвалі буйныя камерцыйныя фестывалі. Рэкорд па наведванні традыцыйна ўсталяваў Viva Braslav, але цяпер у яго з’явілася некалькі паслядоўнікаў, кшталту FESTIWOW на «Дынама» ці фестывалю WOSTRAU у Нясвіжы.
З альтэрнатывай у гэтым сезоне складаней. Па-за поп- і рэп-лайнапам былі хіба што «Свята Сонца» і «Наш Грунвальд» у Дудутках. Сёлета не адбыўся фестываль Sprava, а Vulitsa Ezha зноў прайшла без аўтарскай музыкі. Адказваць за ўсіх даводзілася канцэртным пляцоўкам.
За мяжой паціху наладжваюцца свае фестывальныя традыцыі. «Варушняк» у Варшаве праходзіць і ўзімку, і ўлетку. Тут паляць купальскае вогнішча, ладзяць калядаванні і агортваюць усё гэта выступамі беларускіх артыстаў, электроннай музыкай і народнымі спевамі. Кракаўскі «Летуцень» сёлета прайшоў ужо пяты раз і сабраў каля пяці тысяч чалавек. Гэтым разам на музычнай сцэне можна было пабачыць гурты Leibonik, «РСП» і першы за доўгі час выступ Groove Dealer.
Гісторыі электроншчыкаў і «аркестр без дырыжора»
Па-за рэлізамі і канцэртамі на музычным полі з’явілася некалькі цікавых праектаў. Аляксандр Карнейчук (DJ KorneJ) стварыў падкаст «Ікарус», дзе распавёў пра развіццё беларускай электроннай сцэны. Тут можна даведацца, хто першы ў Беларусі пачаў граць электроніку, дзе і як адбываліся рэйвы і чаму гэта музыка спрыяла развіццю культурных сувязяў. Усе восем аўдыявыпускаў ёсць на стрымінгах і на саўндклаўдзе, а на «Першаку» можна чытаць тэкставыя версіі.
На ютубе з’явіўся аглядальніцкі праект «Отдел местной продукции». Тут у жывым эфіры слухаюць і абмяркоўваюць новыя беларускія рэлізы. Россып разнамаснай музыкі ў пяцігадзінных стрымах – паважная справа! Для тых, каму бракуе часу, выходзіць рубрыка SoundBar з найлепшым за месяц.
Было што паглядзець і жыўцом. На паўвостраве каля Белай Царквы, дзе звычайна праходзіць фестываль Sprava, стварылі эксперыментальны праект Sad Orchestra. Ён прысвечаны тром асобам беларускага мастацтва: Леаніду Нарушэвічу, Арцёму Залескаму і Аляксею Стрэльнікаву. Кожнаму з герояў у садзе прысвечана сваё дрэва. Для тых, хто не можа даехаць да Белай Царквы, зрабілі віртуальную версію.
Што паслухаць: раяць музычныя аглядальнікі
Каманда «КЛІК» падсвятляе трэндавую музыку:
Сінгл Анастасіі Рыдлёўскай наглядна даводзіць, як змрочныя праблемы пошуку і прыняцця сябе могуць быць упісаныя ў фальклорны гук, стракаты візуал і казачныя лакацыі кліпа. «Dance on My Own» – гэта цэлае палатно, напісанае з дапамогай некалькіх моў і шаманскіх матываў. Напэўна, тут не абышлося і без вядзьмарскага зелля.
Прыклад шчырай гітарнай музыкі ад кобрынскіх сяброў, якія абавязкова стануць знакамітымі. «Моя любовь» – адна вялікая рэфлексія пра тое, што баліць, а баліць прыгожа і з хітовым прыпевам. Новы беларускі рок, якога ўсе ўжо адчувальна зачакаліся.
У новым альбоме народныя постпанкі Беларусі паказалі суперпазіцыю не толькі з пункту гледжання квантавай механікі, але і прынцыпаў. Што тычыцца музыкі, то гурт знаходзіцца ў найвыдатнейшай форме. «Пятля» зноў паказала ўменне ствараць чэпкія мелодыі, пад якія аднолькава добра як слэміцца ў натоўпе, так і сумаваць у адзіноце.
***
«Подпольный вестник» звяртае ўвагу на індзі-сцэну:
Гледзячы на спіс альбомаў, якія выйшлі сёлета, кідаецца ў вочы, што агулам гучныя і грамадска-чаканыя ў індзі і панк-асяроддзі альбомы адсутнічаюць. Калі ў мінулым годзе на гэтым месцы былі, напрыклад, альбомы ад Fishtank і Challenger Deep, то ў 2024-м паўнафарматнікам адзначаліся ў асноўным зусім маладыя банды.
Дваццаць пяць хвілін цягучага і летуценнага гуку ў дыяпазоне ад індзі і постпанку да бэдруму і дрым-попу ад менскага калектыву на чале з маладым мастаком Уладзіславам Дубоўскім. Яго мудрагелістыя ілюстрацыі ўплецены ў дыскаграфію калектыву і дапамагаюць выбудаваць візуалізацыю пры праслухоўванні. Кружэлка гучыць суцэльна, не надакучвае, выклікае жаданне паслухаць паўторна – рысы ў наш час нячастыя.
Вялікая праца калектыву з Наваполацка, якія пачыналі з класічнага построку, аднак потым трансфармаваліся, не пабаяўшыся дадаць вакал у музыку такога кшталту. Выпуск альбома расцягнуўся на тры гады, і чаканні былі апраўданыя. Построк нікуды не сышоў, а ад наяўнасці вакалу дыяпазон зрушыўся ў шматлікія бакі. Там ёсць і прог, і альтэрнатыва, і месцамі нават поп-рок – добры зачын на пашырэнне аўдыторыі і вельмі прыемны камбэк.
son of deni – праект удзельнікаў гуртоў Pour Me Another, «Маразм Аркадия», Name Killer Birchenson, eli's ladder, «сын Дени». Магчыма, самы пладавіты беларускі гурт на варшаўскіх палях. У пачатку года ў іх выйшаў спліт з гуртамі падобных стыляў з розных куткоў свету, а ў канцы года пабачыў свет і поўнафарматны альбом. Акрамя гэтага, гурт актыўна гастралюе – што таксама з'яўляецца вялікім плюсам ва ўмовах рэлакацыі. На альбоме ёсць усё, чаго на нашай сцэне цяпер мала: джаз, матэматычны рок, эма і нават скрыма. Рэкамендуецца прыхільнікам нестандартных памераў.
Бонусам: кароткі, але жвавы баевічок у жанры хардкор-панк, які з нашых радараў за апошнія гады практычна знік. Шэсць напорыстых і досыць класічных трэкаў ад удзельнікаў горача любімага калектыву «Спираль Бруно».
***
«Первый локальный» нагадвае пра годны метал:
Гарадзенскі праект з выдатным разуменнем жанру Black Metal. У гурта сур'ёзная прадуктыўнасць, гэта пяты альбом з 2022 года. Вельмі атмасферная кружэлка, гурту ўдалося знайсці скандынаўскае гучанне, але не зваліцца ў фармат «Raw» і так званы некра-гук. Мноства тэрцый у партыях спрытна пераводзяць са змрочнай злосці ў прыемную тугу і назад. Дапамагаюць вінтажныя ўстаўкі са старога кінематографа. Абсалютна кожная кампазіцыя меладычная, што дапамагае трэкам адрознівацца ад астатніх і запамінацца. Гэта той самы медытатыўны black metal, асабліва там, дзе актыўна выкарыстоўваецца «бласт-біт».
Чацвёрты поўнафарматны альбом ад менскага калектыву, з якім ён зусім нядаўна вярнуўся на лакальную сцэну ў абноўленым складзе. Восем розных праяў і іпастасяў death metal'а: ад базавага «MDM» і класічнага «дэт-металу» да рэдкага для нашага слухача Death&Roll'а і элементаў fusion. Гэта перадае, бадай, адна з найлепшых бас-гітарыстак цяперашняй сцэны. У вушы кідаюцца олд-скульныя вакальныя тэхнікі, якія ў сучасным метале чуеш усё радзей і радзей. Нічога кардынальна новага альбом не дае, але, здаецца, ён і не спрабуе. Усе хады знаёмыя, але любімыя, і мы па іх сумавалі.
Уяўляеш альбом, які спалучае такія жанры, як deathcore, glitch-core, emo-punk, post-black, death-grind, hip-hop, nu-metal, screamo, брыт-рок і розныя іпастасі альтэрнатывы? А яшчэ вельмі шмат любові да японскага металу. Гэта трэці альбом ад маладога трыа з Маладзечна. Вакаліст – адзін з самых яркіх прадстаўнікоў цяперашняй «лакалкі». Некаторыя вакальныя тэхнікі вельмі рэдкія: напрыклад, guttural, ці акцёрскія мелізмы ў стылі Дэвіса з КоЯn, ці вар'яцтва Кё з Dir En Grey. А вось хатняе звядзенне паліцца, і больш за ўсё прасядаюць барабаны. Дынаміка распісана добра, але самі сэмплы спрэчныя. Нягледзячы на мінусы, гэты альбом спадабаўся больш за ўсё ў 2024-м. Такі шквал эмоцый, пачуццяў, хлопцы нібы прыадчыняюць акно ў свой свет.