Шчырасць is the new black. Рок-камета Міхей Насарогаў і рэжысёр Андрэй Астроўскі гамоняць пра новы кліп «Дорогая, я везу к тебе своих монстров» і адначасна высвятляюць, што такое гіперсуб’ектыўны ахтунг знутры.
Міхей: З адукацыі я мастак і трохі ўмею ствараць відэашэраг. Я думаў: «Гэтая песня з начным адчуваннем, але здымаць ноччу будзе праблематычна. Можа выратаваць інверсія». Але банальны негатыў не спрацуе, бо патрэбна візуальная дыверсія. Я паклікаў Андрэя – ён тады таксама жыў на Каменнай Горцы, – пазначыў яму ідэю, і мы знялі эскіз прама ў мяне на кухні. Знялі адзін вобраз галоўнага героя, зразумелі, што неяк тухла, няма ніякай драматургіі, – распрацавалі яшчэ некалькі вобразаў. У асноўным здымалі ў мяне на кухні. Некалькі кадраў зрабілі на вуліцы і ў пад’ездзе. У агульнай складанасці здымкі занялі гадзін дзесяць.
Андрэй: Мы здымалі ў тры прыёмы, калі не лічыць майго блукання па горадзе. Дарогу я наўмысна здымаў у п’яным стане, каб кадры атрымліваліся плаваючымі. Калі спрабаваў парадзіраваць цвярозым – не атрымлівалася. Нават супала так, што я здымаў у той час, калі дождж ператвараўся ў снег, – зусім як у песні.
Міхей: Усё атрымалася выдатна, таму што Андрэй тэхнічна вельмі падкаваны. Я задаваў яму пытанні тыпу: «А так можна зняць?» – на што ён адказваў: «Ды як нех*й». Мне хацелася, каб па відэашэрагу было зразумела, што гэта поўны DIY, зроблены на каленцы. Але не атрымалася: Андрэй зрабіў занадта круты постпрадакшн.
Андрэй: Мне здалося, што так будзе правільна.
Міхей: Важны момант: дзе заканчваюся я і дзе пачынаецца Андрэй. Я адказваў выключна за візуал, прыдумаў канцэпцыю і размаляваў сябе і музыкаў. З вобразамі баяніста Валянціныча і басіста Сашы Вернага ўсё было проста: яны самі па сабе эфектныя хлопцы. На гэтым мой удзел у стварэнні роліка скончыўся, далей за справу ўзяўся Астроўскі. Я стаміўся за ўсё адказваць сам і ўсюды ўсоўваць свой нос, таму з радасцю дэлегаваў рэжысуру Андрэю. Але насамрэч я проста вельмі надакучыў сам сабе.
Андрэй: У здымках бывае «праца-праца», а тут па адчуваннях была сапраўдная творчасць. Вельмі дапамагала мая жонка Каця: калі я разумеў, што ўжо нічога не разумею, яна глядзела на таймлайн і давала слушныя парады. Я слухаўся – і сапраўды атрымлівалася гладка.
Міхей: Працэс мантажу зацягнуўся, таму што шэдэўры не фінансуюцца. І ў нейкі момант я нават хацеў здацца, але Андрэй казаў: «Не, мы гэта зробім. І наогул, я ўжо еду да цябе». Па жыцці я спрынтар: магу хутка бегаць і эфектна біцца, але нядоўга. Усе гэтыя марафоны не для мяне.
Андрэй: Мы хацелі выпусціць да Новага года, потым – да 14 лютага, затым – да 8 сакавіка... Але вырашылі, што трэба рабіць добра, а не хутка.
Міхей: Раней я ўвесь час жыў вынікам, таму быў няшчасным. Гэта была нейкая мітусня ад аднаго чэкпойнта да іншага: я не адчуваў радасці, але знаходзіўся ў нейкай ёб*най гонцы з самім сабой. У 40 гадоў я сабе сказаў: «Харэ, чувак, давай будзем проста дурэць ад працэсу». І вось стварэнне гэтага кліпа ператварылася для мяне ў суцэльнае задавальненне, хоць Астроўскі, напэўна, крактаў ад напружання, таму што ён яшчэ малады і не пазбавіўся ад перфекцыянізму – ракавай пухліны творчага дзеяча.
Андрэй: Ну які я малады? Толькі на 7 гадоў маладзейшы за цябе.
Міхей Насарогаў – вакал, гітара, укулеле
Андрон Валянціныч – баян
Аляксандр Верны – бас
Андрэй Чарнавокі – ударныя
Сяргей Афанасенка – гук
Дзясятка адборных міні-фільмаў, замаскіраваных пад кліпы, – з сюжэтам, хвацкай акторскай ігрой і часта нечаканай канцоўкай.
Менскі слоўпок-індзі-бэнд Tok Rukoo вяртаецца з новым кліпам Like Never Before пра офісны драйв і дзяўчыну, якая ў кадры нічога асаблівага не робіць.
Топ-10 самых смачных відэакліпаў, што лашчылі нашы вочкі летам 2016-га.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.