Гліч май біч

  • 15.12.2016
  • Аўтар: 34mag
  • 10751

Драйв і атмасфера – тое, што нам укаціла, калі музыкі з гурта The Glitchhh даслалі нам свой кліп. Індустрыяльныя краявіды, мільгаценні спальных шматпавярховікаў, дзень-ноч, лета-зіма – ты трапляеш у гэтую пастку, ды ці хочацца табе з ёй выбірацца? Шукай адказ у мастэрпісе ад паэтаў менскай штодзённасці.

 

 

The Glitchhh – маладая беларуская група, якая ў 2016 годзе прайшла ў фінал адборачнага туру «Басовішча», грае рок-інструментал з адценнем нойзу, блюзу, шугейзу і ўсяго таго, што расцягвае тваю свядомасць шматлікімі гітарнымі дылэямі і дысторшанамі, а зверху накідвае індустрыяльнымі барабанамі. У гурце граюць тры хлопцы – Жэня на гітары, Ігар на басу і Федзя на барабанах. Мы сустрэліся з імі ў суровы зімовы дзень, каб задаць некалькі ўдакладняльных пытанняў.

 

 

Што ж вы, у рэшце рэшт, граеце?

  Жэня: Інструментальную музыку – усё проста. Напэўна, гэта самае адпаведнае азначэнне.

  Ігар: Я кожны месяц прыдумляю нам новы стыль. Прыходжу на рэпетыцыю і кажу: «Хлопцы, насамрэч мы граем вось гэта!» І ўсе такія: «Ну акей». А праз месяц мы пра гэта шчасліва забываемся.

  Федзя: Мы граем у стылі «and other» – іншая музыка.

Вы карыстаецеся столькімі эфектамі, вашыя педаль-боксы, здаецца, палову сцэны займаюць. Як вы ўсё гэта наладжваеце?

  Жэня: А гэта не так складана, калі разабрацца. Проста круці ручкі і атрымлівай асалоду. Можна ўвогуле выпадкова дзіка круты гук атрымаць.

  Ігар: Гэта наогул крута, калі ты адчуваеш гук рукамі.

Аналагавы гук – для вас гэта фетыш ці рэальна ёсць нейкая адчувальная розніца?

  Жэня: Розніца ёсць, вядома. Гэта любы гітарыст скажа. Рэспект хлопцам, якія на старым кампе і з адным навушнікам могуць наруліць фірмовы гук. Нам зручней працаваць з сапраўднымі педалькамі.

 

 

 

 

 

Што слухаеце з беларускага?

  Ігар: Мне альбом «Крамбамбулі» вельмі спадабаўся.

А новы Вольскі?

  Жэня: Так, «Псіхасаматыка» таксама выдатная. Хто-небудзь ведае, Лявону дазволілі ўжо ездзіць з канцэртамі да нас?

Некаторыя маладыя гурты хочуць, каб іх як мага хутчэй забаранілі. Тады пра іх усё дазнаюцца і яны будуць граць вялікія канцэрты ў Літве і Польшчы. Як вы да гэтага ставіцеся?

  Жэня: У нас жа музыка інструментальная, усё ж такі, я нават не ведаю, што нам трэба зрабіць, каб нас забаранілі.

  Ігар: На «Басовішчах» у мяне спыталі нешта пра беларускую ідэнтыфікацыю, нацыянальнае адраджэнне і бла-бла-бла. Ну я ім адказаў, што ў мяне бас на беларускай мове грае.

 

 

 

 

 

Распавядзіце пра кліп.

  Жэня: Кліп – гэта праца студыі Doctape Media і канкрэтна Андрэя Астроўскага. Нам было важна, каб захавалася асаблівая атмасфера песні. На шчасце, Андрэй усё правільна ўлавіў. Trap – гэта першы сінгл. Усяго іх будзе тры. І на ўсе мы рыхтуем відэа.

Андрэй (рэжысёр кліпа): Не хацелася здымаць сюжэтнае пастановачнае відэа. Цікава было папрацаваць з вобразамі. Тэма горада з’явілася неяк адразу. Потым даведаўся, што Trap у назве дасланага файла – уласна і ёсць назва трэка. «Пастка». Стала больш зразумела.

З аднаго боку, хацелася вытрымаць «кліпавую» карцінку, з другога – паказаць штодзённую «рэальнасць». Тут мы выдатна спрацаваліся з Tracy HipHop. Не ведаю нікога, хто лепш разумее эстэтыку VHS. Ён забяспечыў «рэальнасць», я працаваў над «кліпавасцю».

 

Сачыць за гуртам у сацсетках:

VK   FB   Bandcamp

 

Тэкст by Аляксандр Лашкевіч
Фота by Таня Капітонова

 


КАМЕНТАРЫ (1)

^_^ | 16.12.2016 12:47

Вар'яцкі круты кліп.

13 0 +13