Фандрайзінгавая платформа MolaMola запусцілася ва Украіне
- Рубрыка: УЛОЎ
- 06.07.2020
- 7448
Беларуская фандрайзінгавая платформа MolaMola запусцілася ва Украіне. Сузаснавальнік праекта Антон Матолька распавёў пра гэта на Facebook.
Першапачаткова планавалася, што «ўкраінізацыя» MolaMola адбудзецца ў мінулым сакавіку, аднак запуск затрымаўся з-за банкаўскіх фармальнасцей, каранавірусных навін і затрымання сузаснавальніка сэрвісу Эдуарда Бабарыкі беларускімі сілавікамі. Тым не менш з ліпеня на ўкраінскай MolaMola можна ствараць уласныя кампаніі і падтрымліваць чужыя.
Як там усё ўладкавана?
Аператарам плацяжоў выступае нацыянальны плацежны сэрвіс UAPAY. Як і ў беларускай версіі, аўтару кампаніі не трэба чакаць, пакуль збярэцца пэўная сума: усе плацяжы адразу прыходзяць непасрэдна на яго картку.
Каб кінуць кліч на MolaMola, трэба быць паўналетнім, выступаць як фізічная асоба і валодаць карткай любога ўкраінскага банка. Спонсарамі могуць быць асобы, у якіх ёсць украінская VISA або MasterCard.
Якая камісія?
Ва ўкраінскім варыянце карыстальнікі губляюць з ахвяраванняў менш, чым у Беларусі: сумарная камісія банка, аплатнай сістэмы і фандрайзінг-платформы – 1% + 5 грыўняў з кожнага плацяжу (зрабіць нулявую камісію, як тое задумвалася стваральнікамі, не дазваляюць украінскія законы).
Спонсар не губляе на пераводзе нічога: адпраўляе 100 грыўняў – з яго рахунку здымаюць роўна 100 грыўняў. У Беларусі камісія MolaMola складала 6%.
Каго можна падтрымаць цяпер?
Цяпер на MolaMola актыўныя 16 кампаній. Збіраюць, напрыклад, на рэстаўрацыю Cцяны Памяці на Байкавых могілках у Кіеве, паездку ў Карпаты групы маладых людзей з асаблівасцямі псіхічнага здароўя, абсталяванне інфастэндамі Крывалуцкай экасцежкі і корм для коцікаў у аэрапорце Дняпра.
Як справы ў MolaMola ў Беларусі?
Пакуль не вельмі. Нагадаем, што платформа не прымае плацяжы з 11 чэрвеня. «Белгазпрамбанк», які выступаў партнёрам сэрвісу, прыпыніў супрацоўніцтва. Цяпер каманда MolaMola шукае банк або плацежную сістэму, да якой можна будзе прывязацца нанава.
Увогуле MolaMola існуе з 27 сакавіка 2019 года, але ўзляцела гэтай вясной – трамплінам выступіла неабароненасць лекараў у сітуацыі пандэміі: платформа выявілася зручным спосабам збіраць на СІА і абеды медыкам. Усяго за час існавання «Молы» на ёй запусцілі 1530 кампаній, па выніку яны сабралі больш за 1 250 000 BYN.