Праект MolaMola дапаможа сабраць грошы на тваю ідэю
- Рубрыка: УЛОЎ
- 28.03.2019
- 8260
27 сакавіка каманда краўдфандынгавай пляцоўкі Ulej запусціла фандрайзінгавы сэрвіс MolaMola. Гэта платформа, на якой можна хутка сабраць грошы на любую ідэю, няхай тое будзе падарунак бабулі, друк статуі Аляксандра Саладухі на 3D-прынтары або экстрым-экспедыцыя ў Чачэрск.
Як гэта працуе?
Каб запусціць сваю кампанію, трэба 15 хвілін – усё хутка і проста: апісваеш сваю мэту, паказваеш аплатную карту, атрымліваеш адказ мадэратара і чакаеш дажджу з манет.
Колькі гэта каштуе?
Фінансаванне кампаній на MolaMola дармовае. У адрозненне ад краўдфандынгу, фандрайзінг не абавязвае стваральніка кампаніі неяк аддзячыць сваім спонсарам у абмен на грошы.
Сродкі адразу залічваюцца на карт-рахунак аўтара кампаніі з вылікам камісіі платформы і банка-партнёра – гэта 6% ад кожнага пераводу, але не менш за 1,1 BYN.
Каго падтрымаць?
На сайце MolaMola ўжо збіраюць грошы на інтэнсіў па пытаннях навучання, дыягностыкі і карэкцыі дыслексіі ў дзяцей, экспедыцыю па раскопках эпохі палеаліту, арганізацыю вяселля. Усе праекты можна глянуць тут.
Эдуард Бабарыка
заснавальнік MolaMola і Ulej
«Зараз MolaMola – стартап. Паглядзім, наколькі пляцоўка стане запатрабаваная ў карыстальнікаў, і, калі ўбачым да яе цікавасць, будзем развіваць праект».
Ганна Самарская
дырэктарка па развіцці Ulej
«Мы разглядаем і такі сцэнар, калі аўтар ідэі першапачаткова размяшчаецца на MolaMola і прыцягвае стартавае фінансаванне, а затым з добра прапрацаваным праектам выходзіць на Ulej».
Антон Матолька
ідэйны натхняльнік праекта, актывіст
«Платформа MolaMola – гэта інструмент для той самай грамадзянскай супольнасці, пра якую мы ўвесь час кажам, дзе людзі самі дапамагаюць адно аднаму пры ўзнікненні тых ці іншых сітуацый».