Рукамі не чапаць

Навошта адна жанчына пэцкае іншых фарбай ды расстаўляе іх аголеных, як тавары ў краме? Мы паглядзелі на «жывыя» інсталяцыі амерыканскай мастачкі Доны Хуанкі, каб адказаць сабе на пытанне: гэта крытыка капіталізму ці яго маніфест?

 

Некалі арт-актывісткі Guerrilla Girls сталі выбухам у свеце шавінісцкіх мастацкіх інстытуцый дэмакратычнай – выключна на паперы – Амерыкі з лозунгам «Жанчына павінна быць аголенай, каб патрапіць у Метраполітэн-музей?». Яны падмацавалі сваё выказванне статыстыкай: толькі 4% мастакоў – жанчыны, а 76% жанчын на карцінах з калекцыі не абцяжараныя адзеннем. Дона Хуанка, мастачка, якая прыцягнула нашу ўвагу, успрыняла лозунг «гарыл» занадта літаральна і стала прыводзіць распранутых дзяўчат у галерэю, робячы з жывога цела арт-аб’ект.

 

 

 

 

Дона Хуанка (Donna Huanca) нарадзілася ў 1980 годзе ў Чыкага (ЗША), жыве паміж Берлінам і Нью-Ёркам. Вывучала жывапіс ва Універсітэце Х’юстана і Школе малявання і скульптуры ў Скаўхігане (ЗША), а потым працягнула ў Вышэйшай школе выяўленчага мастацтва Städelschule у Франкфурце. Стварае ў жанрах жывапісу, інсталяцыі і перформансу.

Дона працуе з тэкстылем і скурай, каб дакрануцца да фетышысцкай тактыльнасці культурных працэсаў і звярнуцца да падсвядомага гледача і ўласнага ўнутранага свету. Яна разглядае адзенне як неад’емную частку культурных рытуалаў, якія вызначаюць цела ў сацыяльных практыках і суб’ектывуюць яго. Вопратка – адзін з прасцейшых і даступных усім спосабаў самаідэнтыфікацыі – здольная як сцерці індывідуальнасць і паглынуць чалавека, зрабіўшы яго часткай гамагеннага цэлага, так і падкрэсліць выбітнасць і непадобнасць. Дона паказвае, як асяроддзе фармуе цела, паглынае і растварае яго ў сабе – шмоткі і наваколле дэперсаналізуюць цялеснасць, што і вымушае мастачку гаварыць пра гэта ўслых, але без словаў.

Такія жывыя інсталяцыі падаюцца новым павевам, выклікам галерэям, якія патанулі ў камерцыйных выставах і вернісажах з шампанскім ды аднымі і тымі ж наведнікамі, якія пацягваюць напой, утаропіўшыся ў фотаздымак ці абстрактны жывапіс. Хуанка робіць даволі супярэчлівае мастацкае выказванне: з аднаго боку, гэта пра цела, яго сувязі з сусветам. Вяртанне нашай фізічнай абалонцы натуральнага стану аголенасці дае голас памяці, што захоўваецца ў костках і цягліцах, але з іншага – паўтарае культурны шаблон аб’ектывацыі жанчын у мастацтве, капіталізме, соцыуме, які існуе ўжо шмат стагоддзяў.

Можна спрачацца, што Дона, хутчэй за ўсё, крытыкуе такое становішча, але з неадназначнымі тэмамі заўсёды так: ты выказваешся і пасля не маеш ніякага ўплыву на тое, як гэта ўспрымаецца, бо расшыфроўка арту заўжды належыць гледачам. Таму кожны свой крок варта рабіць вельмі асэнсавана, бо, калі справа тычыцца гендару, інваліднасці, палітыкі, ствараючы супрацьдзеянне сістэме, ты можаш паўтарыць і падтрымаць тое, што аспрэчваеш. Аголеныя дзяўчаты ў вітрыне ці нерухомыя на подыуме – гэта адначасова і маніфест, і крытыка патрыярхальнага грамадства. Такі стан дае прастору для разважанняў і новых пытанняў, а сучаснае мастацтва пераважна гэта і мае сваёй мэтай.

 

Donna Huanca ў вэбе:

Сайт   Instagram