2009 vs 2019. Як змянілася мода за апошняе дзесяцігоддзе?

  • 22.01.2019
  • Аўтар: Rondo
  • 5361

У 2009-м модныя патрэбы пакрываліся футболкай з назвай любімага гурта, а ў 2019-м нашы шафы захапілі стрытвір, аверсайз і логаманія. Разбіраемся з трэндамі і высвятляем, як наш стыль змяніўся за апошнія дзесяць гадоў.

 

Мы пачалі разбірацца ў модных тэндэнцыях

У 2019-м мода не асацыіруецца з подыумамі, буцікамі і глянцавымі часопісамі: арыентаванне ў модных павевах стала звычайных справай. Мы не толькі сочым за тым, што адбываецца ў свеце моды, але і ўмела ўзнаўляем убачанае: досыць тыцнуць пальцам у экран смартфона і назіраць за тым, што робяць брэнды. Instagram падкажа, якія красоўкі варта прыкупіць, а youtube-акаўнты модных дамоў растлумачаць, з чым іх трэба спалучаць, – прытрымлівайся гэтых рэкамендацый і заставайся ў трэндзе.

 

 

Наш час – час стрытвіру

Прадпрымальнікі нацягваюць світшоты, а офісныя работнікі заскокваюць у красоўкі – стрытвір знішчае любыя намёкі на дрэс-код, выцясняючы з нашых паліц строгія элементы гардэроба. Кансерватары Ralph Lauren ствараюць капсульныя калекцыі са скейтарскімі брэндамі, а Louis Vuitton аб'ядноўваюцца з Supreme – знакамітыя дамы прымыкаюць да андэграўнднай культуры, не жадаючы заставацца па-за трэндамі.

 

 

Красоўкі – галоўны абутак дзесяцігоддзя

З спартыўнага атрыбута красоўкі эвалюцыянавалі ў поп-культурны феномен: людзі плацяць казачныя грошы, адстойваюць кіламетровыя чэргі і начуюць пад дзвярыма крамы толькі дзеля таго, каб атрымаць запаветную пару. Дызайнеры бачаць у красоўках ідэальны аб'ект для калабарацыі, снікерхэды калекцыянуюць іх замест марак і манет, а мы лічым красоўкі ідэальным абуткам для працы, спорту і паўсядзённага жыцця. І не важна, якія красоўкі любіш ты, – альдскульныя, як Стыў Джобс, або мокрыя, як Ціма Беларускіх, – галоўнае, каб абраная пара прыносіла табе задавальненне.

 

 

Адзенне становіцца тэхналагічным

Да гардэроба Марці Макфлая мы яшчэ не дараслі, але некалькімі тэхнічнымі штучкамі абзавяліся: у крамах прадаюцца курткі з падагрэвам і пальчаткі з multitouch-устаўкамі, дызайнеры ствараюць «вечнае» адзенне з карбонавых нітак, а Nike уяўляе красоўкі з аўташнуроўкай. Так, сёння адзенне не мяняе свой памер, але можа счытваць нашы біярытмы: яшчэ крыху – і мы пачнем апранацца па канонах кіберпанку.

 

 

Вінтаж нікуды не ўцёк

Наяўнасць тэхналагічных рэчаў не перашкаджае нам цягаць вопратку нашых бацькоў, абшнырваць сэканд-хенды і закупляцца рарытэтнымі шмоткамі на барахолках. Мода цыклічная, таму вельветавыя штаны, флісавыя курткі і пола з доўгімі рукавамі запаўняюць нашы шафы, а на вуліцах усё часцей сустракаюцца анімалістычныя прынты і геаметрычныя малюнкі. Хочаш быць у трэндзе – апранайся як кінагероі 80-х, а худзі з філасофскім надпісам прытрымай да наступнага дзесяцігоддзя.

 

 

Мы прамянялі лацінку на кірыліцу

Да размовы пра надпісы: у 2009-м было модна фарсіць адзеннем, пакрытым замежнымі словамі, а ў 2019-м мы аддалі перавагу рускай: лакальны стрытвір запоўнены футболкамі з глыбакадумнымі выслоўямі, а святлоадбівальную фразу «кто, если не мы?» можна сустрэць на кожнай другой менскай вечарыне. Разам з мовай змянілася і форма надпісаў: дзесяць гадоў назад яны былі квяцістымі і размашыстымі, а сёння шрыфты становяцца драбней і манатонней.

 

 

Шматслойнасць і аверсайз супраць лёгкасці і прыталенага адзення

Прычына папулярнасці аверсайзу вельмі простая: нам проста надакучылі нязручныя рэчы, падабраныя памер у памер. Balenciaga, Gucci і Christian Dior паказалі  ўсяму свету, як варта насіць аб'ёмныя рэчы, а мы хутка падхапілі гэты зручны трэнд, памножыўшы яго на шматслойнасць – навошта выбіраць паміж кашуляй і світшотам, калі іх можна надзець адначасова?

 

 

Лакальныя брэнды сталі запатрабаванымі

У 2009 годзе дызайнерскае адзенне асацыявалася з буцікамі і дарагімі шоурумамі, а ў нашы дні мясцовыя брэнды зрабілі ўпор на простых смяротных: кошты на рэчы перасталі быць драконаўскімі, а сукенкі і пінжакі саступілі месца байкам і лонгслівам. Беларускія дызайнеры робяць капсульныя калекцыі, супрацоўнічаюць з замежнымі брэндамі і пакрываюць увесь модны спектр, так што ў 2019-м можна запоўніць гардэроб добрымі беларускімі рэчамі, не патраціўшы на гэта вялікія грошы.

 

 

У Беларусі з'явіўся сусветны мас-маркет

Са з'яўленнем у Менску брэндаў тыпу Zara, Bershka і Massimo Dutti патрэба ў замежным шопінгу знізілася: навошта ехаць «на закупы» ў Польшчу, калі неабходныя рэчы можна купіць на суседняй вуліцы? Таксама сусветны мас-маркет паўплываў на стыль беларусаў: людзі, якія атрымалі доступ да разнамаснай вопратцы, сталі ўдзяляць больш часу каларыстыцы, фасону і цэльнасці свайго аўтфіта.

 

 

Сэканд-хэнды паўсталі з мёртвых

Дзесяць гадоў таму сэканды лічыліся храмам фрыкаў, а сёння гэтыя крамы – прыстанак школьнікаў, якія выйшлі на паляванне на модныя брэнды, месца нажывы для рэсэлераў і добры варыянт для тых, хто хоча купіць клёвую рэч за бесцань. У 2019-м сэканд-хэнды адкрываюцца на кожным рагу і ў кожнай краме дзейнічае бязлітасны рандом: ты можаш сысці адтуль з абярэмкам класнага адзення, а можаш правесці там некалькі гадзін і рэціравацца з пустымі рукамі – гэта своеасаблівая латарэя, да якой не варта ставіцца сур'ёзна.

 

 

Чэстрыгі, шолдэры і паясныя сумкі замянілі заплечнікі

Калі табе не трэба цягнуць нешта буйнагабарытнае, забудзь пра заплечнік: на вучобу можна ездзіць з чэстрыгам, для паходаў на вечарыну хопіць шолдэра, а на канцэрт лепш адпраўляцца з паясной торбай. Наогул паясная сумка здзейсніла нечаканы камбэк: у 2009-м яна была атрыбутам рынкавых прадаўцоў, а ў 2019-м ператварылася ва ўніверсальную рэч, якая дарэчы глядзіцца і на тым жа прадаўцу, і на уладальніку новага месца на Кастрычніцкай.

 

 

Гендарныя межы ў вопратцы сціраюцца

Гендарныя стэрэатыпы руйнуюцца не толькі ў эпатажных фотасесіях: еўрапейскія школы ўводзяць гендарна-нейтральную форму, дызайнеры апранаюць мадэляў у спадніцы, а рок-зоркі не саромеюцца ныраць у жаночую вопратку проста таму, што «не сорамна быць жанчынай». У нашых рэаліях дзяўчаты свабодна разгульваюць у мужчынскіх футболках, кофтах і кашулях, а хлопцы спакойна заходзяць у жаночы аддзел па вузкія джынсы – якая розніца, для каго было створана адзенне, калі табе яно падабаецца?

 

 

Фота: thesource.com, www.radar.st