Лічба дня. Колькі каштуе правесці мітынг у Менску?
- Рубрыка: УЛОЎ
- 29.01.2019
- 5776
Савмін выдаў пастанову, якая вызначае кошт паслуг праваахоўных органаў, хуткай дапамогі і далейшай уборкі тэрыторыі пасля мітынгу.
Паводле новай пастановы Савета міністраў ад 24 студзеня, арганізатары мітынгаў зараз абавязаны загадзя дамовіцца з міліцыяй, лекарамі і службай уборкі. Заключыць дагавор неабходна як мінімум за два дні да правядзення мерапрыемства, аплаціць паслугі – не больш чым праз 10 дзён.
Хочаш правесці мітынг на 10 чалавек? Заплаці міліцыі тры базавыя велічыні (76,5 BYN) за арганізацыю бяспекі вашага зборышча. Калі ўдзельнікаў у межах сотні – 25 базавых (637,5 BYN). Да тысячы чалавек – 150 базавых (3825 BYN). А калі раптам яшчэ больш – 250 базавых (6375 BYN).
На ўсялякі выпадак: адна базавая велічыня з 2 студзеня 2019 года – 25,5 BYN.
Але гэта толькі мінімальная цана, куды яшчэ не ўваходзіць кошт медыцынскіх паслуг і ўборка тэрыторыі. Гэтая сума вызначаецца ўжо пасля правядзення мерапрыемства: табе выставяць рахунак за аплату іх паслуг, куды ўвойдуць зарплата за дзень, страхавыя ўзносы, «ускосныя выдаткі» арганізацый, а таксама выдаткаваныя на мерапрыемстве прадметы забеспячэння і матэрыялаў – ад медыцынскіх прэпаратаў да мыйных сродкаў.
А калі ты хочаш правесці мітынг на пляцоўцы, якая не ўваходзіць у спіс месцаў для масавых мерапрыемстваў, памнож усё на паўтара.