Распачынаецца канферэнцыя пра гасціннасць гарадоў
- Рубрыка: УЛОЎ
- 23.10.2023
- 3010
З 23 па 27 кастрычніка пройдзе канферэнцыя «Сардэчна Запрашаем» для тых, хто заняты ў сферы архітэктуры і ўрбаністыкі. Завітаць на любую лекцыю можна бескаштоўна.
Гэта ўжо шостая канферэнцыя такога кшталту, арганізваная Менскай урбаністычнай платформай. Кожны год нізку івэнтаў на канферэнцыі аб’ядноўвае адмысловая тэма, сёлета гэта «Інфраструктура гасціннасці ад лакальнага турызму да буйных міграцыйных працэсаў». Пад гэтай шыльдай плануюць разгледзець штукі, якія суправаджаюць працэс перасоўвання людзей і іх знаёмства з новымі гарадамі. Усіх зацікаўленых запрашаюць шукаць разам адказы на выклікі, з якімі вымушаныя сутыкацца мігранты і мігранткі, вандроўнікі і вандроўніцы, турысты і турысткі.
Дыскусіі і лекцыі адбудуцца анлайн на платформе Zoom. Час – 18:00 па Менску. Для ўдзелу трэба ўсяго толькі зарэгістравацца праз гугл-форму.
Праграма:
23.10 – «Бясшвоўнасць перасоўвання». На дыскусіі абмяркуюць, як зрабіць працэс перасоўвання чалавека па горадзе найбольш інклюзіўным, і разгледзяць розныя кампаненты «мабільнасці як паслугі».
24.10 – «Архітэктура межаў». Лекцыя архітэктаркі Наталлі Нямковай пра паняцце мяжы і планавальныя выклікі ды перспектывы яе кампанентаў.
25.10 – «Горад і брэнд». На дыскусіі разгледзяць найлепшыя замежныя практыкі і прылады стварэння ўстойлівых брэндаў гарадоў і іншых візуальных кампанентаў гарадскога асяроддзя.
26.10 – «Лакальны турызм». Дыскусія пра тое, як выглядае сучасны лакальны турызм у Беларусі і хто з'яўляецца галоўнымі яго актарамі і актаркамі. Эксперты і экспертка паразважаюць і пра тое, якім чынам архітэктура ды планаванне мусяць улічваць змяненні характару падарожжаў, не забываючы пры гэтым пра мясцовых жыхароў, і пра тое, як захоўваць баланс паміж забеспячэннем універсальнага камфорту для наведвальніц і наведвальнікаў і захаваннем культурнай ідэнтычнасці.
27.10 – анлайн-сустрэча з прафесарам Утрэхцкага ўніверсітэта Рыкам Хейзінга, тэма звышактуальная – «Планаванне з пункту гледжання мігрантаў і мігрантак». Тут абмяркуюць, ці адрозніваецца досвед карыстання гарадскімі прасторамі ў мігрантаў і гараджан са стажам, і калі адрозніваецца, то якім чынам улічваць яго пры планаванні гарадскога развіцця.
Таксама запланаваны афлайн-івэнт – 27 кастрычніка трансляцыю лекцыі Рыка Хейзінга можна будзе паглядзець у Вільні, а пасля паўдзельнічаць у абмеркаванні і брэйншторме «Як зрабіць гарады больш ветлівымі і якаснымі для мігранта_к».
Усе падрабязнасці пра івэнты, спікераў і спікерак – на сайце.