Ужо можна купляць першыя квіткі на фільмы «Лістапада»

Сёлета міжнародны кінафестываль «Лістапад» пакажа 154 стужкі ў 6 кінатэатрах Менска. Фільмам адкрыцця стане лаўрэат галоўнай узнагароды МКФ у Карлавых Варах.

 

На сайце і ў касах Falcon Club Буцік Кіно ўжо чакаюць кінаманаў і кінаманак квіткі на пазаконкурсныя паказы ігравога кіно (стандартны кошт – 8 BYN). У «Піянеры» за 6 BYN можна прыдбаць квіткі на сеансы конкурсу нацыянальных кінашкол, за 2,5 BYN – на фільмы «Лістападзіка». За 6 BYN тут даступныя квіткі і на пазаконкурсныя паказы шматлікіх секцый. Калі цябе найперш цікавіць нацыянальны конкурс, гоў на касы кінатэатра «Беларусь»: адна ін’екцыя беларускага кіно заважыць на 6 BYN.

Цырымоніі адкрыцця і закрыцця адбудуцца ў «Маскве». Кошт жадання прагуляцца па чырвонай дарожцы – 20 BYN. На адкрыцці будуць круціць драму Петара Вылчанава і Крысціны Грозевай «Бацька» (Балгарыя).

«Карціны Петара Вылчанава і Крысціны Грозевай пастаянна прымаюць удзел у нашым фестывалі і заўсёды становяцца аднымі з найважнейшых яго падзей. Драма “Урок” у 2015 годзе атрымала “Золата Лістапада”, фільм “Слава” ў 2016 годзе атрымаў прыз глядацкіх сімпатый. Іх стужкі – спалучэнне кіно фестывальнага і глядацкага, і “Бацька” ў гэтым плане не выключэнне. Фільм атрымаў Гран-пры "Хрустальны глобус" на кінафестывалі ў Карлавых Варах, прыз за лепшую рэжысуру і прыз глядацкіх сімпатый Сахалінскага МКФ "Край свету". Карціна ўяўляе сабой узор кіно, якое распавядае пра сямейныя кайданы, бытавыя бязладзіцы, веру ў цуд і любоў. Стужка кранальная, містычная, у ёй шмат гумару і іроніі, а таксама нечаканая канцоўка – тое, што вылучае творчасць гэтых рэжысёраў», – каментуе дырэктар праграм ігравога кіно Ігар Сукманаў.

Дарэчы, ты маеш шанец сустрэцца асабіста з Ігарам Сукманавым і другой праграмнай дырэктаркай фэсту Ірынай Дзям’янавай у нефармальнай абстаноўцы – за ланчам – і абмеркаваць з імі будучы фестываль. Час і месца – 25 кастрычніка, 13:00, кавярня «Камуналка». Каб паспрабаваць удачу, трэба ўсяго толькі падпісацца на @miff_listapad і адзначыць у каменце сябра ці сяброўку, з якімі падзеліш перамогу. Вынікі падвядуць 24 кастрычніка.