Як закрывалі Vulica Brasil 2019?
- Рубрыка: РЭПОРТЫ
- 12.08.2019
- 6146
З 29 ліпеня па 11 жніўня Менск расквечваўся фестывалем урбан-арту Vulica Brasil. Кульмінацыя «Вуліцы», якая цяпер адбываецца ў фармаце біенале, прыпала на 10 жніўня. Дзень напралёт Кастрычніцкая грымела барабанамі, спявала, танчыла і кацілася на скейце ў бок уяўнага Сан-Паўлу.
Распешчаных беларусаў ужо асабліва не здзівіш маштабамі, але пятая Vulica Brasil задала жару: можна было, як чаўнок, снаваць між пяццю сцэнамі туды-сюды, знаходзячы ўсё новыя і новыя забаўкі. Менавіта таму тут было не засумаваць ні тым, для каго Бразілія – гэта шчаслівыя гісторыі пра трапіканак, ні тым, каму гэта краіна хутканогага Габрыэла Жэзуса. Яшчэ і міліцыя нікога на ўваходзе не шчупала.
Толькі лянівы не далучыўся да ўжо традыцыйнай на фэсце самбатукады – гэта ж рэальны шанец абудзіць у сабе ўнутранага бразільяніна і потым яшчэ колькі дзён па інерцыі ўсміхацца незнаёмым людзям у метро.
Live-сцэна была цалкам за беларускімі музыкамі, прытым усё было такое чыловае і пра любоў, што падавалася: можа, і Менскае мора можна лічыць акіянам, а сонца і ўзімку не абміне наш край.
Што б там ні было, 34mag здолеў пакінуць Вуліцу Бразіл-Кастрычніцкую толькі на золку. І зафіксаваў амаль усё. Шукай на фотках сябе ды сяброў. Ці кусай лакаткі, што палічыў(-ла) за лепшае гойсаць у Лошыцы пад грэйтэст хіт 2004-га «Femme Like You» K-Maro.
Фота: Вiялета Саўчыц