Учора ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі скончылася выстава «Маладосць. Беларусь» – дзесяць фотагісторый пра маладых беларусаў(-к), іх жыццё, звычкі і шчырыя пачуцці. Як сапраўднае slow media, распавядаем табе постфактум пра лепшыя праекты экспазіцыі і гутарым з фатографамі і фатографкамі пра тое, каму даруе маладосць.
Сяргей Балай, куратар курса:
– Сёлетні курс прынцыпова адрозніваўся ад папярэдніх, што праводзіла БАЖ. Ён сапраўды быў звышінтэнсіўным. Разам з Мішам Дамажылавым мы зрабілі акцэнт у сваіх аповедах менавіта на візуальную мову фатаграфіі, на сродкі, дзякуючы якім можна расказаць гісторыю. У выніку атрымаліся годныя і актуальныя працы: тут і нашы хрушчоўкі, інтэрнаты, і героі, што змяняюць паўсядзённае жыццё.
Вікторыя Сінчыліна, 24 гады. «Бэкстэйдж»
Фотапраект пра тое, што хаваецца за кулісамі беларускага мадэльнага бізнэсу. Гісторыя пра Яну, якая бавіць увесь час на здымках ды паказах, часам працуе за «дзякуй», але атрымлівае задавальненне ад працэсу.
Я філолаг, скончыла літоўскі ўніверсітэт, а пасля адразу ж пачала пісаць пра моду.
Візуальным кантэнтам я занялася выпадкова, пасля чаго завяла свой фэшн-блог.
Аднойчы я перамагла ў конкурсе Belarus Fashion Week, дзе, натуральна, ацэньвалася тэматыка моды.
Мне вельмі падабаецца здымаць бэкстэйдж. Тут ёсць сапраўдная прыгажосць без масак, поз і каменных твараў. Тут ёсць жыццё, хуткасць і энергія.
Да моды я стаўлюся хоць і не вельмі сур’ёзна, але яна мяне натхняе.
Маладосць для мяне – гэта людзі агулам і іх настрой безадносна ўзросту.
У гісторыі пра Яну я хацела паказаць мары і крокі людзей да іх мэты, адчуванне радасці, нягледзячы на ўсе складанасці, на тое, што гэта не абавязкова дае вынік і грошы. Магчыма, юнацкі максімалізм – гэта і ёсць маладосць.
Марыя Сонгаль, 33 гады. «Народжаны рана»
Гісторыя пра Ваню Бабкова, які нарадзіўся на пятнаццаць тыдняў раней за тэрмін і важыў усяго 800 г.
Цяпер я працую з часопісам пра творчасць Alovak і падумала, што будзе карысна навучыцца ствараць фотапраекты «з нуля».
Фатаграфія для мяне – лагічны працяг майго даўняга захаплення жывапісам.
Сюжэт я абрала свядома, таму што маці Вані – мая блізкая сяброўка.
Гэтая праблема вельмі спецыфічная і вузкая. З аднаго боку, у нас добрая медыцына, бо паказчыкі дзіцячай смяротнасці зусім нізкія, але часта такія дзеткі, як Ваня, застаюцца інвалідамі. Бацькам трэба цалкам прысвяціць сваё жыццё іх рэабілітацыі і выдаткоўваць на гэта каласальныя грашовыя рэсурсы. Менавіта таму мама Вані займаецца стварэннем грамадскага аб’яднання «Рана», якое б на дзяржаўным узроўні клапацілася пра інтарэсы неданошаных дзяцей.
Марыя Ральскіце, 23 гады. «Выратаванне душ»
Гісторыя пра Вольгу, якая ўсёй душой любіць жывёл і клапоціцца пра іх у прытулку «Хатка выратаваных душ» цягам сямі гадоў.
Я даўно працую ў медыя. Цяпер здымаю для «Камсамольскай праўды», раней працавала з «Прэсболам», «Салідарнасцю». Я адвучылася ў Акадэміі мастацтваў на тэлеаператара.
Першапачаткова я хацела зрабіць праект пра палітычны актывізм, але на той момант не разумела, якімі візуальнымі сродкамі скарыстаюся для гэтага. Таму і вырашыла ўзяць валанцёрства як від актывізму. Мне патрэбны быў яркі герой, якога я шукала вельмі пакутліва. Да Вольгі я прыйшла доўгім шляхам, але ў рэшце рэшт яна пагадзілася.
Вольга вельмі цікавы чалавек: яна даволі закрытая персона, але сапраўдная альтруістка. Яна вельмі турбуецца пра жывёл і пра існаванне прытулку, адукоўвае і каардынуе валанцёраў і валанцёрак.
Фатаграфія вельмі змяняецца: прафесійныя фатографы сыходзяць. Кожны можа зрабіць пару здымкаў на тэлефон і стаць удзельнікам падзей. Што да мастацкай фатаграфіі, то шмат прац цяпер адлюстроўваюць нашу складаную і панурую сістэму, што, зрэшты, таксама натуральна.
Таццяна Свірэпа, 20 гадоў. «Маладосць усё даруе»
Праект пра студэнцкае жыццё як яно ёсць у студэнцкім інтэрнаце на Карбышава, 42.
Мне 20 гадоў, я вучуся на маркетолага-эканаміста ў БДЭУ, а паралельна з тым – на фотажурналіста ў БДУ.
Першы фотаапарат у мяне з’явіўся гадоў у 10: дзядзька даў паздымаць, а потым паглядзеў кадры і падарыў са словамі «Табе больш патрэбна». Наступны падарунак быў ужо ад маці: калі я паступіла ва ўніверсітэт, яна купіла мне Canon 600D.
Я жыву ў інтэрнаце, таму ідэя паздымаць сакурснікаў для мяне была першай і самай відавочнай. Я падумала, што гэта ідэальнае адлюстраванне тэмы маладосці ў Беларусі.
Тэма вельмі рознабаковая. Усе чуюць, як скардзяцца на нас бабулі ў аўтобусах ці на лаўках пад пад’ездамі, але я лічу, што наша пакаленне насамрэч крутое.
Мне здаецца, што ў беларускіх творцаў часта пераважвае дэпрэсіўная тэматыка, але разам з тым ёсць шмат добрых і светлых праектаў: Аляксей Навумчык і тэматыка маладой Беларусі, Сяргей Лескець і беларускія вёскі. Нарэшце да нас дайшоў трэнд змяшэння фатаграфіі з іншымі відамі мастацтва. Карацей, расцём!
Усе выпускныя праекты можна паглядзець тут.
Фота гераінь: асабісты архіў
Фота з праектаў: baj.by
Творчасць, вечарыны, праблемы з паліцыяй і дух свабоды – у новым выпуску рубрыкі «Візуал».
Разглядаем замалёўкі румынскага мастака, чый маркер вастрэйшы і хутчэйшы за зброю.
Падборачка семі беларускіх мастакоў, чые працы заражаюць і зараджаюць стваральная энергіяй.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.