Пасля паспяховага краўдфандынгу CherryVata выпускае доўгачаканы альбом Daybreak (папярэдняя плытка выходзіла 8 гадоў таму). Напярэдадні рэліза на «Першаку» гутарым з удзельнікамі гурта Дзімам Літвіновічам і Кацяй Штырц пра творчыя абнуленні, феномен постсавецкай музыкі і неад’емны панкаўскі настрой у бэндзе.
Маё знаёмства з беларускай электронікай пачалося ў часы татальнага дыялапу і лічбавых пасядзелак «Я да цябе з вінчэстарам зайду». Тады сярод аўтарскіх калекцый «Ад Валеры», «something new» і «Новая папка (2)» трапляліся цэлыя сузор’і айчыннага саўнду – зборнікі «Заквадраченная жизнь», Elkampilation, міксы Bytronics ад Egor Kaway. Прыкладна тады ў мае музычныя густы трапіла і гэтая ягада – «вата са смакам вішні».
CherryVata, можна сказаць, – доўгажыхар сярод беларускіх электронных праектаў. Гісторыя бэнда пачалася ў 2003 годзе, калі сябры Дзіма Літвіновіч і Лёша Доўнар запісалі трэк Debussi, зразумелі, што атрымліваецца грувастка, і працягнулі цімбілдынг. «Тады мы напісалі яшчэ пару трэкаў, сыгралі іх у NC [клубе пачатку нулявых на Кастрычніцкай. – 34mag], потым з’явілася вакалістка Вера Faith. У 2006-м мы атрымалі неспадзяваную прапанову ад West Records выдацца на фізічным носьбіце. Пасля рассталіся з Верай, сталі бойз-бэндам. Потым прыйшла Руся. Яна атрымала дозу разумення электроннай музыкі і таксама сышла, забраўшы з сабой басіста, з якім арганізавала круты праект Shuma. Наш другі вакаліст Мэйджык завіс у Індыі і выпаў. Усе сышлі, я застаўся адзін», – быццам на пітчынгу ў псіхалагічным гуртку Дзіма распавядае гісторыю гурта.
Мы сядзім на камфартабельным дыване ў адной з менскіх студый, якая, на здзіўленне, месціцца не ў бункеры халодна-ваенных трызненняў, а ў сутарэнні нармкорнага бізнэс-цэнтра. Дзіма трэк за трэкам з радасцю чалавека, які вярнуўся з крамы з пакупкамі, вымае нам новы альбом. Некаторыя варыяцыі здзіўляюць не толькі нас, але і цяперашнюю вакалістку Кацю Штырц, якая сядзіць побач, – нават яна не чула апошнія версіі. «Дорн!» – усклікае яна.
Моцны вакал Каці на запісе ўпэўнена ўзлятае над спружыністымі бітамі і літым басам, якія тут жа абвалакваюць каскады перыстых клавішных мелодый, «чопнутых» вакалізаў і напоўненых кайфам гітарных запілаў. Наступны трэк, які музыкі называюць візіткай, выдае олдскульны гангста-біт у лепшых традыцыях інструментальнага хіп-хопу. Гучыць усё свежа, чуецца, што гурт не захрас у рэфлексіі над сваім даўжэзным мінулым, а гатовы, гледзячы ў хвалюючую будучыню, рухацца далей. «Увесь ідэйны змест CherryVata я заклаў недзе ў 2005-06 гадах, – на мой погляд, Дзіма трохі хітруе. – Мяне тады дзіка перла. Я прыходзіў дадому, адчыняў акно, летам, як я памятаю, і да трох-чатырох ночы нешта каўбасіў. І на наступны дзень зноў. У мяне назбіралася каля 200 гэтых напрацовак. Калі ў мяне крызіс, я залажу туды і шукаю…»
«Ёсць праслойка сяброў, якім цікава жыццё групы, аднак асноўны наш акцэнт на маладняк»
Апошні поўнафарматны альбом гурта выходзіў у 2009 годзе, пасля, як казаў Дзіма, ён нейкі час заставаўся адзін, занімаўся сольнымі праектамі Diamos Roll і Fantom Sea, пачаў справы ўласнага інтэрнэт-лэйбла Ezhevika. Але патрэбнасць у гурце нікуды не сыходзіла: «Мне заўсёды хацелася каманду, той панкаўскі настрой, які прысутнічае ў гурце. Я заўсёды мару: сцэна, каманда, хуліганства, – узрушана кажа Дзіма. – Цяпер з’явілася адчуванне маладой каманды, мы практычна з дэбютам». Па словах Дзімы, папярэдняя аўдыторыя гурта безнадзейна пастарэла: тыя, хто слухалі CherryVata 10 гадоў таму і актыўна хадзілі на канцэрты, вечарыны і джэмы (гэтая аўдыторыя была раскідана па ўсім СНД), цяпер маюць дзяцей, шчыльную працу і жаданне схадзіць у паб і выпіць піва. «Ёсць праслойка сяброў, якім цікава жыццё групы, аднак асноўны наш акцэнт на маладняк».
Новая плытка называецца Daybreak, або «досвітак». Як кажа Дзіма, у ёй няма ніякіх канцэптуальных выбрыкаў: кожны трэк называецца адным словам, на вокладцы – мора. «Ідэя альбома зарадзілася ў 2013 годзе ў балгарскім Сазопалі, куды я ездзіў адпачываць з сям’ёй, – успамінае музыка. – Тады я зразумеў, што творчасць у чалавеку жыве бясконца і трэба працягваць. А я заўжды бяру з сабой ноўт і маленькія клавішы, таму што ведаю, што магу сарвацца. Месяц, мора, бутэлька рому, сядзіш, пішаш музыку – гэта было чароўна. У адзін момант раптам прыляцела сава, села і паглядзела на мяне. Я спыніўся, зірнуў на яе таксама і працягнуў».
Ты казаў, што табе часта даводзілася пачынаць усе справы ў гурце з нуля, але, тым не менш, ты працягваеш праект CherryVata. Чаму?
Дзіма: Для мяне CherryVata – гэта шмат у чым я сам, гэта гурт, дзе я магу самавыяўляцца. Гэта сувязь мяне 15-гадовага і цяперашняга. Тым самым я не старэю. Тут я магу самавыяўляцца нават больш, чым сольна ці як дыджэй. Наогул любая творчасць малодзіць. Я фактычна раблюся з табой аднагодкай (звяртаецца да Каці).
Каця: Сапраўды, і я не адчуваю сябе старой, калі мы з табой нешта робім.
Распавядзіце, як вы пазнаёміліся?
Каця: Гэта было ў 2011 годзе. Я тады была закаханая ва ўдзельніка гурта, не ў Дзіму. Той хлопец узяў мяне на адзін з чэрыватных джэмаў, якія муціліся ў «Графіці». Дзіма прапанаваў мне заспяваць, але тады нешта не склалася. І толькі праз пару месяцаў ён пачаў мне дасылаць нейкія дэмкі. Некалькі гадоў мы абмяжоўваліся джэмамі, а потым Дзіму асяніла: «Давай да мяне ў гурт».
З адукацыі я оперная спявачка. Але з 2011-га пачынаецца мой шлях як некласічнага музыкі. З CherryVata я стала слухаць шмат іншай музыкі. Я пагрузілася ў фанк, у мяне нават з’явілася ўлюбёная фанк-спявачка – Эліс Расэл. Але Дзіма казаў: «Не тое». Мы працягвалі джэміць. Я перайшла на трып-хоп. І так гады тры ўбірала ў сябе: навучанне і практыка, навучанне і практыка. Цяпер разумею, магу і па хіп-хопу зачытаць, і ў трып-хопе запець, і рок-н-рольнае нешта выдаць, і оперу не забыла. Але займацца класічнай музыкай я не хачу.
Чаму?
Каця: Бо вельмі цяжка прабіцца. У Менску адзін оперны тэатр, а кансерваторыя працягвае штампаваць спевакоў. Хто больш спрытны, адпраўляецца ў Еўропы, а астатнія застаюцца тут. І канкурэнцыя паболей, чым у поп-музыцы. Плюс у тэатры кулуары і інтрыгі. У андэграўндзе з гэтым прасцей: народ прасцей.
Дзіма: Калі б у андэграўндзе быў умоўны адзіны дом моладзі, то дыджэі таксама б паміж сабой грызліся. Хаця такія часы былі.
Як тады ў 2006-м вам удалося выпусціць плытку на West Records – па сутнасці, буйнейшым беларускім лэйбле нулявых?
Дзіма: Коля Сапуноў тады быў піяр-менеджарам West Records. Па-мойму, мы хадзілі рэпетаваць да яго на кропку ля Парка Чалюскінцаў у Mappletree Studio. Ён паслухаў і пачуў нешта новенькае для беларускага музычнага рынку. Давайце, кажа, вы запішаце альбом, прынесяце, мы яшчэ раз паслухаем. Мы падрыхтавалі некалькі дземак…
«Той жа Sziget – чаму б не паспрабаваць?»
Каця: Не, Дзіма, ты стары. Ты кажаш «дземкі», «секс».
Дзіма: «Секс» усё ж такі 70-гадовыя кажуць. Выданне на West Records стала важным для нас крокам. Цяпер, здавалася б, саўндклаўд, бэндкэмп, мэйлы, сацсеткі. Ты можаш напісаць музыку, выдаць – і свет пачуе. Насамрэч наогул ніхто не пачуе. Тады пасля выдання нашы афішы з’явіліся ва ўсіх музычных крамах, нас стаў круціць «Першы музыкальны», пайшлі карпаратывы, клікалі выступаць банкі, мабільныя аператары, з’ездзілі ва Украіну – карацей, сталі лакальнымі зоркамі. Цяпер, хоць у кожнага ў руцэ смартфон, стала цяжэй прабівацца.
Прабівацца цяпер – гэта куды?
Дзіма: Таксама цікавае пытанне. Цяпер працуе выключна вірусны маркетынг. Калі ты не Bonobo. Калі ты не «Грыбы». Але «Грыбы» – гэта не выпадковы выбух, гэта доўгая праца людзей з вопытам. Гэта той выпадак, калі прысутнічае бізнэс-план. Прадзюсары адчуваюць не толькі сам трэнд, але і што пойдзе, напрыклад, канкрэтны танцавальны рух. «Грыбы», «Луна», шэраг іншых артыстаў – гэта класная з’ява ў тым плане, што ў іх прасочваецца дух постсавецкай прасторы. Прыйшоў час асэнсаваць гэта. І гэтая ўнікальнасць будзе чапляць ва ўсім свеце. Я цяпер адчуваю, што музыка з постсавецкай прасторы вылезе ва ўвесь свет. Як нешта ўнікальнае і чымсьці нават адухоўленае.
Чаму тады CherryVata працягвае спяваць на англійскай мове?
Дзіма: Я, дарэчы, нядаўна пра гэта думаў. А чаму насамрэч? Rockets, дарэчы, можна на рускай, там пра карнізы і тваю маць.
«У нас у краіне мала вясёлай музыкі. Тут няма свайго Jamiroquai»
Пра што ўвогуле вы спяваеце?
Каця: У песнях не хочацца закранаць вострасацыяльных тэм. Лёгкі пратэст – так, але кашулю рваць не хочацца. Я люблю пра каханне, я люблю пра сонейка. Гэтыя тэксты не прымушаюць ламаць галаву.
Дзіма: Мы не робім гімны. Хочацца несці адчуванне бадзёрасці і радасці, бо і без таго хапае праблем у жыцці. Я, дарэчы, нядаўна зразумеў, чаму ў нас у краіне мала вясёлай музыкі. Тут няма свайго Jamiroquai. Адкуль яму ўзяцца? Хмурае надвор’е, усё нельга, грошай менш, цэны растуць. Я разумею, што вясёлую музыку тут не зрабіць, таму хочацца хаця б да яе імкнуцца.
CherryVata у сеціве:
Шукай прэзентацыю новага альбома CherryVata – Daybreak хутка на аўдыяхвалях «Першака».
Прэзентацыя альбома жыўцом адбудзецца 6 траўня ва ўтульных сценах культцэнтра «Корпус». Падрабязнасці глядзі тут.
Залятаем у эфір з новым выпускам Minsk Music Sessions. Легенды беларускага даўнтэмпа CherryVata граюць лайвам новую песню і збіраюць стыхійны канцэрт у Сцяпянцы на трэніроўцы жаночай каманды па рэгбі.
Беларускія класікі электроннай сцэны, гурт CherryVata запісвае новы альбом і запускае краўдфандынг на яго звядзенне і мастэрынг.
Рассказ твоего любимого бармена о его пути и главном заведении его карьеры, которое вот-вот откроется.
Рэдактар Post Pravda Magazine – пра ўладкаванне медыя аб «Новым Усходзе», састарэласць гэтага тэрміну і вынаходлівасць беларусаў.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
КАМЕНТАРЫ (1)
Веселая музыка есть!) например группа Делай зарядку и другие ска и панк группы Минска :)