Сёння а 19:00 у прасторы «ЦЭХ» адкрываецца выставачна-дыскусійны праект «ECLAB_Інтэракцыя», прысвечаны беларускім эпохам і сучаснасці, якія часцяком замоўчваюцца і не прагаворваюцца. Арганізатары сканцэнтраваліся на менскіх нефармальных супольнасцях 1980–90-х, Халакосце і сучасных жаночых тапонімах горада. Акрамя экспазіцыйнай часткі, цягам 10 дзён цябе чакае шчыльная дыскусійная праграма на гэтыя – і не толькі – тэмы.
Выстава арганізаваная Еўрапейскім каледжам Liberal Arts у Беларусі (ECLAB) і з’яўляецца, па сутнасці, публічным працягам адукацыйнай дзейнасці ўстановы. Цягам навучальнага года студэнты прапампоўваліся па адным з шасці напрамкаў: «Сучаснае мастацтва і тэатр», «Інтэрнэт і грамадства», «Масавая культура і медыя», «Гендарныя даследаванні», «Публічная гісторыя» і «Сучаснае грамадства, этыка і палітыка» – а пасля абіралі тэмы, вартыя дыскусій у публічнай прасторы. Так атрымалася, што ўсе абраныя тэмы аб’ядноўвае непрамоўленасць і нябачнасць у медыя, асабліва ў дзяржаўных.
Экспазіцыя складаецца з чатырох частак. Першая – фотаархіў плюс паўсядзённыя рэчы, якія належалі менскім нефармалам познесавецкай эпохі. Тут можна знайсці сапраўдныя хіпанскія фенечкі, калекцыю вінілу, касет і легендарных часопісаў кшталту «Контркультура» і «Рок-лабараторыя», самвыдатаўскія літаратурныя шэдэўры і нататкі аўтаспыншчыцы. Таксама на мапе пазначаны нефармальныя месцы Менска: «Панікоўка», «Масоны», «Лесвіца».
Экспазіцыйную частку падтрымлівае не менш насычаная дыскусійная праграма. Цягам дзесяці дзён на пляцоўцы «ЦЭХа» пройдуць лекцыі, прэзентацыі, чыткі п’ес, тэатральныя пастаноўкі, кінапрагляды, адбудуцца дзве экскурсіі: роварная па былых нефармальных месцах горада і экскурсія па «жаночым Менску» – майстэрням сучасных мастачак. Падрабязную праграму мерапрыемстваў шукай тут. Алёна Талапіла, адміністратарка праекту, асабліва раіць зазірнуць на прэзентацыю кнігі нямецка-амерыканскай даследчыцы Анікі Вальке «Піянеры і партызаны: вусная гісторыя нацысцкага генацыду ў Беларусі», дыскусію са знакамітым французскім філосафам Мішэлем Ельчанінавым і на паказ дакументальнага спектакля «Шэрая вясёлка», падрыхтаванага студэнтамі ECLAB.
«З аднаго боку, “ECLAB_Інтэракцыя” – гэта справаздача студэнтаў, рэалізацыя іх ведаў на практыцы ў публічнай прасторы, з другога – выклік для наступных наведнікаў каледжа, – кажа каардынатарка выставы Аксана Жгіроўская. – Яе ўнікальнасць у тым, што выстава рабілася студэнтамі нароўні з выкладчыкамі. І ў гэтай сітуацыі важна знаходзіцца ў гарызантальных адносінах, давяраць і быць адказнымі адно перад адным. Мне падаецца, гэта самае важнае ў праекце».
Выстава працягнецца з 17 па 26 чэрвеня ў прасторы «ЦЭХ». Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны. На закрыццё выпускнікі рыхтуюць грандыёзную вечарынку на вуліцы вакол «Хулігана».
Арт-дырэктарка 34mag Кася Сырамалот узгадвае, кім быў спадар Міхал менавіта для яе і наогул для ўсёй Беларусі.
Фотарэпартаж з фестывалю кулікоў, што ў мінулую суботу адбыўся ў старажытным Тураве.
Сразу несколько кандидатов на звание «альбома года».
Тлумачым, што рабіць, калі тваіх блізкіх затрымалі падчас акцыі пратэсту.
Светлая туга, каханне, настальгія.
Постмемкіберпанк у дэкарацыях Усходняй Еўропы.
Выдавецтва для візуалаў, містыка, «Маленькі прынц» на мікрамове.
«Ні з чым не параўнальны досвед перажывання любові».