Менскі міжнародны кніжны кірмаш – на якія падзеі завітаць?
- 01.02.2020
- 5429
Сёння ў «БелЭкспо» (пр-Пераможцаў, 14) стартаваў Менскі міжнародны кніжны кірмаш. Мы ўважліва прачыталі праграму і сярод такіх захапляльных мерапрыемстваў, як майстар-клас «Робім шлем вікінга» або прэзентацыя энцыклапедычнага выдання пра беларускі біятлон (хоць мы нічога не маем ні супраць вікінгаў, ні супраць біятлону), абралі стос падзей, на якіх дакладна варта пабываць. Цэнтральным экспанентам сёлета будуць Злучаныя Штаты Амерыкі з выдатнай праграмай, таму не здзіўляйся, што іх івэнтаў будзе шмат.
6 лютага
Прэзентацыя зборніка твораў Уладзіміра Караткевіча ў 25 тамах.
10:30 – 11:00, Нацыянальны стэнд Беларусі.
Івэнт, дзеля якога варта збегчы з працы. Будзе мультымедыйная выстава, пакажуць ілюстрацыі да кніг ды малюнкі самога Караткевіча. З 11:00 да 11:30 тут жа прэзентуюць кнігі «Дикая охота короля Стаха», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Колосья под серпом твоим», «Ладья Отчаяния» – гэта твой шанс набыць падарункі для сяброў, што не чытаюць па-беларуску. А ў 11.30 пачнецца прэзентацыя «Паслухайце! Мова твораў Уладзіміра Караткевіча!» з удзелам тэатра «Жывое слова».
Шэраг івэнтаў, прысвечаных падарожжам па ЗША.
Старт – 11:00, Стэнд пасольства ЗША.
Хто не марыць пра падарожжа ў нацпаркі ЗША? Мы – дакладна марым. Таму завітаем на чытанне ўслых кнігі Марка Вудса «Услед за сонцам: год у нацыянальных парках Амерыкі». Тэму падтрымае інтэрактыўная праграма «Віртуальнае падарожжа па ЗША» з выставай вінтажных плакатаў, публічным паказам мастацкіх і дакументальных фільмаў. У 13:00 Бэтсі Льюіс, першы сакратар пасольства ЗША па пытаннях інфармацыі, адукацыі і культуры, пасольства ЗША ў Менску, распавядзе пра падарожжы па амерыканскіх аўтамагістралях. А з 14:00 амерыканскі пісьменнік Дуглас Мак дасць парады, як пісаць пра падарожжы. Дарэчы, у нас ёсць варыянт ад нашых калег з 34travel.
Паблік-ток з Альгердам Бахарэвічам.
14:00 – 15:00, Расійскі нацыянальны стэнд.
Разумнага чалавека заўсёды прыемна паслухаць.
Прэзентацыя перакладу кнігі «Трое ў чоўне і пёс з імі» Джэрома К. Джэрома ад выдавецтва «Логвінаў».
16:00 – 16:30, Нацыянальны стэнд Беларусі.
Калі табе патрэбная доля пазітыву, каб дажыць да вясны, – вось яна.
Прэзентацыя даведачнага выдання з дапоўненай рэчаіснасцю «99 знакамітых месцаў Беларусі».
16:30 – 17:30, Нацыянальны стэнд Беларусі.
Мы ў свой час аглядалі 34 крутыя месцы ў Беларусі. Цікава паглядзець на варыянт ад выдавецтва «Адукацыя і выхаванне».
Прэзентацыя рамана Сашы Філіпенкі «Возвращение в Острог».
18:00 – 19:00, Расійскі нацыянальны стэнд.
Саша Філіпенка – беларускі журналіст, які працаваў на «Дожде», і беларускі пісьменнік, які атрымаў «Русскую премию» і нават дабраўся да фіналу «Большой книги». Гэта яго пяты раман – пра горад з турмою.
7 лютага
Майстар-клас «Як выдаць кнігу: ад рэгістрацыі да першай пакупкі».
10:00 – 11:00, Расійскі нацыянальны стэнд.
Для тых, у каго ёсць амбіцыі стаць пісьменнікам ці пісьменніцай. Арганізуе «ЛитРес».
Шэраг івэнтаў, прысвечаных падарожжам па ЗША.
Старт – 11:00, Стэнд пасольства ЗША.
Усё пачнецца з прэзентацыі пра навучанне ў ЗША ад Кевіна Рэйлінга, рэгіянальнага дырэктара Education USA, потым будуць інтэрактыўная праграма віртуальных падарожжаў па ЗША і паказ мастацкіх і дакументальных фільмаў, а ў 14:00 пісьменнік Дуглас Мак яшчэ раз зробіць увядзенне ў паняцце тэрыторый ЗША. У 15:00 Уладзімір Парфянок, фатограф, супрацоўнік музея-майстэрні Заіра Азгура, распавядзе пра падарожжа па ЗША і гісторыю амерыканскага плаката XX стагоддзя. Прэзентацыя, якую немагчыма прапусціць, пачнецца ў 17:00: «Турызм у ЗША, арыентаваны на знаёмства з мясцовымі алкагольнымі напоямі і півам». Пра гэты важны аспект падарожжаў будзе расказваць Сьюзан Слокум, спецыялістка ў галіне сельскага турызму.
«Публікацыя кніг без выдавецтва: рэальнасць або міф?».
15:00 – 16:00, Расійскі нацыянальны стэнд.
Дыскусія ды сустрэча з аўтарамі праекта «ЛитРес: Самиздат».
Прэзентацыя двухтомнага выдання Збігнева Герберта.
17:30 – 18:30, Польскі нацыянальны стэнд.
Збігнеў Герберт – адзін з найлепшых польскіх паэтаў ХХ стагоддзя, якога самі палякі назвалі Каралём паэтаў. У першым томе – вершы і п’есы паэта, у другім – яго эсэістыка. Зборнік прадставіць каманда, якая працавала над выданнем, мадэратарам будзе ўкладальнік Андрэй Хадановіч. Прагучаць арыгінальныя запісы чытання твораў Збігневам Гербертам, а па-беларуску – у акцёрскім прачытанні Рамана Падалякі.
8 лютага
Прэзентацыя рамана Віктара Марціновіча «Ноч».
11:30 – 12:30, Беларускі нацыянальны стэнд.
Калі кніжка ў цябе ўжо ёсць, зможаш атрымаць аўтограф, калі не – набыць. Пачытаць у электронным выглядзе на рускай мове можна тут.
Прэзентацыя кнігі «Транссиб. Поезд отправляется».
15:00 – 16:00, Расійскі нацыянальны стэнд.
Раскошна ілюстраваная кніжка пра вялікае падарожжа – яшчэ і з парадамі пра гарады па дарозе. Сустрэча з аўтаркай Аляксандрай Літвіной.
«Прыдарожныя кафэ і амерыканская культура».
15:00 – 16:00, Стэнд пасольства ЗША.
Яшчэ адна цікавая прэзентацыя ад амерканскага пісьменніка Дугласа Мака.
Прэзентацыя кнігі «Яна была. 16 жанчын, якія сталі часткай гісторыі Беларусі».
16:00 – 17:00, канферэнц-зала.
На сустрэчы калектыў стваральніц раскажа, як рабілася кніга пра 16 выбітных беларусак на трох мовах (беларускай, рускай і англійскай) і чаму 16 беларускіх мастачак вырашылі ілюстраваць гераінь, гісторыі якіх іх натхнілі.
Прэзентацыя новай кнігі Яўгеніі Някрасавай «Сестромам».
17:00 – 18:00, Расійскі нацыянальны стэнд.
Папярэдняя кніга пісьменніцы пра школьны булінг увайшла ў кароткі спіс прэміі «Национальный бестселлер» у 2019 годзе – тым цікавей, якой атрымалася наступная.
9 лютага
Творчая сустрэча з перакладчыцай кнігі Дж. К. Роўлінг «Гары Потэр і філасофскі камень» Аленай Пятровіч.
12:00 – 12:30, Нацыянальны стэнд Беларусі.
Зможаш даведацца ўсё пра цяжкасці перакладу заклёнаў.
Сустрэча, прысвечаная Петэру Хандке і Эльфрыдзе Елінэк – аўстрыйскім лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры.
12:00 – 13:30, Стэнд пасольства Аўстрыі.
Калі памятаеш, рашэнне даць прэмію Хандке выклікала сапраўдны скандал – пяць краін нават байкатавалі цырымонію ўзнагароджвання, бо Хандке падтрымліваў Слабадана Мілошавіча ў час Югаслаўскіх войнаў. Таму можа атрымацца цікавая дыскусія.
«Па ЗША на матацыкле: гісторыя вандроўкі і лайфхакі».
13:00 – 14:00, Стэнд пасольства ЗША.
Пра падарожжы на матацыкле распавядзе блогерка Анастасія Ленева. Праграму стэнда пасольства ЗША працягне прэзентацыя «Зберажэнне спадчыны ў ЗША – уражанні ад вандроўкі і перспектывы для Беларусі» ад Дзяніса Тушынскага, выкладчыка факультэта міжнародных адносін БДУ.
Прэзентацыя кнігі «История старой квартиры».
14:00 – 15:00, Расійскі нацыянальны стэнд.
Сустрэча з аўтаркай Аляксандрай Літвіной і размова пра яе кнігу «История старой квартиры», у якой уся гісторыя дваццатага стагоддзя распавядаецца праз жыццё адной кватэры і лёс яе жыхароў.