«Корпус» запрашае на сустрэчу, прысвечаную Алегу Сянцову
- Рубрыка: УЛОЎ
- 15.02.2018
- 11455
26 лютага адбудзецца сустрэча, прысвечаная Алегу Сянцову – украінскаму кінарэжысёру, сцэнарысту і пісьменніку, які стаў палітзняволеным пасля крымскіх падзей 2014-га. Івэнт ладзіць Беларускі ПЭН-цэнтр разам з культ. цэнтрам «Корпус» і ініцыятывай «РосУзник».
У праграме вечара, які атрымаў назву «Мастак Сянцоў за кратамі», – кароткая лекцыя культуролага і кінааналітыка Максіма Жбанкова пра ўкраінскі кінематограф і месца Сянцова ў ім, аповед каардынатаркі руху «РосУзник» Яны Ганчаровай пра перапіску з Алегам Сянцовым і сітуацыю з іншымі палітзняволенымі, прагляд фільма Алега Сянцова «Гамер», а таксама дыскусія.
Падчас сустрэчы можна будзе:
Разабрацца, хто такі Алег Сянцоў і за што ён атрымаў 20 год калоніі строгага рэжыму.
Паслухаць пра лісты Алега з калоніі і напісаць яму ліст самому(-ой).
Даведацца, як можна дапамагчы зняволенаму рэжысёру і ягонай сям’і.
Паглядзець дэбютны фільм Сянцова «Гамер» і паслухаць вядомага беларускага культуролага, каб глыбей зразумець, у чым асаблівая сіла гэтай стужкі.
Набыць кнігі героя вечара (апавяданні Алега ўпершыню прэзентуюць па-беларуску), а таксама футболку ці рэглан з надпісам «Free Crimean Hostages».
Увага: замаўляць кнігі, футболкі і байкі трэба загадзя – для гэтага трэба да 21 лютага пакінуць перадзамову па спасылцы. Выручаныя ад продажу сродкі накіруюць сям'і аўтара.
Сустрэча «Мастак Сянцоў за кратамі» адбудзецца 26 лютага ў 20:00 у культ. цэнтры «Корпус» (праспект Машэрава 9, корпус 8).
Прыходзь на сустрэчу, каб далучыцца да міжнароднага руху ў падтрымку Алега Сянцова і іншых палітычных вязняў, якія адбываюць тэрміны ў Расіі. 26 лютага, у гадавіну анексіі Крыма, з падачы PEN America па ўсім свеце пройдуць чытанні, пратэсты і іншыя мерапрыемствы пад агульным тэгам #FreeSentsov.