Мастацтва (на) адлегласці

Некалькі тыдняў таму скончыўся сумесны беларуска-польскі праект Polis(h) Photo Lab, у якім прымалі ўдзел фатографы з Варшавы і Віцебска. Цягам дзевяці месяцаў незнаёмыя людзі працавалі над сумеснымі фотакнігамі. Пары, якія складаліся з польскіх і беларускіх фатографаў, бачыліся ў рэале толькі некалькі разоў, а ў астатні час камунікавалі праз Skype, пошту ды фэйсбук. Мы пагутарылі з польскімі супервізарамі пра сэнс супрацоўніцтва з Беларуссю, стварэнне фотакніжак, сілу фатаграфіі і падставу мець стальныя яйцы.

 

Кшыштаф Пахолак, 30 год. Жыве ў Варшаве. Фатограф, менеджар культуры, куратар і арт-коўч. Працуе ў Таварыстве творчых ініцыятыў «ę» і Служэўскім доме культуры. Вывучаў сацыялогію ва ўніверсітэце Варшавы і фатаграфію ў Інстытуце крэатыўнай фатаграфіі ў Апаве (Чэхія). Цікавіцца дакументальнай фатаграфіяй, сацыялогіяй, новымі медыя і палітыкай. Сайт

Агнешка Паянчкоўска, 30 год, Варшава. Менеджарка культуры, культуролаг, дактарантка кафедры кіно і візуальнай культуры Інстытута польскай культуры. Арт-трэнерка фатаграфічных практык, адукацыйных і візуальных праектаў Таварыства творчых ініцыятыў «ę». Удзельніца Асацыяцыі ўпраўлення культуры.

 

 

Раскажыце, навошта вы вырашылі зладзіць Polis(h) Photo Lab і чаму выбралі Беларусь у якасці краіны-ўдзельніцы?

  Кшыштаф Пахолак: Мы зрабілі праект таму, што моцна верым: фатаграфія мае сілу. І яна сапраўды можа змяніць спосаб мыслення пра свет, нас саміх, асяроддзе. Гэта не жарт, мы сапраўды верым у гэта.

Агнешка Паянчкоўска: А пачалося ўсё, калі дзяўчаты з нашай арганізацыі два гады таму былі ў Віцебску і пазнаёміліся з Ромам Воранавым. Яны яму распавялі пра нашае таварыства і сказалі, маўляў, ёсць рабяты класныя, з якімі б вам, магчыма, было цікава зладзіць нешта сумеснае.

Трэба дадаць, што адным з важных момантаў было тое, што чатыры гады таму Sputnik Photos рабіў сумесны праект з Беларуссю – Stand By.

«Мы зрабілі праект таму, што моцна верым: фатаграфія мае сілу»

Кшыштаф: Дагэтуль не было відавочным глядзець у бок Усходу. Sputnik зрабіў першы крок да рэалізацыі праекту на нашай усходняй мяжы, і, ведаючы пра іх вопыт, мы падумалі, што таксама можам зрабіць нешта з беларускімі партнёрамі і фатографамі. Stand By паслужыў свайго кшталту натхненнем.

Агнешка: Да таго ж я была ў Менску два разы і сустракалася з рабятамі з галерэі «Ў» і менскай фоташколы, і склалася ўражанне, што ў Беларусі нешта адбываецца вакол фатаграфіі. Мы вырашылі, што будзе цікава зрабіць праект у іншай краіне, дзе падобныя рэчы ўсё яшчэ новыя.

 

 

 

 

 

 

 

Падчас праекту атрымалася 6 пар фатографаў, якія працавалі разам амаль год, але пры гэтым сустракаліся ў рэальным жыцці двойчы. Раскажыце, што, на ваш погляд, было самым складаным ва ўсім працэсе?

Агнешка: Было вельмі цяжка. Але гэта не праз беларускіх ці польскіх удзельнікаў, не. Справа ў тым, што вось ёсць дзве групы людзей, якія не тое каб адно аднаго, яны сябе амаль не ведаюць. Размаўляюць на розных мовах і жывуць на адлегласці ў тысячу кіламетраў. І робяць агульны праект. Гэта не магло быць проста.  

Кшыштаф: Калі мы прыязджалі ў Віцебск у снежні з прэзентацыяй ідэі, сустракаліся з Сашам Веледзімовічам. Ведаеш, што ён сказаў? «Вы не зробіце гэта».

Агнешка: Так. Ён казаў, што камбінацыя фатаграфіі і сацыяльнага значэння, якую мы прапаноўвалі, можа быць агіднай для людзей. Казаў, што тут такое не любяць і, хутчэй за ўсё, убачаць нашую ідэю толькі ў тым, каб рабіць матэрыялы на рэальна цяжкія тэмы: хворыя ці бяздомныя людзі, напрыклад. Саша растлумачыў, што ў Віцебску няма фоташколы, няма месца, дзе можна вучыцца фатаграфіі. А калі ва ўніверы ёсць такі прадмет, дык там распавядаюць пра канцэптуальнае і мастацкае фота, а не пра сацыяльнае ці дакументальнае. Таму яго думкі нельга назваць бессэнсоўнымі.

Кшыштаф: Ведаеш, ён у чымсьці меў рацыю. У параўнанні з Польшчай, дзе мы атрымліваем сто заявак ад зацікаўленых людзей, тут выявілася толькі адзінаццаць.

Ці можаце сказаць цяпер, пасля заканчэння праекту, штосьці пра беларускую фатаграфію?

Агнешка: Не думаю, што я яе ведаю. Я маю ўяўленне пра шасцярых чалавек з праекту, якія пачалі свой шлях у гэтай сферы. Яны знаходзяцца ў тым самым моманце, калі пачынаюць юзаць ідэю фатаграфіі ў сваіх арт-працах. Я веру, што ўдзел у такога кшталту мерапрыемствах можа быць вельмі прагрэсіўным і развівальным. Таму што ў іх пакуль няма вялікага бэкграўнду ў выглядзе курсаў, варкшопаў ці ўласных праектаў. І яны гатовыя мяняць свае думкі наконт фатаграфіі. Многія з іх да нашай супрацы мелі моцныя перакананні, што фатаграфія павінна быць эстэтычнай, мастацкай, сімвалічнай, поўнай духоўнасці. І канешне, яна можа быць такой. Але ў той жа час яна павінна быць пра штосьці. Пра гісторыю самога фатографа, пра наваколле, пра супольнасць, пра нейкія рэальна важныя рэчы. Магу сказаць, што гэтая група гатовая да разбурэння сваіх перакананняў і стэрэатыпаў і спробы зрабіць штосьці іншае. І гэта зусім не азначае, што тое, што яны зробяць, будзе выродлівым.

«"Я вырашыла высветліць, ці магчыма пражыць на 100 злотых у месяц", − абвясціла Моніка, а па выніку ў яе атрымалася патраціць толькі 15!»

Дарэчы, акрамя іх, ёсць яшчэ толькі два беларускіх фатографы, якіх я ведаю, – Веледзімовіч і Лянкевіч. Але я не маю ніякіх агульных ведаў пра фатаграфію ў Беларусі.

 

 

 

 

 

 

А раскажыце пра тэмы кніг. Хаця б пра некаторыя, бо калі ўсе дзевяць узгадаем, гэты тэкст мала хто дачытае.

Кшыштаф: Кнігі пра важныя рэчы. На тэмы, блізкія аўтарам, але цікавыя і для грамадскасці розных краін. Яны, безумоўна, вельмі асабістыя, але сацыяльна важныя.

«Dissonance» і «Urban Collage» зробленыя Міхаілам Цітовым і Кшыштафам Сянкевічам і паказваюць фатаграфіі пра гарадскую прастору. Архітэктура распавядае не толькі пра гісторыю, але і пра сацыяльныя і палітычныя змены. Сучасныя гарады маюць слаістыя канструкцыі: на простай карцінцы мы можам назіраць, як шмат стыляў мы маем у гарадскім пейзажы.

«Кніжкі становяцца папулярнымі разам з DIY-канцэпцыяй: кожны з нас можа быць выдаўцом і прамоўтарам»

Каміла Дамброўска і Інга Макеева стварылі серыю здымкаў пра антыспажывецтва і мінімалізм. Людзі на іх дзеляцца гісторыямі пра свой жыццёвы выбар. «Я вырашыла высветліць, ці магчыма пражыць на 100 злотых у месяц», − абвясціла Моніка з Польшчы, а па выніку ў яе атрымалася патраціць толькі 15!

«Старыца» Насты Караленка і Вольгі Свянтэцкай − гісторыя пра старую жанчыну, якая жыве за межамі грамадства. Яна згадвае мінулыя часы і распавядае пра велізарную сям'ю, якая ў яе была. Цяпер яна жыве адна, побач з ракой, і спрабуе жыць сваё жыццё так добра, наколькі можа. Аднойчы ўнучка наведвае яе з фотаапаратам...

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Чаму менавіта фотакніга была выбрана як фармат для гэтага праекту?

Агнешка: Для выставы трэба шукаць месца, грошы. Яны часцей за ўсё належаць больш да мастацкага свету, могуць быць праведзены толькі ў адным месцы ў адзін час. Гэта першае. А другое – было б вельмі цяжка арганізаваць столькі выставаў, колькі праектаў паўстала. Эфект у тым, што кожны аўтар цяпер мае кнігу і магчымасці рабіць з ёй розныя рэчы – дасылаць на ўдзел у конкурсах і фестывалях, арганізоўваць сумесныя прэзентацыі.

Кшыштаф: Можна зрабіць анлайн-версію выставы, надрукаваць яшчэ больш экзэмпляраў, калі ёсць грошы. З фотакнігай можна рабіць больш. Экспанаванне праходзіць два-тры тыдні, і на гэтым ўсё. Ну, можна гэта ўсё зафіксаваць дакументальна, а далей што? Сем месяцаў справы дзеля адзінай выставы?

Агнешка: І яшчэ варта дадаць, што рынак фотакніг вельмі свежы і зараз ён расце, і кніжныя міжнародныя фотафестывалі маюць нішу для фотабукаў. І таксама кніжкі становяцца папулярнымі разам з DIY-канцэпцыяй: кожны з нас можа быць выдаўцом і прамоўтарам.

Ведаеце, кожны трэці ў Беларусі называе сябе фатографам, але часцей за ўсё гэта азначае, што людзі займаюцца выключна камерцыйнай фотаздымкай. Толькі камерцыйнай. Ніякіх вам праектаў, сацыяльных падтэкстаў ці чагосьці накшталт гэтага.

Агнешка: Калі мы атрымалі заяўкі, для нас было вельмі дзіўна, што ў свае партфоліа людзі дадалі здымкі, якія не мелі аніякай сувязі. Не было амаль ніводнай серыі. Былі асобныя карцінкі, снэпшоты. Мы падумалі, окей, здаецца, трэба прапанаваць гэтым людзям пачаць думаць пра фатаграфію як пра сродак расповеду візуальных гісторый.

Кшыштаф: Падчас Polis(h) Photo Lab мы часта задавалі пытанне: пра што будзе твой праект? Для нас было вельмі важным зрабіць не толькі правільны прыгожы малюнак, але той, які б распавядаў пра штосьці.

Агнешка: Вельмі важным у нашым падыходзе было зрабіць так, каб самі аўтары былі адказныя за сваю ідэю.

Кшыштаф: Гаворачы пра адказнасць, трэба сказаць, што яе становіцца больш, калі чалавек павінны паставіць сваё імя і прозвішча на вокладцы таго матэрыялу, што ўнутры. Гэта ахраніцельна важна. І здаецца, гэта больш важна менавіта ў выпадку кнігі, чым выставы. Пасля яе ты можаш знікнуць, а з кнігай гэта не пракаціць.

 

 

Killer-question. Як лічыце, што трэба для таго, каб стаць добрым фатографам?

Кшыштаф: Па-першае, трэба знайсці ідэю, тэму, якія будуць сапраўды важныя, будуць турбаваць. Для гэтага трэба прадыягнаставаць сябе знутры, зрабіць даследаванне. Адказаць на пытанне: дзеля чаго мне браць з сабой камеру? Я не лічу, напрыклад, што ў кожнай сітуацыі трэба яе даставаць.

Агнешка: Калі ты знаходзіш гэтую важную ідэю, якой хочаш падзяліцца са светам, ты ж можаш яе прэзентаваць па-рознаму: паставіць спектакль, напісаць кнігу, зрабіць маніфестацыю і шмат іншага. Фатаграфія – проста варыянт. Таму, каб стаць добрым майстрам, трэба любіць здымаць, любіць быць са сваёй камерай і ўмець назіраць. Бачыць, глядзець, сачыць. І абавязкова трэба верыць, што фатаграфія мае моц.

«Каб стаць добрым майстрам, трэба любіць здымаць, любіць быць са сваёй камерай і ўмець назіраць»

Кшыштаф: Трэба ведаць, што робяць іншыя, бо цяпер паўстае шмат розных праектаў. Трэба быць паслядоўным. А яшчэ мець яйцы і мужнасць, каб узяць на сябе адказнасць за прасоўванне праекту далей.

Агнешка: Добры той, хто з павагай ставіцца да іншых людзей, хто задае пытанні і шукае адказы, не заходзячы за лінію камфорту. Мне, напрыклад, не падабаюцца эксперыментальныя праекты, дзе людзі не ведаюць, што іх здымаюць.

Кшыштаф: І трэба быць шчырым. Гэта важна.

 

Праект мае падтрымку Міністэрства Культуры і Нацыянальнай Спадчыны Рэспублікі Польшча i сталічнага горада Варшавы, фонда «Адукацыя для Дэмакратый» у межах праграмы «RIТА -Перамены ў Рэгіёне», якая фінансуецца праз Польска-Амерыканскі Фонд Свабоды.

 

Фота by удзельнікі праекту

 


КАМЕНТАРЫ (2)

Gu Aleksasha | 10.10.2016 20:46

Darechy, online-vystavu bylo b cikava pagliadzec

1 0 +1
Tanya Alipchikova | 27.10.2016 11:45

Нарэшце з'явілася -- http://polishphotolab.e.org.pl/fotoksiazki/

0 0