Ад Літвы не ўцячы

 

Ромас Забараўскас у свае дваццаць шэсць зняў дзве поўнаметражныя стужкі і адну кароткую. Ягоны фільм «Porno Melodrama» быў прэзентаваны на фестывалі Berlinale. Забараўскас – адкрыты гей і актыўна ўдзельнічае ў сацыяльным руху супраць гамафобіі. Напярэдадні прэм’еры ягонай новай стужкі «You Can't Escape Lithuania» на фестывалі «Паўночнае ззянне» ў Менску мы запыталіся ў Ромаса, ці складана быць маладым квір-фільммэйкерам у Літве.

 

 

– Пра што твой новы фільм?

– Ён расказвае гісторыю выдуманай версіі мяне, гей-кінематаграфіста з Літвы, які дапамагае сваёй добрай сяброўцы, актрысе Індрэ, збегчы з Літвы, пасля таго як яна забівае сваю маці і крадзе ў яе грошы. Акрамя яе, ён бярэ на борт свайго мексіканскага бойфрэнда. Гэта вар’яцкае роўд-муві, натхнёнае фільмамі плыні New Queer Cinema, якое распавядае пра небяспекі свету селебрыці і мастацтва.   

– У тваёй першай стужцы «We Will Riot» галоўны герой прыязджае з Нью-Ёрка ў Вільню і спачатку захапляецца гэтым горадам, але пасля некаторай калатнечы адчувае расчараванне. Цяпер твае героі спрабуюць збегчы з Літвы. Ці адлюстроўвае гэта нейкім чынам твой асабісты вопыт жыцця за мяжой і вяртання? Табе як адкрытаму гею не падаецца, што было б прасцей жыць дзе-небудзь у іншым месцы?

– Сапраўды, я скончыў курс па кіназнаўстве за мяжой: у Парыжы і Нью-Ёрку. Але я заўсёды вяртаўся і працаваў у літоўскім кантэксце, таму што гэта мой дом і гэта тое, што я ведаю лепш за ўсё. Вядома, я чэрпаў натхненне з майго ўласнага досведу. Але мне не падаецца, што мае фільмы збольшага песімістычныя: яны таксама паказваюць станоўчыя бакі Літвы. У «We Will Riot» гэта арыгінальная бітмэйкерская музычная сцэна, у «You Can't Escape Lithuania» – цудоўная літоўская прырода. Што да майго асабістага жыцця, то я адчуваю сябе ў даволі прывілеяваным становішчы: у мяне ёсць падтрымка сям’і, сяброў і калег. Вядома, было б лягчэй стварыць уласную сям’ю за мяжой. Але я веру, што важна думаць пра тое, як кожны(-ая) з нас можа зрабіць свой унёсак у будучыню нашых уласных грамадстваў.

«Кінавытворчасць – гэта камандная праца»

– Якім чынам сітуацыя з ЛГБТ+-правамі ў Літве змянілася за апошнія гады?

– Яна змяняецца ў лепшы і горшы бок адначасова. Грамадства становіцца больш адкрытым, больш публічных асоб ухваляюць ЛГБТ+-роўнасць, і само па сабе кам’юніці наважваецца выказвацца і выступаць адкрыта. Тым не менш нам усё яшчэ трэба больш палітычнай волі для шырэйшых змен.

 

 

 

 

 

 

– Ты называеш сябе «незалежны фільммэйкер». Можаш апісаць працэс стварэння стужкі? Ты робіш большую частку працы самастойна альбо кіно – гэта камандная гульня для цябе?

– Я называю сябе фільммэйкерам, таму што на дадзены момант я пішу, рэжысую і прадзюсую ўласныя фільмы самастойна. Але ў мяне ёсць і іншыя вытворцы на борце, якія дапамагаюць мне. І я не супраць таго, каб паспрабаваць у будучыні супрацоўнічаць з буйнымі прадзюсарамі і сцэнарыстамі. Тым не менш для мяне важна захаваць кантроль над творчым працэсам. І на дадзены момант гэта самы эфектыўны спосаб зрабіць тое магчымым. Аднак гэта не значыць, што я працую ў адзіночку, – зусім не! Кінавытворчасць – гэта камандная праца. Я імкнуся адшукаць лепшых спецыялістаў, якія ведаюць пра кіно нашмат больш, чым я, і пераканаць іх у тым, каб працаваць са мной. Я заўсёды вучуся ў іх і, як правіла, застаюся вельмі спакойным у працэсе.

– Дзе ты шукаеш фінансаванне для сваіх фільмаў?

– Для ўсіх сваіх фільмаў я атрымліваў падтрымку на розных стадыях ад Міністэрства культуры Літвы. Але нават больш падтрымкі прыйшло ад спонсараў, якія рабілі ахвяраванні праз нашы краўдфандынгавыя кампаніі. Вельмі натхняльна ведаць, што ёсць людзі, якія адчуваюць, што гэты прадукт такі важны, што яны гатовыя ахвяраваць нават перад тым, як пабачаць фільм.

 

 

 

 

 

– Як ты выбіраеш акцёраў? Ці ўсе з іх прафесіянальныя артысты?

– Я выбіраю акцёраў звычайным чынам: спрабуем і чытаем з імі сцэнар на кастынгах. Большасць з іх прафесійныя акцёры. Мне падабаецца працаваць з людзьмі, якія маюць сваё ўласнае творчае разуменне мастацтва. Я люблю абмяркоўваць з акцёрамі сцэны і шукаць новыя рашэнні на рэпетыцыях, але не імправізаваць шмат на здымачнай пляцоўцы.

– Ці складана быць маладым фільммэйкерам у Літве? За якімі яшчэ імёнамі ў літоўскай кінаіндустрыі варта сачыць?

– І складана, і не. Тут хапае магчымасцяў, якія мы можам выкарыстоўваць, – у плане як навучання, так і фінансавання. Ёсць многа імёнаў, за якімі варта сачыць. Шарунас Бартас (Šarūnas Bartas), Аўдрыус Стоніс (Audrius Stonys) – вядомыя рэжысёры, якія заўсёды выпускаюць цудоўныя новыя прадукты. Крысціна Буожыце (Kristina Buožytė), Алантэ Кавайце (Alantė Kavaitė), Андрыюс Блажэвічус (Andrius Blaževičius), Караліс Каўпініс (Karolis Kaupinis) – новыя імёны, вартыя ўвагі. Некаторыя ўжо заявілі пра сябе, іншыя яшчэ здзівяць свет вельмі хутка.

«Нам усё яшчэ трэба больш палітычнай волі для шырэйшых змен»

– З тваёй ініцыятывы распачалася медыйная кампанія супраць недапушчальнага выказвання сусветна вядомага літоўскага музыкальнага прадзюсара Ten Walls. Яго пост у Facebook быў поўны нянавісці да прадстаўнікоў ЛГБТ+-кам’юніці. Пасля гэтага многія фестывалі і прамоўтары адмовіліся працаваць з ім. Ты чакаў такога павароту? Табе яго не шкада?

– Не, я не чакаў, бо быў упэўнены, што ён неадкладна і шчыра папросіць прабачэння. Яго віна, што ён быў занадта ганарысты, каб зрабіць гэта, і справа хутка выйшла з-пад кантролю. Я адчуваў жаль да яго спачатку, але пасля вялікай колькасці кульгавых адгаворак з яго боку і PR-трукаў, накіраваных на тое, каб вярнуць кар’еру, мне больш яго не шкада. Шкада ўсіх ахвяр гамафобіі, а не высокааплатнага артыста, які працягвае зарабляць добрыя грошы як у Літве, так і за мяжой.