Як уладкаваная беларуская Вікіпедыя і як стаць яе аўтарам(-кай)?
- 06.09.2024
- 1945
Каб напісаць артыкул у Вікіпедыю, не абавязкова мець вучоную ступень – уцягнуцца ў гэту карысную справу можа кожны і кожная. У тым і сэнс вольнай энцыклапедыі: усе могуць несці карысныя веды іншым. Вядома, у Вікі дзейнічаюць свае правілы, якія не дазваляюць рэсурсу пераўтварыцца ў тусоўку для троляў і жартаўнікоў. Але засвоіць іх значна прасцей за трыганаметрыю. Разам з дасведчанымі вікіпедыстамі падказваем, з чаго пачаць, калі хочаш уліцца ў вікі-кам’юніці, і распавядаем пра тое, як уладкаваная вікі-кухня.
Чаму беларускіх Вікіпедый дзве?
Вікіпедыя на беларускай мове запусцілася ў 2004 годзе. Першы артыкул па-беларуску быў прысвечаны «разбору шляхты» – мерапрыемствам Расійскай імперыі, накіраваным на скарачэнне прывілеяванага насельніцтва на тэрыторыях былога ВКЛ.
Спачатку тэксты ў беларускай Вікі ствараліся па адным адрасе і ў класічным, і ў афіцыйным правапісах. Карыстальнікі(-цы) самі абіралі моўную норму, якой хочуць прытрымлівацца пры напісанні артыкула. Гэта заканамерна прывяло да канфліктаў і «вайны правак». Тут вядзецца пра выпадкі, калі нехта намагаўся(-лася) «перакласці» чыйсьці артыкул з аднаго правапісу на іншы. У 2005 годзе колькасць тэкстаў беларускай Вікіпедыі дасягнула 2000, але нявырашанасць пытання правапісаў перашкаджала аўтарам і аўтаркам працаваць.
У 2006 годзе група ўдзельнікаў і ўдзельніц вікі-кам’юніці звярнулася ў Meta-Wiki (гэта дапаможны сайт, дзе абмяркоўваюць і каардынуюць працу Вікіпедыі) з запытам адкрыць новы моўны раздзел з матэрыяламі выключна на «наркамаўцы», але зварот адхілілі. У хуткім часе была створаная новая заяўка, і яе задаволілі, аднак такім чынам: у Вікіінкубатары (гэта такі рэсурс, дзе збіраюцца артыкулы пачаткоўцаў, артыкулы з памылкамі, праекты новых моўных раздзелаў і гэтак далей) з’явілася частка пад артыкулы, напісаныя згодна афіцыйным правілам беларускай мовы. У гэты час агульная для «тарашкевіцы» і «наркамаўкі» старонка Вікі была перанесеная на іншы адрас і на ёй не публікаваліся ўвогуле ніякія артыкулы. У Вікіінкубатары прыхільнікі(-цы) афіцыйнай нормы стварылі больш за 3500 тэкстаў. У рэшце рэшт асноўны дамен Вікіпедыі be.wikipedia.org ўсё ж быў аддадзены ім. А што тычыцца «тарашкевіцы», то вясной 2007 года для стваральнікаў(-ніц) артыкулаў у класічным варыянце правапісу быў выдзелены асобны адрас be-tarask.wikipedia.org.
Так Вікіпедыя і Вікіпэдыя адпачкаваліся адна ад адной і дагэтуль існуюць асобна. Часам аўтары і аўтаркі ствараюць артыкулы на абодвух правапісах, таму можна сустрэць ідэнтычныя тэксты ў розных граматыках. Напрыклад, можна пачытаць пару артыкулаў пра 34mag, паводле якіх большаcць публікацый часопіса «прысвечана» або «прысьвечана» мастацтву, культуры і падарожжам.
Як Вікіпедыя захоўвае імідж належнай крыніцы ведаў?
Адзін з галоўных прынцыпаў функцыявання Вікіпедыі – праўкі можа ўносіць кожны карыстальнік ці карыстальніца. Але пры адсутнасці хітрых стрымальных механізмаў вольная энцыклапедыя хутка б страціла давер да інфармацыі, што ў ёй публікуецца. Імаверна, яна б стала нагадваць форум, дзе фэйкі перамяшаныя з маніпуляцыямі і наўпроставым тролінгам. Маглі б узнікнуць і юрыдычныя наступствы – напрыклад, паляцелі б іскі за распаўсюджванне непраўдзівай інфармацыі ці парушэнні аўтарскіх правоў.
Аднак Вікісупольнасць досыць строга арганізаваная, а мадэрацыя рэсурсу будуецца па прынцыпу іерархіі. Тут ёсць звычайныя чытачы(-кі) і непасрэдныя ўдзельнікі(-цы) праекта, якія, у сваю чаргу, падзяляюцца на ананімных і аўтарызаваных. Ананімныя карыстальнікі(-цы) не могуць рабіць праўкі для так званых абароненых артыкулаў, а кожны(-ая) стваральнік(-ца) артыкула можа абараніць свой матэрыял, абраўшы частковую абарону – гэта калі праўкі дазволена ўносіць толькі афіцыйна зарэгістраваным юзерам і юзеркам; або абарону поўную – у гэтым выпадку права на праўкі належыць толькі Вікіадміністрацыі.
Ніжэйшая кіраўнічая пасада, на якую могуць балатавацца ўдзельнікі(-цы), – адміністратар(-ка) Вікіпедыі. Для гэтага давядзецца паактыўнічаць – займець стаж ад 6 месяцаў і унесці ад 1000 правак – хаця, вядома, чым болей, тым лепей. Шанец патрапіць у шэраг адміністратараў(-ак) падвышаецца, калі кандыдатура не мела блакаванняў, не ўдзельнічала ў канфліктах і не рабіла рознага кшталту памылак пры складанні тэкстаў і іх праўцы. Выбіраюць кандыдата(-ку) шляхам галасавання супольнасці: на адмысловай старонцы-форуме ўдзельнікі(-цы) пакідаюць каментар «за» ці «супраць». Перамагае кандыдатура, за якую пададзена мінімум 5 галасоў і пры гэтым галасоў «за» – не менш чым 2/3 ад агульнай колькасці галасоў.
Адміністратары(-кі) не атрымліваюць ніякіх асабістых прывілеяў, але дапамагаюць у тэхнічным абслугоўванні праекта. Яны могуць скасоўваць праўкі вандалаў(-ак), выдаляць і аднаўляць старонкі, блакаваць удзельнікаў(-ніц), якія парушаюць правілы, і гэтак далей.
Таксама можна падацца на пасаду бюракрата(-кі). Гэты чалавек надае пераможцам галасавання статус адміністратара(-кі) ці бюракрата(-кі), мадэруе абмеркаванні прапанаванай асобы, задае напрамак дыскусіі, а іншыя ўдзельнікі(-цы) шукаюць па ёй кансэнсус.
На абмеркаванні выносяцца самыя розныя пытанні. «Аднойчы са мною здарылася наступная дзіўная сітуацыя, – распавёў вікіпедыст, пісьменнік Уладзіслаў Гарбацкі. – Я стварыў артыкул пра адну вядомую беларуску, але яна звязалася са мною, бо не жадала мець старонкі ў Вікіпедыі, бо ў ёй раскрывалася інфармацыя пра месцы навучання і год нараджэння! У выніку галасавання адміністратараў старонка пра выбітную беларуску была выдаленая».
Хто і навошта піша артыкулы?
Вікіпедыстыка – справа дабрачынная, але яна патрабуе часу, канцэнтрацыі і намаганняў. Пытанне матывацыі вікіпедыстаў(-ак) дагэтуль застаецца аб’ектам даследаванняў. Сярод прычын вызначаюцца жаданне зрабіць унёсак у агульную справу, магчымыя кар’ерныя перспектывы праз атрыманне новых кантактаў, адчуванне сябе часткай інтэлектуальнага кам’юніці, магчымасць навучыцца новаму, жаданне зрабіць веды агульнадаступнымі. Акрамя таго, вікіпедыстыка можа стаць выдатным дапаможнікам для развіцця навыкаў пісьма на замежнай ці роднай мове.
«Я прымаю ўдзел у розных вікіпраектах роўна 15 гадоў, – распавёў нам адзін з аўтараў беларускай Вікі. – Большую частку гэтага часу я прынамсі штотыднёва займаюся тым ці іншым у Вікіпедыі. Галоўнай матывацыяй для мяне з'яўляецца жаданне данесці інфармацыю пра самыя розныя рэчы да шырокага кола людзей такім чынам, каб яна была дастаткова лёгкай у разуменні, уніфікаванай у афармленні, запісанай на беларускай мове. Я думаю, што кожны раздзел Вікіпедыі літаральна выхоўвае і сваіх чытачоў, і сваіх рэдактараў трымаць нейкі больш-менш высокі стандарт якасці выкладання публіцыстычнай інфармацыі – і гэта самая важная місія нашай працы».
Беларускае вікікам’юніці складаецца амаль з 145 000 чалавек. Актыўных карыстальнікаў(-ніц) сярод іх меней, але ў сярэднім каля 300 аўтараў(-ак) пішуць і рэдагуюць артыкулы амаль штодзённа. Зараз беларуская Вікіпедыя налічвае каля 245 000 артыкулаў афіцыйным правапісам і каля 87 000 – класічным. Для параўнання: у друкаванай Брытанскай энцыклапедыі – каля 120 000 артыкулаў, у Савецкай – каля 100 000, у Беларускай – каля 80 000.
Як стаць вікіпедыстам(-кай)?
Для гэтага трэба зайсці на сайт беларускай Вікіпедыі/Вікіпэдыі і для лепшай камунікацыі з супольнасцю зарэгістравацца.
Перад тым як пачаць шчыраваць над тэкстам, абавязкова прагледзь правілы, націснуўшы на «Даведку»: вось яна для афіцыйнага і класічнага правапісаў.
Калі ў цябе ёсць свая ідэя для артыкула – проста загуглі, ці няма ўжо такога матэрыялу у Вікіпедыі. А нават калі ёсць, раім усё адно прачытаць тэкст – магчыма, яго можна палепшыць, унесці праўкі.
Калі ідэй бракуе – не бяда: у Вікі ёсць раздзел з тэмамі, на якія можна напісаць артыкул, спасылку на яго знойдзеш у «Даведцы». Самае важнае – выкарыстоўвай якасныя крыніцы і пакідай на іх спасылкі. Вікіпедыю пішуць звычайныя людзі, таму спасылацца на яе ў навуковых працах лічыцца маветонам. Тым не менш аўдыторыя сайта ўсё адно вялікая, менавіта праз тое, што інфармацыя добра сістэматызаваная і падмацаваная крыніцамі.
«Галоўнай памылкай пачаткоўцаў у Вікіпедыі з’яўляецца амбіцыя адразу стварыць паўнавартасны артыкул, – адзначае Уладзіслаў Гарбацкі. – Збольшага гэта не ўдаецца ці артыкул атрымліваецца крывы, з хібамі, на што адразу рэагуюць адміністратар(-кі). У выніку ў пачаткоўцаў можа ўзнікнуць расчараванне. Замест гэтага я б раіў не ствараць адразу артыкул, а дапаўняць ужо існыя тэксты, выпраўляць абдрукі, памылкі, дадаваць крыніцы і падобнае. Варта пачаць з малога, што дазволіць паціху навытырыцца і потым будзе лягчэй ствараць артыкулы. Таксама памыляюцца тыя, на маю думку, хто не карыстаюцца “пясочніцай”, а адразу публікуюць напісаныя – часам маленькія, не па правілах, – тэксты».
«Пясочніца» – гэта старонка для эксперыментаў і даследавання функцыяналу Вікіпедыі. Паламаць тут нічога немагчыма, да таго ж «пясочніца» самаачышчаецца праз 24 гадзіны. Існуе яна на выбар – для «тарашкевіцы» і для «наркамаўкі».
Вікіпедыя – файны прыклад таго, як агульная сіла, акумуляваная з энергіі асобных энтузіастаў і энтузіастак, здольная рабіць свет больш асвечаным, а значыцца – лепшым. Кожны новы артыкул абавязкова знойдзе сваіх чытачоў і чытачак, дапаможа камусьці атрымаць адказы на свае пытанні, а магчыма, і дасць стымул, каб перадаваць веды далей ды дзяліцца ўласнымі адкрыццямі.