У Варшаве ладзіцца беларускі pop-up

У прасторы Erteqoob Warsaw адбудзецца Pop-Up Kupalle Edition, дзе можна будзе закупіцца дызайнерскімі вырабамі з беларускім характарам і патусавацца сярод беларускіх творцаў.

Наведнікаў і наведніц чакае атмасфера, у якой міксуюцца купальскія традыцыі і дух сучаснага горада. Абяцаюць сюрпрызы і «нешта асаблівае».

 

 

 Хто ўдзельнічае: 

  Kanva – брэнд, які даследуе беларускі культурны код і робіць спадчыну сэксуальнай, прадставіць новую калекцыю, натхнёную вобразам беларускай русалкі.

  Tsuda – брэнд канцэптуальнага адзення і аксэсуараў прадставіць новыя рэчы, зробленыя з вінтажных штор, а таксама айтэмы з мінулых калекцый па зніжаных коштах.

  Etika як заўсёды выбудуе дызайн-масток паміж традыцыйнымі беларускімі рамёствамі і сучаснай устойлівай модай.

  Speu Ziamli – гэта ручная кераміка, для якой характэрныя чысціня формы і крафтавая няроўнасць краёў.

  Katsuba – адзенне і аксэсуары, якія адлюстроўваюць імкненне дызайнеркі ператварыць рэальнасць у тэатральную пастаноўку, заадно выказваючы «не» гвалтоўным практыкам.

  Froufrou & loukoum – адзенне і аксэсуары, натхнёныя манастырскай і барочнай эстэтыкай, для тых, хто лепш пачуваліся б у іншых стагоддзях.

  Valiumhats – капелюшы ручной работы з фетру і саломы, спалучэнне традыцыйных тэхнік з сучаснымі моднымі трэндамі і функцыянальнасцю.

  89gradusov – керамічныя вырабы, падобныя на талісманы, якія дапамогуць супрацьстаяць цемры праз добрыя казачныя вобразы.

  Solar.Aniko – ювелірны праект з альтэрнатыўнай будучыні, дзе розныя рэчы атрымліваюць новае жыццё, ператвараючыся ў постапакаліптычныя артэфакты.

  Марыя Карняенка прапануе пярсцёнкі, якія дазваляюць вылучыцца з натоўпу і абазначыць свой настрой.

  Лена Штык умее зрабіць атмасфернай любую прастору, за якую возьмецца, і глыбокія веды пра расліны дапамагаюць ёй найперш.

  Міхась Мішук вядомы сваім стрыт-артам з вадалазамі.

  Анастасія Рыдлеўская не толькі спявае і стварае жывапіс, але вядомая таксама чароўнымі маскамі і ўпрыгожваннямі.

  Каця Ігнашэвіч – фатографка з пазнавальным стылем і філасофіяй.

  «Дом буслоў» – шоўрум пад куратарствам выбітнай беларускай дызайнеркі Вольгі Кардаш, які прадстаўляе слоўфэшан і прэміяльную прыгажосць.

 

Завітаць на беларускі поп-ап можна 20 чэрвеня з 15:00 да 21:00 па адрасе: Mikołaja Kopernika 5/4. Уваход вольны.

 

Фота: @hanna_shot / @kanva_kasciume; @tsuda_project