Мануал: як прыкормліваць птушак правільна?

Галоўныя эксперты па пярнатых у краіне – грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» – непакояцца, каб ты не пхаў(-ла) у сінічку абы-што і дзеліцца падрабязным мануалам па тэме птушынага прыкорму. Бонусам распавядаюць, дзе здабыць ці з чаго зрабіць кармушку.

 

 Дзе ўзяць кармушку і дзе яе павесіць? 
 
Кармушку можна набыць, напрыклад, у будаўнічай краме, а можна зрабіць яе сваімі рукамі з дрэва, фанеры, пластыкавай бутэлькі або нават з шышак – вось варыянты. Важна, каб дно кармушкі было з адтулінамі, адкуль будзе выцякаць лішняя вільгаць.
 
Вешаць кармушку трэба ў зацішным месцы, каб птушкам не даводзілася лішні раз стрэсаваць. Калі жывеш на высокім паверсе, лепш не вешаць кармушку за акном: птушкам давядзецца траціць занадта шмат энергіі, каб да яе даляцець, а ў выпадку небяспекі з боку драпежнікаў, яны не паспеюць схавацца. 

 

Што класці ў кармушку? 
 
Самы ўніверсальны корм для птушак – несалёныя нясмажаныя семкі сланечніку. Крупы такой папулярнасцю ў сініц не карыстаюцца. Разнастаіць меню можна насеннем рапсу, гарбузовымі семкамі, арахісам, кавалачкамі яблыка ды ягадамі. Калі хочаш зрабіць асаблівы падарунак для сініц і дзятлаў, прычапі на галінку кавалак несалёнага нясмажанага сала. Можна змяшаць растоплены свіны тлушч з насеннем і арахісам і запоўніць гэтай сумессю шышкі.

 

 Якая ежа шкодная птушкам? 
 
Ні ў якім разе не кармі птушак рэшткамі са свайго стала. Не кладзі нічога смажанага, печанага і салёнага. Хлеб – як чорны, так і белы, як свежы, так і сухі – непрыдатная ежа для птушак.

 

Ці трэба падкормліваць качак і лебедзяў? 
 
У вадаплаўных птушак ёсць слой тлушчу, які не дае ім змерзнуць. Таму частаваць іх варта толькі ў вялікія маразы, калі тэмпература трымаецца на ўзроўні ніжэй за 15 градусаў марозу. Лебедзям і качкам можна прапанаваць аўсяныя шматкі або крыху адвараныя зерне ці крупы, але не трэба даваць ім хлеб і батон: яны даюць адчуванне сытасці на кароткі час, аднак не маюць патрэбных птушкам карысных рэчываў. Можаш, дарэчы, дапамагчы АПБ з асветай, раздрукаваць плакат «Не кармі качак і лебедзяў хлебам» і распаўсюдзіць яго на раёне ці ў сацсетках.

 

Ці можна назіраць за птушкамі на кармушцы анлайн? 
 
Так, і гэта вельмі медытатыўны занятак. Кожную зіму сайт «Птушкі штодня» ладзіць стрым з птушыных сталовак у Белавежскай пушчы. У гэтым сезоне назіраць за кармушкай можна нават уначы. Птушак у цёмны час няма, але ёсць шанцы пабачыць звяроў (наша рэдактарка толькі ўключыла – і адразу трапіла на нейкую мыш). Колькасць відаў паступова будзе павялічвацца. Мяркуецца, што за сезон на кармушцы «засвецяцца» не менш за два дзясяткі відаў птушак.