Культурным ініцыятывам прапануюць дапамогу
- Рубрыка: УЛОЎ
- 06.05.2020
- 6291
Сацыякультурны праект Artonist абвесціў open call «SOS Culture». Сэнс задумы ў тым, каб аб’яднаць беларускія незалежныя культурныя інстытуцыі і разам трансфармавацца пад новыя, трывожныя рэаліі.
Для ўдзелу трэба найперш запоўніць заяўку, у якой адзначыць свае прыярытэтныя патрэбы, што патэнцыйна дазволяць пераадолець крызіс. Далей трэба дачакацца вынікаў адбору.
Крытэрыі адбору:
запрашаюць выключна незалежныя культурныя інстытуцыі і ініцыятывы Беларусі, якія не працуюць на атрыманне прыбытку;
гэта сацыяльна арыентаваныя суполкі, якія прытрымліваюцца такіх каштоўнасцей, як экападыход, інклюзія, захаванне правоў чалавека, гендарная роўнасць;
важна мець досвед супрацоўніцтва з іншымі сацыяльна-культурнымі ініцыятывамі ці НДА;
з парога скажуць «bye-bye» тым, хто дзейнічае афлайнава ў перыяд пандэміі.
Што прапануюць тым, хто адбярэцца:
анлайн-навучанне па стварэнні і прасоўванні дыгітальных прадуктаў ды паслуг;
юрыдычныя кансультацыі;
стварэнне анлайнавых калабаў;
іншую дапамогу па запыце.
Да праекта таксама могуць прылучыцца людзі, якія валодаюць ведамі, навыкамі ці рэсурсамі, што могуць быць карыснымі культурнай супольнасці для трансфармацыі ў анлайн. Жадаеш дапамагчы – пішы на artonist.org@gmail.com.