Архіў для большасці людзей уяўляецца нечым не вельмі цікавым і адарваным ад рэальнасці, схаваным пад тоўстым слоем пылу ў цёмных памяшканнях цагляных будынкаў без вокнаў. Але ж можна сказаць, што такое ўяўленне састарэла, і цяпер вядзе рэй «архіўная ліхаманка». Як працаваць з гэтай тэмай у мастацтве, чытай у даследаванні нашай кантрыбутаркі Лізы Каўцяк.
Тэрмін «архіўная ліхаманка» ўвёў французскі філосаф Жак Дэрыда, а ўслед за ім у фатаграфію – амерыканскі куратар нігерыйскага паходжання Акуі Энвезор. Ён абазначае менавіта тую апантанасць і энтузіязм, з якім мастакі з усяго свету ператрушваюць старыя куфры з бабулінай шафы і скупляюць чужыя здымкі на барахолках, каб стварыць з іх арт-праект. Аднак, па меркаванні спецыялістаў, недастаткова выкласці знойдзеныя фотаздымкі ў адным месцы, іх неабходна сістэматызаваць і прапісаць інфармацыю пра кожны артэфакт, для кіпы фота больш пасуе назва «калекцыя».
Праекты з выкарыстоўваннем архіўнай фатаграфіі сталі трэндам гадоў пяць таму, але гэта не першы раз, калі такія арт-праекты напоўніцу гучаць у свеце візуальных мастацтваў – мінулая хваля была ў 80-90- х. Пра ролю архіўнай фатаграфіі ў арт-прасторы 34mag пагутарыў з фотамастачкай Аленай Пратасевіч.
Алена Пратасевіч – фатографка, аўтарка фотаархіўных праектаў, даследчыца, зараз выкладае аўтарскі курс па архіўнай фатаграфіі ў Школе цэнтра фатаграфіі. Яе першае знаёмства з тэмай адбылося ў 2013 годзе, калі на праграме «Досвед Паўночных краін» піцерскага «ФотаДэпартамента» яна трапіла на варкшоп нідэрландскага фатографа Андрэі Стулціенс, якая працуе з фотаархівамі ва Угандзе і на іх аснове робіць уласныя праекты.
«Я была ў поўным захапленні! Не ведаю, што менавіта спрацавала: асоба выкладчыцы ці сам варкшоп, але я цалкам пагрузілася ў тэму. Наведвала майстар-класы, збірала арт-кнігі з архіўнымі праектамі і ў нейкі момант зразумела, што ў мяне дастаткова матэрыялу і ведаў, каб пачаць выкладаць», – кажа Алена.
Так з’явіўся невялікі курс, з якім яе запрашалі ў Школу фатаграфіі (Цэнтр фатаграфіі Аляксея Шынкарэнкі), у НЦСМ, Гістарычны музей і на лекцыі ў межах аўтарскага курсу Ягора Войнава. У праекце «Ідэальнае цела» Алена змясціла фотаздымкі, якія прадаваліся на e-bay з тэгам #perfectbody, каб лепей разумець, якія прыкметы робяць цела «ідэальным».
У фатаграфіі доўгая гісторыя намаганняў патрапіць на тэрыторыю арту: праз дакументальнасць у яе заўжды з гэтым былі праблемы. Мастацтва – гэта трансфармацыя ды інтэрпрэтацыя рэальнасці, а фота – дакладная копія. Што тычыцца архіўнай фатаграфіі, многія асацыююць яе менавіта з дакументальнай функцыяй – падаецца, што гэта толькі сведчанне мінулых падзей. Але калі мы трапляем на барахолку і набываем фотакартку, мы не ведаем нічога пра яе гісторыю, аўтара і тых, хто на гэтым здымку. У той момант, калі мы бярэм фотаздымак і пачынаем разглядаць яго, фота губляе ўсю дакументальнасць – становіцца нечым іншым.
«Магчыма, – дзеліцца ўласным адчуваннем Алена, – яна становіцца часткай нашай асабістай гісторыі ці гісторыі, якую мы жадаем расказаць гледачу. Вось тут і можа адбыцца гэтая трансфармацыя, якая выведзе здымак на тэрыторыю мастацтва, але пры гэтым не знішчыць першасную дакументальную функцыю архіва».
Архівы знаходзяцца рознымі спосабамі, але заўсёды ў гэтым паляванні на рэліквіі прысутнічаюць моманты ўдачы і чараўніцтва. Так, Тасіта Дзін, брытанская мастачка, стварыла свой культавы праект Floh, што на нямецкай значыць «блыха», для якога яна купляла старыя здымкі на барахолках Еўропы і Амерыкі. Гучыць даволі проста, але менавіта яе праект крытыкі назвалі лебядзінай песняй аналагавай фатаграфіі, бо ў яе атрымалася апісаць без адзінага слова цэлую эпоху, якую так шмат даследавалі і пра якую стварылі безліч кніг і артыкулаў.
Анастасія Маркелава набыла каробку з некалькімі сотнямі фотаздымкаў падчас свайго падарожжа на Шры-Ланку, пазней высветлілася, што гэта сямейны архіў багатай брытанскай арыстакратычнай сям’і Раст, чый дзед быў даволі вядомым фатографам. Анастасіі спатрэбілася некалькі гадоў, каб усвядоміць гэта, але ў выніку з’явіўся праект Please Return.
Андрэе Стулціенс, якая натхніла Алену на працу з гэтай тэмай, нехта прынёс архіў сямейнай пары толькі таму, што яна як фатограф зможа прыдумаць штосьці цікавае з гэтымі здымкамі, а пасля тое стала яе галоўнай тэмай. Так з’явіўся праект Komm, mein Mädchen, in die Berge («Пойдзем, дзяўчынка, у горы»).
Часта паўстаюць пытанні пра ролю аўтара ў архіўных праектах, бо самі яны не робяць здымкі, некаторых нават абвінавачваюць у тым, што яны жывуць не сваім жыццём, занадта занураюцца ў праект. «Я з гэтым катэгарычна не згодная: архіўнае фота – гэта матэрыял даследавання і стварэння ўласнага выказвання. Калі працуеш з чужым архівам, становішся куратарам, які стварае асабісты міф. І гэты міф з’яўляецца мастацкім творам, а архіў – проста матэрыял, як гліна ці фарбы».
Як можна працаваць з архіўнымі фотаздымкамі?
Адзін з самых распаўсюджаных спосабаў працы з дакументальным матэрыялам – выкарыстаць здымкі з архіва ў арт-праекце. Гэта нават можа быць толькі адзін фотаздымак, які створыць кантраст паміж сучаснасцю і мінулым і дадасць новае гучанне праекту.
Іншы шлях – знайсці дзе-небудзь (напрыклад, у закінутым доме) альбом з фоткамі і пагрузіць яго ў іншы дыскурс. Такі падыход больш пасуе для востра палітычных, сацыяльных і нацыянальных праектаў, калі праз звычайныя фотакарткі падгулялых сваякоў з юбілеяў паказваецца жыццё цэлага пакалення людзей.
«Калі працуеш з чужым архівам, становішся куратарам, які стварае асабісты міф. І гэты міф з’яўляецца мастацкім творам, а архіў – проста матэрыял, як гліна ці фарбы»
Выяву таксама можна змяняць. З дапамогай тэхнікі пераздыму і кадравання можна стварыць новую аўтэнтычную выяву, якая падкрэсліць сэнсы і сімвалы аўтара як даследчыка. Частка здымка асобна ад цэлай карткі можа расказаць больш пра тое, аб чым фотаздымак сведчыць, і можа стаць новым арт-аб’ектам з уласным сімвалізмам.
Мажліва, самы цікавы і кінематаграфічны падыход – стварэнне новых гісторый з элементаў розных архіваў. Гэта своеасаблівы калаж сэнсаў, які перадае новыя прыдуманыя гісторыі, выкарыстоўвае фатаграфіі рэальных месцаў і людзей, пазбаўляе іх сваёй ідэнтычнасці, каб выпусціць у рэальнасць фантазмы аўтара.
Аўтары фота: Yasmine Eid-Sabbagh and Rozenn Quéré «Possible and Imaginary Lives», Алена Пратасевіч «Ідэальнае цела», Анастасія Маркелава «Please return», Сяргей Кажамякін «Дзіцячы альбом», Andrea Stultiens «Komm, mein Mädchen, in die Berge»
Мастак з Маладзечна «крыжуе» расліны з целам чалавека. А ты там чым займаешся?
Выбралі 5 беларускіх віджэяў, каб на іхным прыкладзе разабрацца, чым займаюцца людзі гэтай прафесіі.
Калабарацыя дызайнера і басіста Super Besse Сашы Сініцы з французскім брэндам вулічнай вопраткі Sixpack France – мінімалізм, постапакаліпсіс і таблеткі для выжывання.
1 красавіка гурт адзначае не жартам, а рэлізам.
Сугучча беларускай культуры і культуры вулічнай.
Распавядзі сябрам-музыкам пра такую магчымасць.