Як трапіць на замежны шоукейс-фестываль?

  • 19.08.2016
  • Аўтар: 34mag
  • 9336

Усё часцей і часцей у сеціве мільгае інфармацыя пра ўдзел беларускіх музыкантаў у еўрапейскіх фестывалях. Традыцыйна вясной бачна некалькі імёнаў на Tallinn Music Week, тры разы ў лайнап латышскага Positivus траплялі Super Besse. Сёлета – на буйны нямецкі фэст Reeperbahn Festival упершыню выпраўляецца цэлы пул беларускіх артыстаў. Як прабівацца на такія імпрэзы маладняку? Дзмітрый Безкаравайны, кіраўнік музычнага парталу Experty.by, адказвае на актуальнае пытанне.

 

Дзмітрый Безкаравайны – музычны журналіст, калісьці працаваў у «Музыкальнай газеце» і «БелГазеце». З 2008 года  – кіраўнік праекту Experty.by. Актыўна прасоўвае беларускую музыку як унутры краіны, так і за яе межамі.

 

 

 

 

Што такое шоукейс-фестываль?

Галоўны элемент – гэта вечаровыя канцэрты ў клубах, часцей за ўсё невялікіх. Артысты выступаюць, а спецыялісты, якія прыехалі на фэст, глядзяць іх разам са звычайнай мясцовай публікай. Сярод спецыялістаў – прадстаўнікі фестываляў, лэйблаў, агенты, журналісты з розных краін, да якіх дастукацца ў іншых умовах вельмі складана. Калі спадабалася, то абавязкова падыдуць і спытаюць кантакт. Можа, паклічуць на свой фэст. Ці напішуць пра цябе ў артыкуле. Гарантыі няма, але гэта добры спосаб атрымаць цалкам іншы вопыт і адэкватную зваротную сувязь.

Можна і самастойна да каго заўгодна падыходзіць, даваць дыскі, знаёміцца, але гэта лепш рабіць днём у рамках прафесійнай канферэнцыі, якая праходзіць на кожным такім фестывалі. Ці можна проста ў якасці гледача прыязджаць у той жа Талін ці Вільню – таксама цікавы вопыт. Звычайна прадаецца бранзалет на ўсе канцэрты.

 

Як музыкам трапіць на такі фестываль?

Першае, што трэба ад артыста, – гэта падаць заяўку. Звычайна заявачная кампанія стартуе прыкладна за паўгода да фэсту. Па фестывалях найбольш блізкіх геаграфічна і аптымальных па ўмовах мы даем інфармацыю на сайце і робім рассылку па медыя. Як правіла, гэта анлайн-форма на сайце арганізатара, якую трэба запоўніць. Бывае, што трэба рэгістравацца праз які-небудзь букінгавы сэрвіс кшталту Gigmit (Еўропа) або Musicmama (Расія). Кароткая біяграфія, фота, спасылкі на відэа і сацсеткі. Увогуле нічога складанага. Потым за пару месяцаў да фэсту адабраныя артысты атрымліваюць мэйл ад арганізатараў, пацвярджаюць свой удзел, і толькі тады іх абвяшчаюць. Калі ты не прайшоў, то абавязкова падавайся на наступны год: чорных спісаў і дошак ганьбы для «незалічаных» на фестывалях няма.

 

 

 

 

 

 

 

Ці аплачваюць музыкам дарогу, пражыванне і ганарар?

У рамках такіх фестываляў артыстам максімум прадастаўляюць пражыванне і харчаванне на дзень выступу, а таксама даюць апарат з бэклайнам [гукавое абсталяванне на сцэне – 34mag]. Гэта вельмі добрыя ўмовы. Большасць шоукейс-фэстаў, асабліва ў Заходняй і Цэнтральнай Еўропе, Скандынавіі, не даюць нічога, а там адзін толькі бэклайн можа каштаваць € 200. Разумеючы эканамічныя рэаліі беларускіх артыстаў, мы працуем з тымі мерапрыемствамі, якія знаходзяцца адносна блізка і / або даюць беларускім артыстам аптымальныя ўмовы.

 

Якія беларускія музыканты ўжо ездзілі на фестывалі-шоукейсы?

Усяго каля 30 артыстаў, прычым прыкладна напалову ў Еўропу і Расію. Спісы музыкаў у гэтых кірунках слаба перасякаюцца, таму што і густы на тых рынках розныя, і імкненні саміх артыстаў. Еўрапейцы часцей за ўсё запрашалі Super Besse (6 фестываляў) і Mustelide (5 фестываляў). Па тры разы выбіралі Teleport, Deech, Alexei De Bronhe. У Расіі было пакуль два фестывалі пры нашай падтрымцы – Moscow Music Week 2015 і Colisium Music Week 2015 – два разы ездзілі Nizkiz. Наколькі я ведаю, у верасні на Moscow Music Week 2016 паедзе Mustelide ўжо ў самастойным рэжыме, гэта таксама будзе другі для яе фэст на гэтым напрамку.

Якая практычная карысць ад шоукейс-фестываляў?

У Еўропе прынята лічыць, што калі з шоукейса ты прывёз хоць бы адно запрашэнне на наступнае мерапрыемства, то ўжо не дарэмна з’ездзіў. То-бок логіка шоукейсаў – не «адразу ў дамкі», а «эфект снежнага кома». Super Besse пасля першага шоукейса паехалі на буйны фестываль Positivus з хэдлайнерамі Kraftwerk, Elbow, The Kooks, дзе ніхто з беларусаў не выступаў. Адтуль жа іх узялі на Vilnius Music Week, дзе яны атрымалі выдатныя водгукі ад англійскага журналіста Джона Роба і запрашэнне на буйны фестываль Europavox у Францыі, . І гэтак далей. У выніку Super Besse выпусцілі альбом на еўрапейскім лэйбле, рэгулярна граюць на вялікіх і малых фестывалях у краінах Балтыі, у іх ёсць букер у Францыі, які ў лютым ім зрабіў паспяховы тур, ідзе далейшае развіццё праекту.

Ёсць прыклады і з іншай логікай – «Петля Пристрастия» з'ездзіла на шоукейс-фэст толькі адзін раз. Гэта быў Tallinn Music Week у 2014-м. Туды іх выбралі арганізатары эстонскага фестывалю Manka Boutique Pop, якія курыравалі адзін з канцэртных шоукейсаў. Паглядзелі выступленне – паклікалі на свой фэст летам, потым яшчэ на нейкі канцэрт. У выніку прайшло два гады, а кантакт дагэтуль актыўны і працуе на музыкаў – гэтым летам на Manka Boutique Pop ездзіла ўжо «Кассиопея», дзе таксама спявае Чарапко.

Можна прывесці паспяховыя прыклады і іншых музыкаў. Хоць ёсць і тыя, хто з'ездзіў, але нічога не атрымаў, акрамя досведу. Дастаткова гэтага ці не? Кожны вырашае сам.

 

 

 

Максім Кульша, саліст Super Besse:

Удзел у шоукейс-фэстах – гэта добрая магчымасць зацікавіць сваёй творчасцю не толькі звычайнага слухача, але і прафесіяналаў са свету музыкі, знайсці букінг-агентаў, лэйблы. Звычайныя email-лісты такім людзям з прапановай папрацаваць разам мала што прыносяць: на іх могуць нават не адказаць, а на шоукейс-фэстывалі букеры і лэйблы самі шукаюць цікавых музыкаў. Магу параіць маладым артыстам за дзень-два да выступлення прыняць удзел у канферэнцыі, якая амаль заўсёды бывае на такіх мерапрыемствах, і пазнаёміцца з вялікай колькасцю людзей, расказаць ім пра сваю музыку і запрасіць на канцэрт.

 

 

 

 

Як музыкантам-пачаткоўцам рыхтавацца да шоукейс-фестываляў?

Калі вас абралі, то перш за ўсё трэба добра адрэпетаваць 30-хвілінную праграму. Да выступу ў вас будзе 15 хвілін на падключэнне і line check. Не павінна быць ніякіх затрымак, беганіны пасярод выступу ў грымёрку і гэтак далей. Прычым са сцэны вас папросяць роўна па графіку незалежна ад вашага спазнення. Калі вы будзеце несабраныя і не ў лепшай форме, то можна было не ехаць. Выступ – гэта самае галоўнае.

Пры складанні праграмы важна ўлічваць, што большасць дэлегатаў глядзіць 2-3 песні і бяжыць на іншую сцэну, таму што на фестывалях яны працуюць паралельна. У тым жа Таліне больш за 20 вечаровых сцэн. Таму праграма павінна быць раўнацэннай, у любы момант паказваць вашыя моцныя бакі – без нейкіх адступленняў дзеля драматургічнага шыку.

Таксама варта падумаць пра прома. Можна напісаць кароткі ліст-запрашэнне на ангельскай з парай спасылак на відэа-аўдыё і прыкладна за тыдзень разаслаць яго па базе дэлегатаў, доступ да якой арганізатары даюць усім артыстам. Акрамя гэтага менеджар можа прыехаць на фестываль на дзень раней, пазнаёміцца з патрэбнымі людзьмі на канферэнцыях і канцэртах, пазапрашаць – гэта найбольш эфектыўны варыянт. Там усе адкрытыя для камунікацыі.

Па лініі «Экспертаў» мы максімальна дапамагаем па прома беларускім артыстам: робім рассылку па беларускіх выступоўцах на фестывалі, робім агульную беларускую сустрэчу на Facebook, запрашаем дэлегатаў у прыватных гутарках. Натуральна, дапамагае тое, што нас ужо ведаюць пасля пяці гадоў паездак на розныя фестывалі. Некалькі гадоў таму размова будавалася злёгку ў пагардлівым тоне: «Ты з Беларусі? Я ніколі не чуў ніводнай беларускай групы. Ёсць хоць адна вартая?» Цяпер, дзякуючы поспехам Super Besse і Mustelide, усе прамаўляюць назву нашай краіны з павагай і цікавяцца новымі праектамі.

 

 

 

 

 

 

Дзмітрый Мартынчык aka Deech:

Па-першае, удзел дае прафесійны вопыт. Даведаешся, як працуе каманда арганізатараў фестывалю, у чым адрозненні ад правядзення нашых івэнтаў, якія перавагі ў тамтэйшай публікі. Па-другое, атрымліваеш новыя кантакты. У любым шоукейсе, акрамя цябе, удзельнічае яшчэ з пяток-дзясятак артыстаў, якія працуюць у сумежным кірунку. Выдатная магчымасць навесці канэкт, не кажучы ўжо пра пастаянную прысутнасць букінг- і A&R агентаў. Па-трэцяе, новыя веды. Тэматычныя канферэнцыі пра музычны бізнэс і прамоўшынг артыстаў суправаджаюць любы шоукейс, аналагаў ім у Беларусі пакуль няма. Для ўдзелу неабходна проста адказна падысці да падачы заяўкі. Усё павінна быць на месцы. Ад базавых рэчаў, накшталт райдара і прэс-фота, да максімальнай бачнасці ў інтэрнэце: профілі ў Facebook, Soundcloud, Twitter і г.д.

 

 

 

 

 

 

Бліжэйшыя шоукейсы з удзелам беларускіх артыстаў (падача ўжо зачынена):

 

2-3 верасня. What’s Next In Music у Вільні (пераемнік Vilnius Music Week).

Прыём заявак быў з пачатку чэрвеня па 1 жніўня, даюць пражыванне, харчаванне, апаратуру. З артыста толькі транспарт. Прыйшло каля 70 заявак з Беларусі. Арганізатары выбралі Teleport, Take The Cookies, Triangle. Я б рэкамендаваў паехаць туды, проста каб паглядзець. У параўнанні з іншымі, гэта фестываль маленькі: шоўкейсавыя артысты выступаюць на 2-3 сцэнах, замежных дэлегатаў некалькі дзясяткаў. Але затое тут усе дэлегаты бачаць усіх артыстаў, з імі прасцей кантактаваць, што амаль заўжды дае вынікі. Тым больш што на той жа пляцоўцы будзе праходзіць Loftas Fest, у якім прымаюць удзел Daughter (Вялікабрытанія), Gesaffelstein (Францыя) і іншыя вядомыя артысты.

 

20-23 верасня. Reeperbahn Festival у Гамбургу.

Адзін з трох найбуйнейшых шоукейс-фэстаў Еўропы, галоўны ў Германіі. 70 клубных і адкрытых пляцовак у Гамбургу, у ім прымае ўдзел больш за 400 артыстаў. Сёлета беларусы там будуць упершыню. Але гэта фестываль іншага ўзроўню: сюды бяруць толькі тых, хто ўжо выступаў на еўрапейскіх шоукейс-фэстах. Са спісу такіх беларускіх удзельнікаў яны выбралі Super Besse, Mustelide, Teleport, Deech, Alexei De Bronhe, і тое не ў агульную праграму, а толькі ў рамках асобнага беларускага шоукейса. Тут усё платна і дорага, таму, скажу шчыра, нічога б не атрымалася без прамога ўдзелу менскага Інстытута імя Гётэ.

 

 
Бліжэйшыя па тэрмінах падачы шоукейс-фестывалі:

 

1-3 лютага. MENT у Любляне.

Да 5 верасня можна падаць на MENT Ljubljana, які пройдзе ў Славеніі 1-3 лютага. Акрамя пражывання, харчавання і абсталявання, яны даюць 200 еўра на дарогу, што вельмі нядрэнна. Усяго там менш за 10 сцэн, але ізноў – гэта плюс. Якасна зроблены фестываль з талковымі і значнымі дэлегатамі з Еўропы, да якіх на такім мерапрыемстве прасцей дабрацца, чым на фестывалях буйнейшых.

 

31 сакавіка – 2 красавіка. Tallinn Music Week у Таліне.

З 1 верасня па 1 лістапада ідзе падача на Tallinn Music Week, канцэртная частка якога пройдзе з 31 сакавіка па 2 красавіка 2017-га. Гэта ўжо буйны фестываль з добрай рэпутацыяй у Заходняй і Цэнтральнай Еўропе, сотнямі дэлегатаў адтуль, а таксама з Усходняй Еўропы, але яшчэ не такі гіганцкі і камерцыйны, як Reeperbahn. Шанец быць заўважаным ёсць у любога артыста, які трапляе ў лайнап. 3 дні, каля 30 сцэн, большасць з якіх знаходзяцца ва ўстановах старога горада. Для наведнікаў, акрамя музыкі, арт-праграма і праграма рэстаранаў. У гэтыя ж дні праходзіць фестываль крафтавага піва. Вельмі рэкамендую і падаць заяўку, і з'ездзіць у якасці гледача. Квіток на ўсе дні і ўсе канцэрты да 1 лістапада каштуе € 40.

 

Фота by palasatka & Rytis Seskaitis