«Калі і ехаць у Талін ды Эстонію – дык менавіта падчас Tallinn Music Week, гэта адназначна самыя лепшыя дні за год у гэтым горадзе, – кажа мая эстонская сяброўка Біргіт, якая цяпер жыве ў Стакгольме. – Учора тут круціў пласцінкі наш прэзідэнт. Цікава было даведацца пра ягоны густ. Гэты раз для мяне першы, калі я тут не ў якасці ўдзельніцы, а проста як глядачка. Раней я выступала тут з гуртом Tallinn Daggers».
Разам з festival pass я атрымліваю на рукі цяжкі фаліянт – кніжку з апісаннем гуртоў і праграмаю на ўвесь тыдзень. З кожным годам таймтэйбл фэсту робіцца настолькі заблытаны і складаны, а гуртоў становіцца ўсё болей і болей, што даводзіцца па 5 хвілінаў вышукваць жаданы гурт, час і пляцоўку ў праграме. Пазначаю 5 абавязковых для сябе пунктаў з некалькіх сотняў – астатняе пакідаю на выбар сяброў-музыкаў, давяраючы іхнаму густу і абазнанасці пляцовак.
TMW – фестываль, які пачынаўся ў 2009 годзе з ідэі прамоцыі маладой эстонскай музыкі і даволі хутка перарос у магутную стартавую пляцоўку шмат для якіх музыкаў не толькі з Эстоніі, але таксама і з іншых суседніх ці нават больш далёкіх краінаў.
Музычная праграма ўключае ў сябе Festival Stage і City Stage. Фестывальная праграма ў асноўным вечаровая і начная. Канцэрты ў клубах, канцэртавых залах, старым кінатэатры Soprus (нешта накшталт нашага кінатэатру «Перамога»), а таксама рэйвы ў Lennusadam – вялізным ангары марскога музею з субмарынаю ў цэнтры.
Фестывальную праграму ўдзень перахоплівае City Stage – кожная маленькая кавярня і крамка спрабуе зарганізаваць свае канцэрты і выступы дыджэяў. У парку на ўваходзе ў стары горад бачу вялікі натоўп – час выступу маладой эстонскай электроннай поп-зоркі NOEP. Некалькі канцыкаў адначасова адбываецца ў хіпста-раёне вуліцы Telliskivi – талінскага братка менскай вуліцы Кастрычніцкая. У байк-шопе грае наш літоўскі сябар Deep Shoq, а побач, у офісе Velvet Design Agency, адной з самых эфектных пляцовак гарадской праграмы, дае канцэрт Me And My Drummer з Берліну.
Збіраецца вялізны натоўп, мы назіраем за выступам з другога паверху, уціснуўшыся ў мяккія офісныя фатэлі ды прымерваючы на сябе фэнсі-офіс дызайн-агенцтва. Перавага дзённай гарадской праграмы ў тым, што яна бясплатная. Сустракаю яшчэ аднаго знаёмага. Вечаровую праграму Ханнэс байкатуе. На маё пытанне, чаму, адказвае, што не згодны з пазіцыяй фестывалю не плаціць музыкам за выступ. Рацыя, безумоўна, у ягоных словах ёсць.
Але ўсё ж большасць маладых музыкаў стараюцца браць удзел у фестывалі. Адна з прычынаў палягае ў тым, што сярод гасцей Таліну – шматлікія дэлегаты, прадстаўнікі лэйблаў і кампаніяў гуказапісу, арганізатары фестываляў… То бок нават калі на твой канцэрт прыйшло 25 чалавек – вялікая імавернасць таго, што сярод іх акажуцца тыя 5, якія зарганізуюць табе ўдзел у фестывалях мары ці дапамогуць выдаць новы альбом, а астатнія акажуцца журналістамі, якія пра цябе напішуць. Да таго ж, хто ведае, з кім вы вып’еце па шоце ў бары і вырашыце запісаць супольныя трэкі? Гісторыя поспеху нашых Super Besse пачыналася таксама падобным чынам і менавіта на TMW.
Свята музыкі плаўна пераходзіць у фэст крафтавага піва і дызайн-маркет у індустрыйнай пляцоўцы Kultuurikatel – будынку старой электрастанцыі, дзе калісьці здымалі «Сталкера», а цяпер месціцца крэатыўны хаб. Ловім сябе на думцы, што ўсе дызайн-маркеты свету выглядаюць аднолькава, але я ўсё ж не магу ўтрымацца і набываю талерку ад таленавітых эстонскіх керамістаў. Мае эстонскія сябры бадзяюцца па маркеце і купляюць абноўкі. Хутка ім на паром да Стакгольму. Пасля TMW яны прызнаюцца, што Швецыя – добра, але яны збіраюцца давучыцца музычнаму менеджменту і запачаткаваць сваю справу ў родным Таліне, каб працягнуць пачынанні фестывалю і заняць вольныя нішы, якія ў скандынаўскіх краінах даўно занятыя.
Магілёўскі рок-гурт Nizkiz сабраў поўны Re:Public – зафіксавалі гістарычную падзею.
Галоўныя тусоўкі мінулых выходных – «Бассота на гараже» і «Мечта 007» – у нашым атмасферным фотарэпорце.
Фотарэпорт з галоўнага электра-рокавага івэнта гэтага тыдня – генеральнага канцэрта гурта The Glitchhh.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.